Апошнія дні кастрычніка. Надвор’е ўсё больш нагадвае спаборніцтва двух адвечных сапернікаў. Восень супрацьстаіць зіме, і калі першая пакуль яшчэ адважна змагаецца, другая пакуль не набралася моцы, каб перамагчы. Сіноптыкі прадказваюць недалёкую перамогу, але тэмпературны лік упартага спаборніцтва трымаецца на адзнацы 0:0.
Нуль градусаў на тэрмометры — гэта тое, што мы цяпер бачым найчасцей. А вось як выглядаюць у гэты час вуліцы Мінска — расказваюць фотаздымкі. Фотаапарат «занатаваў» некалькі характэрных момантаў супрацьстаяння восені і зімы: халодныя туманы з берагоў Свіслачы наплываюць у засынаючыя паркі, на выключаных перад маразамі фантанах зіхацяць электрагірлянды, паўсюль бачныя першыя навагоднія інсталяцыі (дарэчы, у прасторным памяшканні галерэі пасялілася самая высокая ў Мінску Снежная Каралева). Першы кастрычніцкі снег часам паціху адступае і апошнія асеннія лужыны становяцца першым зімовым галалёдам.
Спаборніцтва восені і зімы працягваецца, але яго выніковы лік усім нам ужо вядомы. Можна вітаць пераможцу зіму і дзякаваць восені за прыгажосць яе краявідаў.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара