Top.Mail.Ru

“Трэці сын”: гісторыя працягваецца

Да стагоддзя доктара тэхнічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, малодшага сына Якуба Коласа — Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча рыхтуецца гісторыка-мемарыяльная кніга «Трэці сын». 


Творчы праект, якім апякуюцца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа і Саюзе пісьменнікаў Беларусі, будзе рэалізаваны на пачатку 2026 года. Расказвае галоўны захавальнік фондаў музея, кандыдат сацыялагічных навук Васіліна Міцкевіч: «Кніга пра галоўнага героя коласаўскай паэмы „Міхасёвы прыгоды“, руплівага захавальніка памяці пра народнага песняра Беларусі, аўтара многіх артыкулаў, прысвечаных жыццю і творчасці Коласа, даўно наспела. Мы збіраемся ўкласці разам артыкулы і ўспаміны самога Міхася Канстанцінавіча. А ён друкаваўся і ў „Родным слове“, і ў „Полымі“. У свой час выдавецтва „Літаратура і мастацтва“, а пасля і Выдавецкі дом „Звязда“ выдалі кнігі ўспамінаў „Апалены золак“ і „Табой я жыў, табой жыву“. Першая прысвечана сярэдняму сыну Коласа — Юрку, які загінў у полымі Вялікай Айчыннай вайны, другая — жонцы народнага паэта Марыі Дзмітрыеўне Каменскай. Абодва выданні сталі грунтоўнымі падзеямі ў коласазнаўстве, у гісторыі беларускай літаратуры. І ў кожнай з кніг выступаў з успамінамі Міхась Міцкевіч. У Выдавецкім доме „Звязда“ выйшла і кніга ўспамінаў „Доўгая дарога ад дома Янкі Маўра да дома Якуба Коласа“. Яе аўтар — жонка Міхася Канстанцінавіча Наталля Міцкевіч, нявестка Коласа і дачка легенды беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра. І ў гэтым зборніку ёсць тэкст Міхася Міцкевіча — „Па слядах Янкі Маўра“. Усе гэтыя матэрыялы стануць асновай будучай кнігі...» 

Асобны раздзел — творы Якуба Коласа, якія прысвечаны сыну Міхасю: побач з паэмай «Міхасёвы прыгоды» — і вершы «Рагатка», «Не тужы», «Дронік», «Сыну», «Міхасю», «...Адстану я і час разлукі». Завяршаюць кнігу паэтычныя прысвячэнні Міхасю Канстанцінавічу. Аўтарамі вершаў з’яўляюцца Сымон Белы, Міхась Башлакоў, Мікола Маляўка, Яўген Хвалей, Казімір Камейша, Мікола Мятліцкі, Уладзімір Скарынкін, Ніна Шклярава, Анатоль Зэкаў, Васіль Зуёнак, Людміла Дзіцэвіч, Дзмітрый Дземідовіч, Віктар Шніп. 

Сяргей ШЫЧКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю