Top.Mail.Ru

Заслаўе расквітнела сяброўствам: «Вянок сяброўства» сабраў беларусаў і малдаван у адзінаццаты раз

1607
02.11.2025 | 11:28

Старажытны беларускі горад Заслаўе, атулены атмасферай цёплага і душэўнага свята, напоўніўся яркімі фарбамі, мелодыямі, якія прывезлі з сабой госці.

Фестываль стаў пляцоўкай для абмену культурнымі здабыткамі, дэманстрацыі народных рамёстваў, музычных і танцавальных выступленняў. Ахвотныя маглі паспрабаваць мамалыгу — своеасаблівую кукурузную кашу, якую малдаване лічаць за свой хлеб.

Разам з тым галоўнае — фестываль падарыў магчымасць людзям з розных краін адчуць сябе адзіным цэлым, раздзяліць радасць сумесных адносін, умацаваць сяброўства, якое звязвае беларусаў і малдаван.

Як сказаў старшыня таварыства дружбы «Беларусь — Малдова» Віктар Сарачан, у Беларусі жыве каля пяці тысяч яго суайчыннікаў, для якіх наша краіна стала родным домам, дзе ўтульна і камфортна.

Гісторыя свята пачыналася на падворку энтузіяста Васіля Семянюка ў вёсцы Баравікі Дзяржынскага раёна. Гасцінны гаспадар, у адпаведнасці з лепшымі малдаўскімі традыцыямі, заўсёды сардэчна сустракаў беларускіх гасцей, якія ў сваю чаргу дадавалі да ўрачыстасці нацыянальны каларыт.

З цягам часу фестываль рос. Яго геаграфія пашыралася, праграма павялічвалася адметнымі момантамі і шчырымі эмоцыямі.

Пасля прыпынкаў у Дзяржынску, Мінску, Уздзе «Вянок сяброўства» з гонарам прыняў Заслаўе, працягваючы слаўную традыцыю адзінства і ўзаемаразумення.

На сцэне чаргаваліся выступленні малдаўскіх і беларускіх артыстаў. Гэта было відавочна ў тым ліку і па нацыянальных касцюмах.

Гледачы гучнымі і працяглымі апладысментамі віталі кожны нумар. Такая ўзнёслая панавала атмасфера ў зале.

Старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова ад жыхароў горада выказала вялікую ўдзячнасць малдаўскім сябрам за незвычайнае свята, якое дазволіла лепш спазнаць душэўнае святло малдаўскага народа.

Марыя ЛІПЕНЬ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю