Свабодныя сілуэты, рамантычныя дэталі і нечаканыя спалучэнні матэрыялаў — вось галоўныя рысы модных сукенак, якія робяць гэтае лета незабыўным.
Мы сабралі для вас 10 галоўных трэндаў, якія дакладна заслугоўваюць месца ў вашым гардэробе.
Яго вялікасць дэкор
Не варта хаваць бляск і ззянне! Сукенкі, дэкарыраваныя бліскаўкамі, стразамі і камянямі — «галоўныя героі» летняга гардэробу. Каб зрабіць іх больш практычнымі, спалучайце з паўсядзённай верхняй вопраткай — курткамі, вятроўкамі, трэнчамі. Эклектыка тэкстур — вось сакрэт моднага вобраза: напрыклад, спалучэнне нейлону і бліскавак можа стаць самым цікавым трэндам сезона. А ў больш прахалодныя дні надзеньце дэкарыраваную празрыстую сукенку на яшчэ адну — з шчыльнага матэрыялу.
У стылі бялізны
Тэндэнцыя на бачную ніжнюю бялізну не абыйшла бокам і сукенкі. Мадэлі-камбінацыі з карункавымі дэталямі, з празрыстых тканін, якія адсылаюць нас да піжамнага стылю — усе яны будуць на піку папулярнасці.
Ружовая мара
Актуальныя пудровыя адценні. Калі казаць пра сукенкі, то ружовы — галоўны колер сезона. Яго можна сустрэць ва ўсіх варыяцыях: ад далікатных і пастэльных да насычаных і яркіх. Менавіта пудрова-ружовы колер надае строям асаблівую рамантычнасць, ствараючы летуценны і кранальны вобраз.
У стылі боха
Багемны шык застаецца фаварытам моды і ў гэтым сезоне. Сукенкі з бруістых тканін, такіх як шыфон, ствараюць адчуванне лёгкасці і дынамікі. Мяккія і далікатныя, яны стануць ідэальнай «уніформай» для тых, хто хоча збегчы ад рэальнасці. Выбірайце мадэлі ў натуральных адценнях або аддайце перавагу беламу колеру.

Экстрааб’ёмныя
Смелыя аб’ёмы — адзін з самых яркіх трэндаў летняга сезона. Пашыраныя сілуэты, шматслойнасць і незвычайныя формы — усё гэта робіць сукенкі экстравагантнымі і запамінальнымі.
Скульптурныя
Гэтыя сукенкі — сапраўдны твор мастацтва. Яны здзіўляюць незвычайнымі формамі, знарочыстай асіметрыяй і гульнёй з аб’ёмамі. Калі вы хочаце вылучыцца з натоўпу, выбірайце мадэлі з кветкавымі ўзорамі або архітэктурнымі сілуэтамі.
З рушамі і валанамі
Рамантыка і дынаміка — у трэндзе! Рушы і валаны ўпрыгожваюць падолы, рукавы і дэкальтэ сукенак, надаючы ім асаблівую жаноцкасць.
Выбірайце мадэлі з вялікай колькасцю фальбонаў ці абмяжуйцеся невялікімі дэталямі, якія падкрэсліваюць патрэбныя зоны.
Вязаныя
Інтэрпрэтацыя «голых» сукенак — мадэлі, звязаныя кручком або спіцамі. Ажурная прыгажосць стане выдатным выбарам для летняга гардэробу. Такія сукенкі можна насіць як самастойна, так і ў спалучэнні з іншымі прадметамі адзення.
Скураны шык
Смелае рашэнне — скураныя сукенкі. Асабліва актуальныя мадэлі чорнага і чырвонага колераў. Выбірайце сукенкі са смелымі разрэзамі, якія падкрэсляць вашу фігуру і дададуць вобразу сексуальнасці.
Сукенкі-кашулі
У гэтым сезоне яны становяцца карацейшымі, ствараючы новыя сілуэты. У трэндзе таксама мадэлі ў стылі пола, натхнёныя тэніснай эстэтыкай. Выдатны выбар для тых, хто аддае перавагу камфорту і дынамічнасці.
Марыя АСМАЛОЎСКАЯ