Top.Mail.Ru

11 красавіка беларускаму кампазітару Алегу Молчану споўнілася б 60 гадоў

Многія з яго твораў яшчэ пры жыцці сталі класікай. Які беларус хаця б аднойчы не чуў «Малітву», «Дзве таполi», «Карабель маёй краіны», «Ты мяне любіш», «Родныя песнi», «Падманіце мяне», «Талісман»?


Хтосьці лічыў яго шчасліўчыкам, пястуном лёсу. Насамрэч у Алега Молчана, як ва ўсіх, здараліся розныя дні. Але на яго шчасце, талент дазваляў усе падзеі, сустрэчы, эмоцыі пераплаўляць у творчасць. У біяграфіі гэтага кампазітара наогул няма прастояў. Што б не адбывалася ў яго жыцці, ён працаваў. Шмат і плённа. Пісаў музыку не толькі для калектываў і выканаўцаў, але і для тэатра, радыё, тэлебачання, рэкламы і нават для карпарацый.

Сваю першую п’еску Алег Молчан злажыў і выканаў у 8 гадоў. Першы харавы цыкл на вершы Я. Купалы «Я нясу вам дар» хутка ўвайшоў у праграму навучання студэнтаў БДАМ. Алег Молчан адразу заявіў аб сабе як неардынарная творчая асоба, сапраўдны наватар. Яго музычная, кампазітарская, чалавечая адоранасць праяўлялася ў супрацоўніцтве з рознымі творчымі калектывамі і артыстамі.

Алега Молчана вельмі натхняла творчасць беларускіх паэтаў. Ён не бачыў сябе па-за нацыянальнай песняй і культурай. Запрашэнне Уладзіміра Мулявіна ў «Песняры» стала знакавай падзеяй не толькі для Алега Молчана, але і для легендарнага ансамбля. Яго праграма «Ave sole, альбо Словы Скарыны», прадстаўленая на 20-годдзя «Песняроў», адразу вылучыла яго ў лік ключавых фігур славутага калектыву. Яго аранжыроўкі, аўтарскія творы, сярод якіх знакамітая «Малітва» на вершы Я. Купалы, увайшлі ў скарбніцу беларускай музычнай культуры.

Асаблівы этап у творчасці кампазітара пачаўся пасля сустрэчы з артысткай Ірынай Відавай, якая стала яго жонкай. Разам яны напісалі дзясяткі шлягераў, сярод якіх — «Думала», «Мы не чужыя», «Каханне сказала «так».

Іх каханне працягвалася 26 гадоў. І па словах Ірыны Відавай, яно не скончылася з сыходам з жыцця мужа. Яе і сёння не пакідае адчуванне, што Алег нябачна прысутнічае побач.

— Я назаўжды звязана са сваім мужам, — лічыць удава Алега Молчана. – Пры жыцці Алега заўсёды больш за ўсё радавалася, калі ён дарыў мне песні. Ён пакінуў іх мне столькі, што хопіць на некалькі жыццяў. І я буду працягваць спяваць, пісаць, выступаць. Упэўнена, што яны натхняюць не толькі мяне, але і тых, хто прыходзіць на канцэрты. 

Дзякуючы намаганням Ірыны Відавай на доме 20 па вуліцы Ракаўскай, у якім Алег Молчан правёў першыя гады жыцця, з’явілася мемарыяльная дошка, а побач з ім — музычная лава. У памяць пра мужа яна падрыхтавала канцэрты «Я нясу вам дар», «Алег Молчан-55», «Там, высока», выдала сем зборнікаў-сшыткаў «Алег Молчан. Песні для голасу і фартэпіяна», выпусціла два дыскі фірмы «Мелодыя», зборнік яго харавых твораў, цыкл песень «Малітва». 

Да 60-годдзя маэстра Ірына Відава зняла кліп «На адной хвалі», абнавіла некалькі песень, падрыхтавала адну прэм’еру. Музыка кампазітара і сёння гучыць. Яго песні па-ранейшаму памятаюць, любяць і актыўна выконваюць. Жыццё твораў Алега Молчана працягваецца. 

фота Т. Вельт

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю