Ёсць мерапрыемствы, якія наведаў і ледзь не назаўтра пра іх забыўся, а ёсць...
Паказчыкам цывілізаванасці і стабільнасці дзяржавы заўсёды лічылася падтрымка дзіцячай творчасці, арганізацыя конкурсаў, фестываляў, свят-спаборніцтваў. Адным з апошніх і стаў «Дзяржынскі куфэрак».
Узроставы дыяпазон яго ўдзельнікаў — ад 7 да 15 гадоў. Геаграфія — Вілейка, Стоўбцы, Смаргонь, Клецк, Смалявічы, Мачулішчы, Ратамка, Фаніпаль, Крупкі... Дзеці, падлеткі з рознай ступенню адоранасці, але з бясспрэчна высокім узроўнем падрыхтоўкі, з’ехаліся ў Дзяржынск, каб прадэманстраваць удалае, а то і бездакорнае выкананне твораў айчынных кампазітараў, апрацовак беларускіх народных мелодый... Сёлета два ўдзельнікі — Аляксей Чупрын з Дзяржынска і Аляксандр Найдзіч са Смаргоні — прэтэндавалі на Гран-пры фестывалю.
У яго гаспадароў, кіраўнікоў Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў Ірыны Касцюк і Марыі Грахоўскай, у мастацкага кіраўніка (а, па сутнасці, душы фестывалю) Вольгі Палітанскай была, напэўна, спакуса прысудзіць галоўны прыз свайму вучню, але яны велікадушна аддалі першынство госцю!
Самай высокай пахвалы заслугоўвае і арганізацыя гэтага мерапрыемства, прыцягненне да ўдзелу найлепшых сіл выкладчыцкага складу, зладжанасць у дзеяннях. А таму «Дзяржынскі куфэрак» проста павінен і доўга жыць, і штогод адкрывацца.
Г. К. Гарэлава, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі,
г. Мінск.
Шлях да мэты
...У аўтобусе выпадкова пачула размову дзвюх маладых бабуль, якія хваліліся поспехамі сваіх унучак. Адна з дзяўчынак, наколькі я зразумела, апроч асноўнай школы (другі клас), вучыцца ў музычнай, наведвае танцавальны гурток, басейн і студыю выяўленчага мастацтва. Другая — займаецца гімнастыкай, англійскай мовай, бісерапляценнем... Здаецца, нечым яшчэ?
Шкада мне стала гэтых дзяўчынак, акурат таксама, як некалі аднаго з хлопчыкаў.
...Бабуля ў Паўла і сама была досыць знакамітай, і ўнука свайго бачыла славутым музыкантам-кампазітарам, спартсменам, нават касманаўтам, а таму за руку, можна сказаць, павяла да мэты.
Для хлопчыка знайшлі настаўніцу, здольную навучыць
ігры на фартэпіяна. Праўда, ездзіць да яе на ўрокі давялося на прыгарадным аўтобусе...
Апроч музыкі, былі ў Паўла дадатковыя заняткі па замежнай мове і басейн. Іншымі словамі, на тое, што малому сапраўды падабалася (матэматыка, футбол ды іншыя гульні з сябрамі), часу ў сутках не хапала зусім.
...Алёша, Пашаў школьны дружбан, падказаў, як можна пазбавіцца ад дадатковых нагрузак, і ледзь не назаўтра будучы кампазітар стаў так фальшывіць у выкананні элементарных твораў, што настаўніца вушам не паверыла! Паўлу прыйшлося патлумачыць ёй, што пры ўсёй павазе і любові да музыкі, на ўрокі ён больш не прыедзе.
Сям’я, і нават бабуля, з гэтым неяк змірыліся.
Заставалася «завязаць» з плаваннем. Для гэтага Лёша параіў
скарыстацца тым самым спосабам: гэта значыць, умеючы плаваць, наўмысна пайсці на дно.
Паўлік паслухаў: з галавой і вельмі няўдала сігануў з вышкі, наглытаўся вады і напраўду ледзь не патануў.
Такім чынам парады сябра спрацавалі: хлопчык стаў займацца тым, чым сапраўды хацелася, а найбольш — матэматыкай. У другім класе ён лёгка рашаў задачкі для пятага, у пятым — для дзявятага. Пасля школы паспяхова скончыў інстытут, абараніў кандыдацкую, а потым і доктарскую дысертацыі — стаў прафесарам, які да сёння чытае лекцыі ва ўніверсітэце.
А. Чайкоўская
г. Гомель.
Казкі — гэта яшчэ і падказкі...
Дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту адрасаваныя дзве новыя кнігі Міколы Чарняўскага «Здарэнне ў цырку» і «Хвілінкі-весялінкі» (Выдавецкі дом «Звязда», 2024).
Аўтар, выдатны дзіцячы пісьменнік, неяк жартам назваў сябе дзедам — безбарадзедам Парнаскім. Яго творы вучаць чытачоў кемлівасці, любасці да людзей і роднай зямлі, а таксама стойкасці і праўдзівасці.
Як адзначае сам пісьменнік, казкі — гэта цуды, гэта своеасаблівыя падказкі, як тварыць дабро. З добразычлівым гумарам пісьменнік знаёміць чытачоў то з братамі Шчыруном-працаўніком, Хітруном і Няўмекам, то з мядзведзем Патапам, які накіраваўся ў цырк, каб стаць артыстам, то з іншымі птушкамі, звярамі і раслінамі... Прычым кожнае з гэтых знаёмстваў і займальнае, і павучальнае.
Міхась Сліва
г. Рагачоў.