19 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрыўся выставачны праект «Запаведны напеў». У экспазіцыі прадстаўлена беларускае мастацкае шкло.
— Часовая экспазіцыя «Запаведны напеў» запрашае гледача ў прастору беларускага мастацкага шкла, прысвечанага расліннаму і жывёльнаму свету Рэспублікі Беларусь. У праекце прадстаўлена каля сарака твораў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, створаных на шклозаводзе «Нёман» і Барысаўскім хрустальным заводзе імя Ф. Э. Дзяржынскага ў 1960—2000-х гадах, такімі мастакамі, як заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Уладзімір Мурахвер, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Людміла Мягкова, Таццяна Арцёмава, Пётр Арцёмаў, Валянціна Дзівінская, Уладзімір Жохаў, Галіна Ісаевіч, Таццяна Малышава і іншымі, — расказала куратар выставы Марыя Шугалей. — Часовая экспазіцыя «Запаведны напеў» — гэта гутарка з гледачом аб далікатнасці прыроды, нацыянальнай ідэнтычнасці, аб тым, як глыбока мастацтва здольна адлюстраваць душу роднага краю. Праект ажыццёўлены пры садзейнічанні ДНВА «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах» і галерэі пахаў «НОС».
Выстава будзе працаваць да 10 студзеня.
Віктар Іванчыкаў
Фота: Віктар Іванчыкаў