Top.Mail.Ru

Больш за 50 галаграм прадставілі на выставе ў Мінску

Крыж Еўфрасінні Полацкай, пояс Вітаўта і шведскі кубак.


Выстава мастацкіх галаграм «Мастацтва галаграфіі» адкрылася сёння ў Арт-гасцёўні «Высокае месца», паведамляе БелТА.

Паводле слоў загадчыцы Арт-гасцёўні Ганны Ясюк, у экспазіцыі больш як 50 галаграфічных работ зусім рознай тэматыкі.
«Галаграмы сапраўды ўнікальныя. Гэта спалучэнне навукі і мастацтва. Выстава сапраўды вельмі цікавая і вельмі разнажанравая, — сказала яна. — Тут прадстаўлены рэдкія артэфакты, рарытэтныя прадметы з музеяў у галаграфічным малюнку. Ёсць калекцыя ўнікальных беларускіх ікон і крыжоў. Прадстаўлена арт-галаграфія».
На выставе «Мастацтва галаграфіі» паказана, у прыватнасці, беларуская рэліквія XIV-XVI стагоддзяў — Пояс Вітаўта. Можна ўбачыць шведскі кубак, які ўваходзіць у склад Мінскага скарбу, слуцкі пояс. У галаграфічнай выяве таксама выкананы збор беларускіх Багародзічных абразоў і напрастольных крыжоў. Тут — Жыровіцкая ікона Божай Маці, Юравіцкая ікона Божай Маці, Крыж Ефрасінні Полацкай. У экспазіцыі прадстаўлена і Біблія Францыска Скарыны.

Загадчыца Арт-гасцёўні ўпэўнена, што экспазіцыя будзе цікавая і дарослым, і дзецям.

На наступным тыдні арганізатары плануюць паказаць мабільную міні-ўстаноўку для запісу галаграм, дзякуючы якой фактычна ў рэжыме рэальнага часу можна ўбачыць працэс стварэння галаграфічнай выявы.

«Мы будзем уключаць гэты апарат і паказваць наведвальнікам, як ствараецца галаграма. На адну невялікую выяву спатрэбіцца хвілін 15. Лічым, што гэта выкліча асаблівую цікавасць у дзяцей. Таму запрашаем прыходзіць паглядзець экспазіцыю цэлымі сем’ямі», — сказала Ганна Ясюк.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю