Top.Mail.Ru

«100 ідэй для Беларусі»: якія праекты прадэманстравалі на абласным этапе ў Гродне

Нашы думкі здольныя на многае. Дастаткова толькі пажадаць зрабіць свет крыху лепшым, як адразу ў галаве пачынаюць варушыцца дзясяткі ідэй. Важна толькі не пабаяцца іх рэалізаваць: не спыніцца на этапе задумы, адшукаць сродкі, падключыць аднадумцаў... Менавіта так і робяць удзельнікі рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі». І вось мы бачым дзясяткі натхнёных і амбіцыйных школьнікаў і студэнтаў, якія жадаюць паказаць свету свае здольнасці. Расказваем, якія праекты яны прадэманстравалі на абласным этапе конкурсу ў Гродне.


Як любоў матулі да прагулкі ў летні сонечны дзень можа прывесці да перамогі ў намінацыі «Ахова здароўя»? Лёгка! Калі распрацаваць шматфункцыянальныя вусцілкі, дзякуючы якім можна забяспечыць максімальны камфорт падчас актыўнага бегу або хадзьбы. Так падумаў Яраслаў Глуткін і рэалізаваў сваю задуму праз праект «EasyStep» («Хадзі і бегай лёгка»).

У чым унікальнасць гэтых вусцілак? Ніякай таямніцы няма: яны складаюцца з двух трыкатажных слаёў, злучаных паміж сабой монафіламентнай ніткай. Такія вусцілкі лёгка могуць канкурыраваць з вядомымі ўсім артапедычнымі. Іх галоўная перавага — эфект «памяці». Ужо праз 3-4 дні вусцілкі прымаюць форму вашай ступні, таму адпадае неабходнасць заказваць іх пад індывідуальныя памеры. Эфектыўнасць сваёй распрацоўкі Яраслаў ужо праверыў.

— Я ўзяў групу з 20 чалавек, якія вельмі любяць доўга хадзіць. Спачатку яны ацанілі ўзровень болю па табліцы ВАШ да нашэння маіх вусцілак і пасля іх выкарыстання. Першыя паказчыкі склалі 4–6 балаў — умераны боль, другія — 0–1, гэта значыць, што боль амаль адсутнічаў.

На сёння хлопец даслаў сваю распрацоўку на некалькі прадпрыемстваў і атрымаў станоўчую зваротную сувязь. У планах — арганізаваць масавую вытворчасць вусцілак.

Часам бывае складана прыдумаць нешта цалкам новае. Можна некалькі тыдняў сядзець над нататнікам і спрабаваць дагнаць музу, але ніхто не гарантуе, што пераможаш у гэтай гульні ты. Што ў такім выпадку рабіць, калі натхнення няма, а перад вачыма толькі белы аркуш? Можна звярнуцца да вопыту папярэднікаў, азнаёміцца з іх ідэямі і паспрабаваць дарабіць. Так, распрацоўкамі савецкага інжынера Яўгенія Свярчкова натхніўся Уладзіслаў Новік і падрыхтаваў на конкурс цыклічную апорную шрубу з зачыненымі тарцамі.

У чым жа асаблівасць задумы, якая прынесла яму перамогу ў намінацыі «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі», расказаў сам юны вынаходнік.

— У маёй шрубы лопасці круцяцца не ў адной плоскасці, а па эліпсаідальнай форме. Калі казаць прасцей, то быццам апісваюць авал. Дзякуючы падобнай шрубе лятальныя апараты атрымліваюць высокую манеўранасць. Таксама яны стануць значна цішэйшымі і, магчыма, будуць мець меншыя габарыты. Яшчэ адна асаблівасць — магчымасць пасадкі на крывых паверхнях. 

Пакуль у хлопца падрыхтавана адна мадэль, якую ён самастойна распрацаваў на 3D-прынтары. Аднак спыняцца на гэтым этапе Уладзіслаў нават не думае. У планах стварыць працоўны прататып, які здолее ўзляцець і паказаць усе магчымасці і асаблівасці шрубы.

Натхніць на стварэнне карыснага праекта можа і шчырае захапленне наваколлем, а таксама велізарнае жаданне сфарміраваць станоўчы імідж краіны ў вачах турыстаў. Вось і Ксенія Лебедзь, стваральніца мабільнай праграмы «HERІTAGE», пераможца ў намінацыі «Грамадства і сацыяльная сфера», прапанавала гасцям Блакітнавокай займальную інфармацыю пра галоўныя замкі краіны.

— Я са школьных часоў захапляюся гісторыяй. Аднак асаблівы гонар адчуваю, калі чытаю або слухаю пра Гродзенскую вобласць, пра яе каралеўскія замкі і прыгожыя храмы. Часам складана ўявіць, што тыя ці іншыя падзеі адбываліся на нашай зямлі. Гэтыя ўзнёслыя пачуцці і натхнілі. Мне захацелася стварыць нешта ўнікальнае і прывабнае не толькі для беларусаў, але і для замежных турыстаў.

Цікавыя факты і галоўныя даты, знакамітыя асобы і непаўторная геральдыка — толькі частка той інфармацыі, з якой можна будзе азнаёміцца. Праграма разлічана ў першую чаргу на турыстаў, таму будзе падтрымліваць некалькі замежных моў акрамя беларускай і рускай. На сёння падрыхтаваны толькі дызайн, каб зацікавіць патэнцыяльных карыстальнікаў. У планах далейшая распрацоўка праграмы, а пасля ўжо — публікацыя ў асноўных крамах з магчымасцю спампоўвання.

Як бачым, колькасць ідэй не можа не захапляць. Аднак самае цудоўнае, што кожны аўтар мае магчымасць здзейсніць сваю задуму.

Сцеша АНЭЛЬСКАЯ
фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю