Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Высоцкая на адкрыцці мерапрыемства заявіла, што заслугі Андрэя Макаёнка вельмі высокія перад нашым грамадствам і перад Беларуссю ў цэлым.
— Гэта сапраўды паэт і драматург з вялікай літары, які ўнёс вялікі ўклад у нашу беларускую літаратуру. Мы хацелі ў гэты дзень як след ушанаваць яго памяць. З раніцы супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ўсклалі кветкі да магілы аўтара. Гэта даніна памяці, якая заўсёды павінна быць у нашага народа, таму што людзі, якія ўслаўляюць нашу рэспубліку, сапраўды заслугоўваюць такой увагі. А зараз мы праводзім мерапрыемства, прысвечанае нашаму вялікаму драматургу, — падкрэсліла яна.
Таксама Людміла Высоцкая зазначыла, што сярод прысутных вельмі шмат моладзі.
— Хацелася б выйсці за рамкі школьнай праграмы і раскрыць для новага пакалення нашага класіка з іншага боку, — заявіла яна.
Падчас мерапрыемства гучалі ўрыўкі з твораў Андрэя Макаёнка ў выкананні акцёра, рэжысёра Белтэлерадыёкампаніі Алега Вінярскага. Да таго ж усе прысутныя змаглі атрымаць асалоду ад тэматычнай выстаўкі да 105-годдзя з дня нараджэння драматурга. Экспазіцыя прадставіла рознабаковы партрэт класіка як творцы і грамадскага дзеяча. Сярод цікавых экспанатаў — першыя выданні драматычных твораў Андрэя Макаёнка «Перад сустрэчай. Жыццё патрабуе» і «На досвітку».
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.