Top.Mail.Ru

Японскія робаты-сябры і «разумныя» заводы: пасол расказаў пра тэхналагічны цуд краіны Узыходзячага Сонца

991
11.09.2025 | 19:21

У Мінску ў рамках клуба «Дыялог з Паслом» адбылася сустрэча, прысвечаная інавацыйнаму шляху Японіі і яе погляду на будучыню робататэхнікі.

Чрезвычайны і Паўнамоцны Пасол Японіі ў Беларусі Хіраюкі Ямамота стаў спікерам сустрэчы ў клубе «Дыялог з Паслом». Ключавой тэмай стала размова пра перадавыя тэхналогіі Японіі, асаблівы акцэнт быў зроблены на філасофіі і дасягненнях у галіне робататэхнікі.

Пасол падкрэсліў, што ў японскай культуры робаты традыцыйна ўспрымаюцца не як пагроза, а як дапаможнікі і сябры чалавека. Гэты падыход, адрозны ад еўрапейскага, знайшоў увасабленне ў знакамітых праектах: сабачка AIBO, якая спявае і танчыць, робат LOVOT, створаны для абдымкаў, і тэрапеўтычны робат-цюлень PARO, унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Менавіта такая філасофія «робат-партнёр» з’яўляецца адным з галоўных рухавікоў прагрэсу.

Японія — сусветны лідар у прамысловай робататэхніцы, выпускаючы 46% сусветнага аб’ёму. У 2022 годзе ў краіне было ўведзена ў эксплуатацыю больш за 50 тысяч новых робатаў. Вяршыняй «бязлюднай вытворчасці» стаў завод кампаніі FANUC.

Таксама спікер расказаў пра навуковыя дасягненні: ад легендарнага робата ASIMO, які можа бегаць з хуткасцю да 9 км/г, да перспектыўных распрацовак на стыке штучнага інтэлекту і робататэхнікі. Японія застаецца глабальным тэхналагічным донарам у мікраэлектроніцы, біятэхналогіях, энергетыцы, транспарце і касмічнай галіне: добры прыклад — хуткасныя сінкансэны і распрацоўкі лятаючых аўтамабіляў.

Асаблівая ўвага была нададзена беларуска-японскаму супрацоўніцтву, у тым ліку і ўзаемнай дапамозе падчас ліквідацыі наступстваў катастроф на Чарнобыльскай АЭС і Фукусіме.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ, 

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю