Top.Mail.Ru

12 маладых вучоных прызналі найлепшымі

Падтрымка навуковай моладзі — абавязковая ўмова развіцця навукі. У 2019 годзе былі зацверджаны прэміі для таленавітых маладых навукоўцаў, якія працуюць у інстытутах і даследчых цэнтрах Нацыянальнай акадэміі навук. Дзве з іх штогод прысуджаюцца ў галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, тэхнічных навук (яны носяць імя акадэміка Ж. І. Алфёрава). Чатыры (імя акадэміка В. Ф. Купрэвіча) — уручаюцца за найлепшыя распрацоўкі ў галіне біялогіі, хіміі, медыцыны, аграрных навук. І яшчэ дзве — імя акадэміка У. М. Ігнатоўскага — заснаваны ў галіне сацыяльных і гуманітарных навук.


Лаўрэатамі гэтых прэмій па выніках 2024 года сталі 12 маладых навукоўцаў. Прэмію імя Ж. Алфёрава прысудзілі малодшаму навуковаму супрацоўніку Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Яўгеніі Зяноўка, малодшаму навуковаму супрацоўніку Андрэю Бакуновічу, інжынеру-праграмісту Віталю Хахлову за цыкл работ «Распрацоўка агульнай інтэрактыўнай «Платформы штучнага інтэлекту BELAІ.BY» і платформы «Галасавой AІ-асістэнт». Яе лаўрэат таксама і намеснік начальніка аддзела Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі Міхаіл Кавалько (за цыкл работ, прысвечаных жалезавугляродзістым сплавам).

— Дзевяць гадоў я ў Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі, і хачу сказаць вялікі дзякуй за магчымасць працаваць у гэтым месцы, — кажа Яўгенія Зяноўка, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення. — Наш інстытут — адзін з ключавых навуковых цэнтраў краіны, дзе займаюцца развіццём штучнага інтэлекту. Прычым над гэтым мы якраз і працуем у нашай лабараторыі.

— Займаюся ў асноўным тэхнічнай часткай, — распавядае інжынер-праграміст лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення Віталь Хахлоў. — У Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі тры гады. Гэта праца з нейрасеткамі, машыннае навучанне. Таму мне асабліва прыемна атрымаць гэтую прэмію, бо ў асноўным людзі бачаць вынік, а ўсе вылічэнні застаюцца «за кадрам».

— Было прыемна даведацца, што дасягненні нашай каманды адзначаны прэміяй для маладых навукоўцаў, — дадала Яўгенія Зяноўка. — Радуе, што нашы распрацоўкі цэняцца і важныя — і для нашага інстытута, і ў цэлым для Беларусі.

Лаўрэатамі прэміі для маладых навукоўцаў імя акадэміка В. Купрэвіча сталі навуковы супрацоўнік Інстытута фізіялогіі НАН Ганна-Марыя Ерафеева, навуковыя супрацоўнікі НПЦ НАН па біярэсурсах Паліна Лабаноўская, Арсеній Валністы, Уладзіслаў Малчан і загадчык сектара Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі Аляксандр Шарэнка. Удастоена гэтай прэміі і загадчык сумеснай беларуска-кітайскай лабараторыі ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» Кацярына Шмыга. Прэмію акадэміка У. Ігнатоўскага ўручаць навуковаму супрацоўніку Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Дзмітрыю Крэнту, а таксама навуковаму супрацоўніку Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Аляксандры Нічыпаровіч.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю