Паражэнне тыдня. Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка другі раз праіграла ў фінале турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Індыян-Уэлсе. У вырашальным матчы першая ракетка планеты ўступіла 17-гадовай Міры Андрэевай, якая займае 11-е месца ў сусветным рэйтынгу, — 6:2, 4:6, 3:6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 5 хвілін.
Героі тыдня. Ягор Шчалканаў і Дзмітрый Ціханёнак заваявалі ўзнагароды этапу Сусветнай серыі па плаванні сярод атлетаў з абмежаванымі магчымасцямі, які праходзіў у італьянскім Ліньяна-Саб’ядора. Удзел у турніры ўзялі спартсмены з 40 краін. Ягор Шчалканаў заваяваў сярэбраны медаль на стаметроўцы на спіне. Двухразовым прызёрам спаборніцтваў сярод моладзі стаў Дзмітрый Ціханёнак (S9) — ён заваяваў бронзавыя медалі на стаметроўках брасам і батэрфляем.
Поспех тыдня. Беларускія спартсмены выйгралі эстафету на этапе чэмпіянату Расіі па біятлоне, які завяршыўся ў Цюмені. Каманду «Беларусь-1» прадстаўлялі Ксенія і Максім Варабей, а таксама Ганна Сола і Павел Бялько. Усяго ў Цюмені беларусы чатыры разы ўзнімаліся на п’едэстал. Дзінара Смольская перамагла ў суперспрынце, а затым разам з мужам Антонам Смольскім стала трэцяй у сінгл-міксце. Другі вынік у мужчынскім суперспрынце паказаў Ілья Аўсеенка.
Лічба тыдня. 10 медалёў заваявалі беларускія барцы на чэмпіянаце Еўропы да 23 гадоў, які прайшоў у Албаніі. Чэмпіёнамі кантынента сталі Уладзіслаў Казлоў (да 97 кг), Арына Мартынава (да 57 кг) і Ксенія Цярэня (да 65 кг). Сярэбраныя медалі чэмпіянату Еўропы-U23 заваявалі Анастасія Енатава (да 50 кг) і Глеб Макаранка (да 67 кг). На трэцюю прыступку п’едэстала ўзняліся Вікторыя Воўк (да 53 кг), Марта Гетманава (да 59 кг), Вікторыя Радзькова (да 68 кг), Ганна Пірская (да 76 кг) і Абубакар Хаслаханаў (да 97 кг).
Турнір тыдня. У магілёўскім спарткомплексе «Алімпіец» завяршыўся адкрыты Кубак Беларусі па лёгкай атлетыцы ў памяшканні. Удзел у спаборніцтвах узялі практычна ўсе мацнейшыя беларускія лёгкаатлеты. Найлепшымі ў бегу на 60 метраў з бар’ерамі сталі Максім Андралойць і Эльвіра Грабарэнка. На дыстанцыі 200 метраў перамаглі Аляксандр Уласюк і Яніна Луцэнка, на 800 метрах — Дзмітрый Савін і Ангеліна Равіч, на 3000 метраў — Павел Небыт і Іна Новік. У сектары для скачкоў у даўжыню найлепшыя вынікі паказалі Аляксей Дудзінскі і Анастасія Дрозд. У скачках у вышыню перамаглі Максім Недасекаў і Карына Дзямідзік, у скачках з шастом найлепшы вынік паказалі Ірына Жук і Мацвей Волкаў. Акрамя таго, у мужчынскай эстафеце 4×400 м перамагла каманда Гомельскай вобласці, за якую беглі Георгій Манееў, Уладзіслаў Сапаненка, Арцём Флерка і Уладзімір Жадзько. У гэтым жа відзе праграмы ў жанчын найлепшы вынік паказаў квартэт з Брэсцкай вобласці ў складзе Ганны Лаўрысюк, Кацярыны Белановіч, Марыны Міхан і Арыны Краўцэвіч.
Фота з адкрытых крыніц