Top.Mail.Ru

Як у Акадэміі МУС вясну сустракалі

468
23.03.2025 | 09:32

Суботні вечар 22 сакавіка для курсантаў Акадэміі міністэрства ўнутраных спраў і студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў запомніцца яркай падзеяй. Для іх зладзілі вясновы баль. Маладыя людзі кружылі пад гукі класічнай музыкі ў вальсе, кадрылі, паланэзе... Карэспандэнты «Звязды» таксама наведалі яркае мерапрыемства, а што ўбачылі — чытайце і глядзіце ў нашым матэрыяле.

Раней падобныя мерапрыемствы ў Акадэміі не праводзіліся. Таму і да арганізацыі першага балю падышлі з усёй сур’ёзнасцю. На падрыхтоўку да ўрачыстай падзеі спатрэбілася каля месяца, на працягу якога хлопцы і дзяўчаты пад кіраўніцтвам балетмайстраў БДУКМ старанна рэпеціравалі класічныя танцы. Музычнае суправаджэнне да іх было падабрана гістарычна дакладнае. І нават дата не выпадковая: баль вырашылі правесці неўзабаве пасля вясновага раўнадзенства і сонцастаяння, адсвяткаваўшы тым самым свята вясны.

Дарэчы, удзел у ім стаў узнагародай для тых маладых людзей, якія актыўна праяўлялі сябе ў грамадскім, навуковым, творчым або спартыўным жыцці сваіх ВНУ:

— Рэпетыцыі былі для мяне магчымасцю адцягнуцца ад заняткаў, штодзённай руціны. Даўно хацелася навучыцца чамусьці новаму, ды і ў працэсе я атрымаў безліч станоўчых эмоцый, — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства курсант Акадэміі МУС Андрэй Сарокін. — Асабліва спадабалася танцаваць вальс. І, вядома, заводзіць новыя знаёмствы.

За час падрыхтоўкі да мерапрыемства курсанты добра пасябравалі са сваімі партнёркамі. У выніку хлопцы паспяхова прадэманстравалі выдатную дысцыпліну, а дзяўчаты — зграбнасць і элегантнасць. Таленты моладзі адзначыла намеснік начальніка Акадэміі МУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, палкоўнік міліцыі Маргарыта Анюхоўская:

— Баль стаў адлюстраваннем імкнення нашых хлопцаў да гармоніі паміж службай і духоўным развіццём, паміж абавязкам і прыгажосцю. Бо гэта не проста свята вясны, а сімвал адзінства традыцый, культуры і прафесіяналізму. Асаблівую падзяку хочацца выказаць усім тым, хто прыняў удзел у арганізацыі гэтай цудоўнай падзеі, у тым ліку Мінскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання «БРСМ». Імкненне зрабіць гэтае мерапрыемства незабыўным адназначна дало свой плён.

Цэнтральная падзея вечара — пяць танцаў. Адкрыў баль паланэз, стаўшы данінай павагі да гісторыі і класічнага мастацтва. Рухі вальса падкрэслілі вытанчанасць і грацыю пар, як і наступны за ім шапалуаз. Полька дадала ноткі лёгкасці і весялосці, прымусіўшы гледачоў усміхацца і гучна апладзіраваць. А яркім фінальным акордам класічнай часткі мерапрыемства стала паўночная кадрыля. У перапынках паміж танцавальнымі па гледачы атрымлівалі асалоду ад музычных нумароў салістаў творчай ВНУ.

Вясновы баль Акадэміі МУС паказаў: і ў сценах навучальнай установы для будучых абаронцаў правапарадку ёсць месца для прыгажосці танцу і натхнення. Застаецца спадзявацца, што гэтая цудоўная традыцыя будзе працягвацца. І штогод атмасфера свята і новыя знаёмствы аб’яднаюць яшчэ шмат маладых і талентавітых людзей.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Віктара Іванчыкава

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю