Top.Mail.Ru

Яркія моманты акцыі «Разам працуем, разам спяваем!» на Мінскім электратэхнічным заводзе імя В. І. Казлова

496
22.01.2025 | 15:27

Акцыя «Разам працуем, разам спяваем!» прайшла ў Мінскім электратэхнічным заводзе імя В. І. Казлова. Яркія эмоцыі, запальная музыка і памятныя падарункі для самых актыўных удзельнікаў акцыі... Усё гэта было. Але — па парадку.

Прадпрыемства разам з усёй сталіцай пагрузіліся ў святочную атмасферу «Марафона адзінства». У гэты дзень музычныя віншаванні работнікам прадпрыемства падарылі розныя беларускія артысты, сярод якіх фальклорны гурт «Купалінка», Гюнэш, Ірына Дарафеева, салістка Вялікага тэатра Марта Данусевіч і іншыя.

— Як выдатна, што наш завод стаў адной з пляцовак «Марафону адзінства». Гэта сведчыць аб вялікай павазе да чалавека працы. Леташні год для нашага прадпрыемства вызначыўся тым, што мы выпусцілі рэкордную колькасць прадукцыі. Мы эфектыўна працуем, паспяхова развіваемся, маем дастойную заработную плату. Ужо сёння мы ўзялі старт на новы рэкорд, і такія акцыі, як «Марафон адзінства», надаюць энергіі і натхняюць на новыя здзяйсненні. У адзінстве сіла ў адзінстве, поспех у адзінстве — будучыня, — заявіў перад пачаткам канцэрта генеральны дырэктар Аляксандр Радзевіч.

А потым грымнула музыка. Канцэртная праграма нікога не пакінула абыякавым. Завадчане розных узростаў пускаліся ў скокі і з задавальненнем удзельнічалі ў інтэрактыўнай праграме.

Нашу ўвагу прыцягнула выпрабавальнік Анжаліка Вахцэнак, якая запальна танчыла з артыстамі фальклорнага гурта «Купалінка».

— Шчаслівая, што патрапіла на гэты канцэрт. Я вельмі актыўны чалавек па жыцці і такія музычныя падарункі мне вельмі даспадобы! — падзялілася яна.

У сваю чаргу майстар участку аддзела сацыяльнага развіцця Аксана Калініна, якая таксама была адной з самых актыўных удзельніц мерапрыемства дадала, што. такія акцыі вельмі аб’ядноўваюць.

— Людзі атрымліваюць добрыя эмоцыі на ўвесь дзень, а, можа быць, і на тыдзень. Яны з задавальненнем будуць падыходзіць да станкоў і працаваць, — заключыла яна.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю