Сярэбраныя медалі нацыянальнай зборнай па пляжным футболе на нядаўнім чэмпіянаце свету без перабольшання сталі фурорам. Хаця б таму, што ніводнай нашай зборнай падобнае не ўдавалася. А яшчэ таму, што пляжны футбол у Беларусі развіваецца ўсяго 16 гадоў. Увайсці ў гісторыю за вельмі кароткі па мерках гісторыі тэрмін — унікальны вынік. Бо ў пляжнага футбола няма выключных умоў. Вядучыя гульцы зборнай доўгі час сумяшчалі спорт з работай у розных арганізацыях і структурах: таксі, МНС, Узброеных Сілах, фірме па рамонце дамафонаў... Але ўпартасць і самааддача, вера ў сябе і спартыўны максімалізм прывялі беларусаў у лік сусветных лідараў. Старшыня Беларускай федэрацыі пляжнага футбола Міхаіл БОТНІКАЎ расказаў, з якімі складанасцямі даводзіцца сутыкацца і як каманда зрабіла немагчымае магчымым.
— Фінальны матч з Бразіліяй быў, без перабольшання, легендарным. Улічваючы, што бразільцы — рэкардсмены па колькасці перамог на чэмпіянатах свету, такому саперніку не сорамна і прайграць, тым больш з лікам 3:4...
— Крыўдна... Мы павінны былі выйграць. Мы ехалі па першае месца. Пасля бразільцы самі адзначалі, што нашы хлопцы гулялі на роўных. Але крыху не пашанцавала. У спорце ж шанцуе наймацнейшым, а зборная Бразіліі — гэта чараўнікі мяча, як многія жартуюць, маўляў, яны нарадзіліся адразу з мячом і ўжо на пляжы. Але і наша каманда не была хлопчыкамі для біцця, гулялі на роўных, а значыць — павінны былі перамагаць. Мы, праўда, моцна засмуціліся ад паражэння, са стадыёна ехалі моўчкі. Нягледзячы на вялікае дасягненне, усе засмучаныя. Эфекту «ваў» няма ні ў каго. Мы рады, так. Круты вынік. Мы — другія ў свеце. Але... У нас усюды адна мэта — першае месца. На кожны турнір ставім перад сабой максімальныя задачы, і адпаведна вышэйшы вынік, таму што абсалютна кожны выкладваецца крыху больш, чым на 100 працэнтаў.
— Міхаіл Юр’евіч, калі аб’ектыўна: умоў для развіцця пляжнага футбола значна менш, чым у іншых гульнявых відаў спорту, а вынік значна лепшы. Як такое магчыма?
— Поспех у спорце складаецца з розных кампанентаў. Галоўнае, што хлопцы займаюцца пляжным футболам у першую чаргу па любві. Гэта не прыгожыя словы, а факт. Спорт не прыносіць ім вялікага заробку, але яны яго настолькі любяць, што прысвячаюць яму ўвесь свой час. Вялікі дзякуй іх сем’ям, якія гэта прымаюць, падтрымліваюць і таксама жывуць пляжным футболам. У нас выдатны трэнер, на сто працэнтаў адданы камандзе. І хлопцы адказваюць яму ўзаемнасцю, вельмі яго любяць і паважаюць. Ніка (галоўны трэнер зборнай Беларусі па пляжным футболе Нікалас Альварада — Заўв. рэд.) быў цудоўным футбалістам. А як трэнер ён рос ужо разам з нашай камандай, дзякуючы чаму ў іх склалася поўнае паразуменне. Рэдка класны гулец становіцца добрым трэнерам, але Ніка — менавіта той выпадак. Ён думае і як гулец, і як трэнер, што, безумоўна, ідзе на карысць камандзе. Не магу не адзначыць уклад дактароў і масажыстаў, якія працуюць з камандай і клапоцяцца пра здароўе кожнага гульца. Нябачную для балельшчыкаў, але вельмі вялікую работу праводзіць Беларуская федэрацыя пляжнага футбола сумесна з Міністэрствам спорту ў частцы арганізацыі вучэбна-трэніровачных збораў. Мы можам трэніравацца дома толькі ў цёплы перыяд, таму вымушаныя шукаць месцы, дзе можна рыхтавацца да стартаў і зімой. І дзякуй дзяржаве за падтрымку. Так, цяпер у нас ёсць вынік, але ж ён прыйшоў не адразу, і вялікі дзякуй усім, хто ў нас верыў, бачыў перспектыву і дапамагаў.
І яшчэ адзін вельмі важны складнік. Нашы хлопцы выходзяць з горда паднятай галавой, ад душы спяваюць гімн і зараджаюць сябе на добрае выступленне. Разумеюць, што выступаюць за краіну. А радзіма — гэта бацькі, жонкі, дзеці, мы за іх выступаем.
— Касцяк нацыянальнай зборнай складаюць хлопцы з райцэнтраў. Наогул, як пляжны футбол развіваецца ў рэгіёнах?
— Сапраўды, практыка паказвае, што людзі, якія выраслі ў вёсках, маленькіх гарадах, часта дамагаюцца поспехаў у жыцці. Маючы на старце не самыя лепшыя ўмовы, яны больш настроены заняць сваё «месца пад сонцам» і ўсё для гэтага робяць. Пакуль з рэгіёнаў пляжны футбол развівае толькі Магілёўскі цэнтр алімпійскага рэзерву. І за гэта вялікі дзякуй былому дырэктару ўстановы Дзмітрыю Чыгіру, якому падабаецца пляжны футбол. Дзякуючы яго настойлівасці ў цэнтры з’явіліся групы па пляжным футболе. Сёння Магілёўская каманда ЦАР — галоўная апора для нацыянальнай зборнай. На мінулым тыдні, дарэчы, яны заваявалі Суперкубак Беларусі. У іншых рэгіёнах такіх энтузіястаў, на жаль, пакуль няма. Разам з калегамі з Мінспорту, РНПЦ спорту мы распрацавалі методыку падрыхтоўкі гульцоў менавіта па пляжным футболе. Сёлета яна будзе канчаткова ўзгоднена і зацверджана. Маючы нарматыўна-прававую базу, мы зможам больш настойліва і афіцыйна прасіць дзіцяча-юнацкія школы і іншыя ўстановы ствараць групы па пляжным футболе.
А наогул у мяне як у кіраўніка федэрацыі ёсць мара, каб у футбольных клубах былі групы па пляжным футболе, па футзале. Хтосьці адразу прыйдзе ў гэтыя віды спорту, хтосьці пяройдзе з футбола. Ва ўсіх па-рознаму. Самае галоўнае, каб у дзяцей была магчымасць убачыць пляжны футбол, зразумець, што гэта такое. Тады ў нас і будзе рэзерв, перспектыва. Пакуль клубы не хочуць ісці на гэта. Але мы працуем, шукаем шляхі вырашэння. Усё залежыць ад чалавечага фактару. Калі з’явіцца энтузіяст, гатовы ўзяцца за развіццё пляжнага футбола ў сваім горадзе — мы яму ўсяляк дапаможам.
— Але як гэта рабіць без інфраструктуры...
— Яна паступова з’яўляецца. Я вельмі ўдзячны Міністэрству спорту, Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту за тое, што падтрымалі ініцыятыву федэрацый, у якіх ёсць пляжныя віды (гандбол, валейбол, тэніс і футбол) па будаўніцтве крытага манежа. Сёлета на тэрыторыі спартыўна-аздараўленчага комплексу «Алімпійскі» адкрыецца манеж пляжных відаў спорту. Гэта дасць магчымасць нашай зборнай рыхтавацца дома круглы год. Ахвотныя стварыць групы для дзяцей па пляжным футболе ў Мінску ўжо ёсць, таму з адкрыццём манежа можна будзе гаварыць і аб запуску школ.
— Але гэта пакуль далёкая перспектыва. А што наконт найбліжэйшага рэзерву, бо лідарам каманды ўжо за 30.
— Нашы лідары, нягледзячы на свой узрост, застаюцца ў гульні і паказваюць высокі ўзровень. Вядома, мы думаем пра годную змену. І яна ёсць. Няхай не ў такой колькасці як хацелася б, але ёсць. І самых перспектыўных гульцоў мы прыцягваем на зборы з нацыянальнай камандай, галоўны трэнер іх праглядае. Так яны паступова набіраюцца вопыту, гульнявой практыкі ў галоўнай камандзе. Такім шляхам у каманду, напрыклад, у свой час прыйшлі Мікіта Чайкоўскі, Алег Гапон — сённяшнія зоркі зборнай.
— Цікавасць менавіта да пляжнага футбола з ростам вынікаў пашыраецца?
— Яна ёсць. Можа, нам хацелася б большай цікавасці, калі ўжо казаць пра амбіцыі. Хочацца, вядома, каб кожнае дзіця марыла займацца пляжным футболам. Ён больш дынамічны, футбалісты здзяйсняюць больш спецыфічных рухаў, шмат барацьбы, шмат дыскусійных момантаў. Як відовішча пляжны футбол неверагодна захапляльны. І, вядома, балельшчыкі хочуць перамог, прыгожай гульні. Мы імкнёмся ім усё гэта даваць, таму цікавасць расце. Выдатным прыкладам былі гульні ў рамках ІІ Гульняў краін СНД, калі ажыятаж быў такі, што прыйшлося абмежаваць уваход на стадыён, а эмоцыі балельшчыкаў, здаецца, чуў увесь Мінск.
— Нягледзячы на праблемы, вынік красамоўны. Як калегі з міжнароднай федэрацыі ацэньваюць вопыт развіцця пляжнага футбола ў нашай краіне?
— Цяпер ужо ўсе прывыклі да нашых поспехаў. Але раней калегі былі шчыра здзіўлены вынікамі краіны, у якой няма мора і не самы спрыяльны для пляжнага футбола клімат. Калегі з міжнароднай федэрацыі засталіся пад вялікім уражанням ад ІІ Еўрапейскіх гульняў. Яны былі ў захапленні ад нашага стадыёна, ад арганізацыі спаборніцтваў. І я ведаю, што яны чакаюць магчымасці зноў правесці ў нас гульні.
— Што перашкаджае?
— Забарона з боку ФІФА і УЕФА на правядзенне міжнародных спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі. Гэта, вядома, сумна. Але самае галоўнае, што нас дапусцілі да ўдзелу ў міжнародных стартах са сваім сцягам, гербам і гімнам. І за гэта вялікі дзякуй міжнародным структурам. Мяркую, і правядзенне спаборніцтваў у нас — справа часу.
— Як развіваецца ўнутраны чэмпіянат?
— Колькасць каманд, якія выступаюць у нашым унутраным чэмпіянаце, у цэлым супастаўная з колькасцю каманд у Расійскай Федэрацыі. А чэмпіянат Расіі на сёння — адзін з найлепшых у свеце. Нездарма туды прыязджаюць гульцы з розных краін, у тым ліку і з нашай. Сёлета ў чэмпіянаце Беларусі ўдзельнічае сем каманд, дзве з іх прафесійныя — ЦАР-1 і ЦАР-2. Ёсць каманды, якія прыцягваюць зборнікаў, каманды, якія прыцягваюць гульцоў з футбола і футзала. Я вельмі ўдзячны людзям, якія бяруць на сябе такую адказнасць і займаюцца камандамі. На дадзеным этапе ўнутраны чэмпіянат, як у цэлым пляжны футбол у краіне, трымаюцца выключна на людзях, якія любяць гэты від спорту і гатовыя працаваць для яго развіцця, нягледзячы на ўсе складанасці.
— І пры гэтым у пляжнага футбола ёсць надзвычайны вынік, ёсць моцная нацыянальная зборная, ёсць народная цікавасць. Міхаіл Юр’евіч, чаго не хапае для поўнага шчасця?
— Не хапае людзей, якія любілі б пляжны футбол і хацелі б яго развіваць. Можна ісці ад колькасці да якасці, але мы ідзём ад якасці да колькасці. Якасць ёсць, а колькасці не хапае. Не хапае каманд у абласных цэнтрах, а ў кожнай вобласці ёсць футбольныя клубы, якія маглі б падставіць плячо... Не хапае інфраструктуры ў рэгіёнах, аднаго манежа ў абласным цэнтры будзе дастаткова. Гэта ж і сацыяльны праект. Мы ж забіраем дзяцей з вуліцы. Калі дзякуючы пляжнаму футболу са ста дзяцей хоць бы пяцёра будуць здаровымі, фізічна развітымі — гэта ўжо поспех. А чым больш у дзяцей магчымасцяў займацца рознымі відамі спорту — тым здаравей насельніцтва.