Top.Mail.Ru

Падводзім вынікі ХІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі разам з кіраўнікамі абласных Саветаў дэпутатаў

Вобласці плённага супрацоўніцтва

Кожны раз Форум рэгіёнаў Саюзнай дзяржавы задае новы вектар узаемаадносін, дае глебу для разважанняў і дапамагае ўмацаваць сувязі паміж нашымі краінамі. Сёлета ён праходзіў у Ніжнім Ноўгарадзе, удзельнікамі форуму сталі больш за 800 прадстаўнікоў усіх абласцей Беларусі і 79 рэгіёнаў Расіі. Было падпісана мноства пагадненняў, зацверджаны планы мерапрыемстваў, заключаны камерцыйныя кантракты і падпісаны іншыя важныя дакументы для ўмацавання супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй у самых розных галінах. У складзе беларускіх рэгіянальных дэлегацый абавязкова прысутнічаюць кіраўнікі абласных Саветаў дэпутатаў. Іх мы і папрасілі расказаць аб выніках форуму.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Ігар БРЫЛЕВІЧ у ходзе работы адной з секцый форуму падзяліўся вопытам супрацоўніцтва аблсавета з органамі заканадаўчай улады суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Падпісаны таксама двухбаковыя дакументы, накіраваныя на ўмацаванне міжрэгіянальных сувязяў: пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Брэсцкім абласным Саветам дэпутатаў і Саратаўскай абласной Думай, а таксама з Заканадаўчым Сходам Свярдлоўскай вобласці.

У трэці дзень форуму было заключана трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеянні паміж Брэсцкім абласным Саветам дэпутатаў, Брэсцкай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў, Асацыяцыяй прадстаўнічых органаў муніцыпальных утварэнняў Ніжагародскай вобласці пры Заканадаўчым Сходзе.

Ігар Брылевіч адзначыў, што падпісанне стала вынікам канструктыўнага дыялогу і зацікаўленасці ў развіцці сувязяў паміж беларускімі і расійскімі рэгіёнамі. «Наша супрацоўніцтва з Заканадаўчым Сходам Ніжагародскай вобласці даўно і паспяхова развіваецца, — адзначыў ён. — Падпісаны дакумент — пагадненне паміж асацыяцыямі, якія створаны ў муніцыпалітэтах і раённых саветах. Менавіта гэтыя ўтварэнні будуць рэалізоўваць нашы дамоўленасці на месцах, у тым ліку надзвычай важныя праекты, такія, напрыклад, як сумеснае суднабудаванне, дзе ніжагародскія калегі аказваюць нам істотную падтрымку»

«Форум рэгіёнаў, які сёлета праводзіўся ў дванаццаты раз, стаў добрай традыцыяй, на аснове якой будуецца і развіваецца наша Саюзная дзяржава, — лічыць старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый ДЗЯМІДАЎ. — Узаемадзеянне на ім адбываецца па ўсіх кірунках, у першую чаргу, гэта эканоміка. Акрамя таго — развіццё сацыяльных, гуманітарных сувязяў, маладзёжных арганізацый.

Дзясяткі прадпрыемстваў Віцебшчыны яшчэ на этапе падрыхтоўкі да форуму заключылі дагаворы з расійскімі партнёрамі на суму звыш 300 мільёнаў долараў. Канчатковыя вынікі перагавораў у Ніжнім Ноўгарадзе пакуль не падведзеныя, бо заключэнне кантрактаў — працэс, які выходзіць за рамкі непасрэднага правядзення мерапрыемства».

Форум — сур’ёзны інструмент для развіцця нашага экспартнага патэнцыялу, Найбольш цесна Віцебская вобласць узаемадзейнічае з суседнімі Пскоўскай і Смаленскай абласцямі Расіі. Актыўна развіваюцца адносіны з Падмаскоўем, Браншчынай, Карэліяй, іншымі расійскімі рэгіёнамі. У рамках XІІ Форуму рэгіёнаў Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з Ленінградскай, Ульянаўскай, Арлоўскай абласцямі. Віцебскі аблсавет падпісаў шэсць падобных дакументаў. Дамоўленасці ахопліваюць усе сферы: эканоміку, сацыяльную сферу, культуру, маладзёжную палітыку. «Цяперашняя актыўная работа з расіянамі — вынік, у тым ліку, папярэдняга форуму, які праходзіў у Віцебску, Полацку і Наваполацку, — нагадаў дэпутат. — Расіяне з вялікай цеплынёй і энтузіязмам згадвалі леташнія сустрэчы».

«Форум рэгіёнаў дазваляе пашырыць нашы магчымасці і выйсці на новы ўзровень інтэграцыі ў эканамічных і гуманітарных адносінах, — лічыць старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Кацярына ЗЕНКЕВІЧ. — Нашым абласным Саветам дэпутатаў заключана 15 двухбаковых дакументаў аб супрацоўніцтве з органамі заканадаўчай улады расійскіх рэгіёнаў, у тым ліку два — на XІІ Форуме: з Кастрамской і Сахалінскай абласнымі думамі. Гэта садзейнічае абмену вопытам ў галіне прававога рэгулявання, сацыяльна-эканамічнага развіцця, мясцовага самакіравання, а таксама ў гуманітарнай сферы».

Кацярына Зенкевіч прадстаўляла на форуме ў Ніжнім Ноўгарадзе міжпарламенцкае супрацоўніцтва Гомельскай вобласці з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі па захаванні гістарычнай памяці. «У сучасным свеце ў супрацоўніцтве вялікую ролю выконвае народная дыпламатыя, асновай якой з’яўляецца ўзаемадзеянне паміж парламентарыямі, — кажа сенатар. — Мы абавязаны рабіць усё для паляпшэння дабрабыту брацкіх народаў, і задача дэпутатаў — максімальна садзейнічаць стварэнню роўных умоў і гарантый для жыхароў і бізнесу дзвюх краін».

Парламентарый прывяла некалькі прыкладаў сумеснай дзейнасці: Гомельскі абласны Савет дэпутатаў дзяліўся вопытам рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў з Браншчынай, разам з Курскай абласной Думай ужо два гады рэалізуецца літаратурна-творчы конкурс сярод школьнікаў і студэнтаў «Унукі аб вайне», у фармаце анлайн адбылася сустрэча абласнога падлеткавага парламента з навучэнцамі дамоў творчасці Бранскай, Смаленскай і Арлоўскай абласцей, праведзены відэамасты паміж моладдзю, органамі мясцовага самакіравання Гомеля і шэрагу расійскіх гарадоў.

Старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена ПАСЮТА адзначыла:

— З кожным годам геаграфія ўзаемадзеяння рэгіянальнага супрацоўніцтва пашыраецца, што дазваляе абменьвацца вопытам. Форум даў магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі ўсіх рэгіёнаў, з кім раней былі падпісаны пагадненні, а дзякуючы тэлемасту, які адбыўся, ахоп аўдыторыі стаў неверагодна шырокім. Ён працягнуўся ад Гродна да Сахаліна! Гэта ўсё дазваляе ўмацоўваць сяброўства ў Саюзнай дзяржаве, што з’яўляецца вельмі важным аспектам, які дапамагае эфектыўна рэалізоўваць супрацоўніцтва ва ўсіх кірунках. Саюз нашых дзяржаў сапраўды ўнікальны, чагосьці падобнага няма нідзе ў свеце. Адносіны Беларусі і Расіі пабудаваны на сяброўстве, добрасуседстве, гістарычнай памяці і гонары за развіццё нашых дзяржаў. Галоўная задача — захаваць гэта сяброўства і стварыць умовы, якія дазволяць яму мацнець і далей. У рамках форуму былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім абласным Саветам дэпутатаў і Дзяржаўным Саветам Рэспублікі Комі і Заканадаўчым Сходам Цвярской вобласці.

Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да з’езда малых гарадоў Гродзенскай і Ніжагародскай абласцей. Алена Пасюта расказала, што лейтматывам мерапрыемства стане 80-годдзе Вялікай Перамогі. Удзельнікі будуць дзяліцца вопытам развіцця аграпрамысловага комплексу, выкарыстання другасных рэсурсаў і захавання экалогіі, гісторыка-культурнай спадчыны. Асобная праграма будзе прысвечана моладзі. На пляцоўцы органаў мясцовага кіравання і самакіравання будуць абмяркоўвацца механізмы ўніфікацыі заканадаўства Беларусі і Расіі, якая дасць магчымасць больш эфектыўна рэалізоўваць сумесныя праекты

Па выніках форуму Магілёўскім аблсаветам падпісаны План мерапрыемстваў на 2025–2026 гады па рэалізацыі Пагаднення аб супрацоўніцтве з Мурманскай абласной Думай і Пагаднення аб супрацоўніцтве з Заканадаўчым Сходам Пензенскай вобласці. Наогул Магілёўскім аблсаветам заключана ўжо 17 пагадненняў з расійскімі рэгіёнамі. Цесныя кантакты наладжаны з Мурманскам, Рэспублікай Адыгея, Псковам, Уладзімірам і іншымі.

— Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Ніжнім Ноўгарадзе стаў важнай падзеяй для Магілёўскай вобласці, — падзяліўся меркаваннем з карэспандэнтам «МС» старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Аляксандр ГАРОШКІН. — Ён дазволіў умацаваць існыя сувязі, знайсці новых партнёраў, прыцягнуць інвестыцыі, абмяняцца вопытам.

— Нягледзячы на дасягнутыя вынікі, мы ўвесь час шукаем новыя пункты росту і ўзаемавыгадныя кірункі для сумеснай работы, — адзначыў Аляксандр Гарошкін. — Мы дэманструем усяму свету згуртаванасць брацкіх народаў, пашыраем сацыяльна-эканамічнае і гандлёвае супрацоўніцтва, наладжваем культурныя і спартыўныя сувязі, забяспечваем кааперацыю на рынку вытворчых, інвестыцыйных і працоўных рэсурсаў, ажыццяўляем узаемадзеянне ў маладзёжнай палітыцы і захоўваем агульную гістарычную памяць.

Старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі Наталля ЯКУБІЦКАЯ расказала, што скарбонка агульных пагадненняў ужо даволі ёмістая: «Так, на мінулых форумах мы заключылі пагадненні аб супрацоўніцтве з Татарстанам і Дагестанам. Дарэчы, яшчэ да самога форуму да нас прыязджала дэлегацыя Татарстана, і пасля паспяховага візіту да нас пачалі звяртацца прадстаўнікі іх парламента. Што датычыцца апошняга мерапрыемства, мы падпісалі чатыры пагадненні аб супрацоўніцтве. Гэта пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінскім абласным Саветам дэпутатаў і Заканадаўчым Сходам Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі, з Бранскай абласной Думай, Заканадаўчым Сходам Кемераўскай вобласці — Кузбаса і Сахалінскай абласной Думай».

У рамках падпісаных пагадненняў бакі маюць намер абменьвацца вопытам заканатворчай дзейнасці, праводзіць сумесныя мерапрыемствы, развіваць інфармацыйнае ўзаемадзеянне і ўсталёўваць прамыя кантакты паміж дэпутатамі, а таксама маладзёжнымі парламентамі.

Наталля Якубіцкая адзначыла, што плённыя адносіны паміж Мінскім абласным Саветам і Кузбасам пачаліся яшчэ да падпісання пагадненняў, да пачатку форуму: «У рамках візіту дэлегацыя Кемераўскай вобласці сустракалася з нашым кіраўніком дзяржавы. Карыстаючыся выпадкам, тады ў вузкім фармаце мы абмеркавалі магчымасці нашага далейшага супрацоўніцтва».

Сенатар падкрэсліла важную ролю парламентарыяў абедзвюх краін ва ўмацаванні эканамічных і палітычных сувязяў паміж дзяржавамі. У большай меры, паводле яе слоў, менавіта намаганнямі народных выбраннікаў ствараюцца пляцоўкі для работы прадстаўнікоў розных сектараў эканомікі, а таксама ўмовы для ўзаемадзеяння бізнес-колаў.

«Вялікая работа была праведзена яшчэ да пачатку XІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, — расказаў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём ЦУРАН. — Сустракаючыся з калегамі непасрэдна на палях мерапрыемства, мы замацавалі дамоўленасці, якія былі перад гэтым дасягнуты. На працягу ўсяго года прайшло больш за дзясятак сустрэч з рознымі прадстаўнікамі рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Некаторыя пагадненні былі падпісаны да форуму. У цэлым, можна сказаць, што на дадзенай пляцоўцы адбылося падвядзенне вынікаў плённай работы нашых рэгіёнаў, кіраўнікоў на месцах, кіраўнікоў прадпрыемстваў, прадстаўнікоў органаў улады»

Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў яшчэ звярнуў увагу, што сёлета былі заключаны пагадненні з Ніжагародскай і Екацярынбургскай гарадскімі думамі. «Асноўная мэта іх падпісання — гэта ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва ў галіне мясцовага самакіравання, абмен вопытам. У тым ліку і ў маладзёжнай палітыцы, парламентарызме. У Екацярынбургу гэта работа выбудаваная на вельмі высокім узроўні», — дадаў Арцём Цуран.

Акрамя таго, дагэтуль быў падпісаны шэраг пагадненняў, якім, дзякуючы форуму, будзе нададзены дадатковы імпульс. «У нас маюцца кантакты з Маскоўскай і Севастопальскай гарадскімі думамі», — адзначыў старшыня Мінгарсавета.

Як паведаміў Арцём Цуран, дэлегацыя ніжагародцаў ужо была ў Мінску некалькі разоў, бакі абмяняліся вопытам. У працэсе форуму дэпутаты наведалі аб’екты, якія накіраваны на работу з людзьмі і якія каардынуе Ніжагародская гарадская Дума. Акрамя таго, наведалі мясцовы Суседскі цэнтр — аналаг ТГСаў, якія дзейнічаюць у беларускай сталіцы.

Паводле нашых карэспандэнтаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю