У памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны і аб подзвігу продкаў, якія здабылі Перамогу, у Палацы Рэспублікі з 6 па 12 красавіка праходзяць канцэрты-рэквіемы «Кожны трэці». Па распараджэнні Прэзідэнта яны арганізаваныя для жыхароў усіх абласцей і Мінска. Увечары ў сераду яго гледачамі сталі прадстаўнікі Гродзенскай вобласці.
Намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Каранік, які прысутнічаў на канцэрце разам з дэлегацыяй вобласці, якую ён да нядаўняга часу ўзначальваў, адзначыў:
— Наша пакаленне размаўляла з ветэранамі. Мы разумелі, якой цаной далася перамога, якія жахі перажыў наш народ. І наша задача — перадаць гэту інфармацыю моладзі, — заявіў ён. — Калі падлеткам расказваеш гісторыі, прыводзіш лічбы, яны слухаюць, слухаюць уважліва. Але калі бачаць кадры хронікі, сваіх аднагодкаў за калючым дротам, у якіх бяруць кроў, то выходзяць з залы са слязамі на вачах. І ты разумееш, што яны прачулі. І яны зробяць усё, каб гэта не паўтарылася. Мы разам зробім усё, каб над нашай любімай краінай заўсёды было чыстае мірнае неба.
Пра тое, што на Прынёманскіх рубяжах, як і ў Брэсцкай крэпасці, быў сарваны нямецкі план вокамгненнай вайны «Бліцкрыг», нагадаў у пачатку канцэрта ўсім прысутным старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў:
— Бясстрашныя воіны-пагранічнікі і байцы Чырвонай Арміі Гродзенскага ўмацаванага раёна прымусілі нямецка-фашысцкіх захопнікаў спыніцца і ісці не па плане. Змагаліся да канца. Нашы землякі ваявалі ў Чырвонай Арміі, у партызанскіх атрадах і ў падполлі, набліжаючы Вялікую Перамогу. За вызваленне Ліды, Слоніма, Ваўкавыска і Гродна доблесным войскам беларускіх франтоў салютавала Масква.
Пагасла святло — і ў зале запанавала цішыня. На вялізным экране — чорна-белыя кадры ваеннай хронікі. І голас за кадрам: «22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія подла і вераломна напала на Савецкі Саюз. Пачалася самая кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва». Гэтымі словамі адкрыўся канцэрт-рэквіем «Кожны трэці», прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі. Рэквіем па амаль паўтара мільёну савецкіх грамадзян, чые жыцці абарваліся ў канцлагерах акупаванай тэрыторыі Беларусі. Па 9 тысячах спаленых вёсак, 209 разбураных гарадах. Па 570 лагерах смерці, 14 з якіх — для дзяцей. Па кожным трэцім беларусе — ад малога да старога.
Са сцэны не гучаць пафасныя прамовы і парадныя маршы. Толькі сапраўдныя дакументы, факты, лічбы. А яшчэ — радкі з вядомага верша Анатоля Вярцінскага «Рэквіем па кожным чацвёртым» (калі паэт яго пісаў, былі звесткі аб загінулым кожным чацвёртым, на жаль, з таго часу лічба павялічылася да кожнага трэцяга). Менавіта да яго адсылае назва праекта, першапачаткова створанага для паказу ў маскоўскім Музеі Перамогі на Паклоннай гары. Пасля трыумфальнай прэм’еры ў Расіі было вырашана: унікальны канцэрт павінен убачыць і беларускі глядач. 22 чэрвеня, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, пастаноўка ўпершыню прайшла ў Палацы Рэспублікі.
«Калі стаіш на сцэне і бачыш, як людзі ў зале плачуць, часам самому немагчыма стрымацца»
Аснову канцэрта склалі папулярныя музычныя кампазіцыі савецкай эпохі і работы сучасных беларускіх аўтараў, сярод якіх Валерый Шмат, Ганна Сялук, Яўгеній Алейнік, Ганна Благава і іншыя. Адной з самых кранальных стала песня «Ты раскажы дзіцяці пра вайну» ў выкананні маладых артыстаў — Арцёма Скароля і Леры Бернатовіч:
— Яна пра тое, што дзецям трэба больш расказваць пра тыя часы, Перамогу, яе герояў, — распавёў Арцём Скароль. — Але калі ты стаіш на сцэне і бачыш, як у зале людзі плачуць — часам самому немагчыма стрымацца.
— Гэта ўжо наш чацвёрты канцэрт, і ніводзін не абышоўся без слёз. Мы самі не можам выконваць гэту песню без эмоцый, — прызналася Лера Бернатовіч. — У тым ліку таму, што разумеем усю значнасць праекта «Кожны трэці».
Сваімі эмоцыямі ад удзелу ў ім падзяліліся і салісткі рэтра-вумен-трыа «Ружовыя ружы» Марына Путнікава, Кацярына Муратава і Вольга Змуршчык:
— Шчыра, па-сапраўднаму і абавязкова з чыстым сэрцам мы выходзім на сцэну канцэрта-рэквіема «Кожны трэці». Усё настолькі прыгожа зроблена, што кожны твор кранае да глыбіні душы. І мы жадаем, каб людзі змаглі пражыць разам з намі кожную эмоцыю. Каб разумелі, што такое вайна і чаму яна не павінна паўтарыцца.
На працягу ўсяго канцэрта зала не раз апладзіравала стоячы, аддаючы даніну павагі тым, хто змагаўся за мір. Моцнае ўражанне пакінула песня «Да канца» — пранізлівы гімн мужнасці і стойкасці абаронцаў Айчыны, неабходнасці захоўваць памяць аб іх подзвігу, заставацца чалавекам да апошняга ўздыху.
Архіўныя фотаздымкі змяняліся на экране: пустыя позіркі забітых, партызаны з вінтоўкамі наперавес, гара дзіцячых чаравічкаў у Трасцянцы... Гэтыя дакументальныя фота- і відэаматэрыялы нікога не пакінулі абыякавым. Як і песня «Голас мамы». Яна асабліва закранула інструктара-метадыста са Слоніма Іну Юрчык:
— Было немагчыма не плакаць, калі паказвалі, праз што падчас вайны праходзілі дзеці. І наогул, тэма генацыду беларускага народа, асабліва пакуты дзяцей мяне вельмі глыбока ўразілі на гэтым канцэрце. Артысты па-майстэрску перадалі ўвесь боль і трагізм таго часу. Гэта адначасова кранальна і страшна.
«Гонар бярэ за беларускі народ, што здолеў перажыць і выстаяць»
Перад канцэртам і пасля яго ў фае Палаца Рэспублікі — мора людзей. Тут прадстаўлены шэраг тэматычных выставачных праектаў. Хтосьці ўглядаецца ў лісты-трохвугольнікі, хтосьці — уважліва вывучае карты акупаваных фашыстамі беларускіх тэрыторый.
Напрыклад, выстаўка «Подзвігі і лёсы партызан у дакументах» заснавана на матэрыялах інтэрнэт-праекта «Партызаны Беларусі» (partіzany. by) выдавецкага дома «Беларусь сегодня» і Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. На стэндах — унікальныя фатаграфіі, узнагародныя лісты, баявыя характарыстыкі. Праект, удастоены Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дазваляе кожнаму знайсці інфармацыю пра сваіх продкаў-партызанаў. А вось рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Культура і мастацтва» разам са студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў «ажывіла» палотны з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці.
У экспазіцыі «Генацыд: дакументы і відавочцы сведчаць» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі раскрываюцца сутнасць і змест розных форм гэтай страшнай з’явы: ад жахаў канцлагераў і трагедыі Халакоста да спаленых вёсак, карных аперацый і эксплуатацыі мясцовага насельніцтва. Апроч кніжных выданняў прадстаўлены тэматычныя плакаты ад выдавецтва «Беларусь», створаныя на аснове сучасных следчых матэрыялаў. Асаблівы экспанат — партызанскі пераносны млын 1943 года — сімвал народнай кемлівасці і супраціўлення, барацьбы за жыццё ва ўмовах татальнага голаду.
На гэту тэму — ролі хлеба ў гады вайны — і выстава ад КУП «Мінскхлебпрам». Прадпрыемства сабрала фатаграфіі хлебазаводаў і рэцэпты, а таксама прывезла пяць відаў хлеба, выпечаных па тэхналогіях 1940-х. На стале з дэгустацыяй — шалі з кавалачкам у 125 грамаў. Гэта норма тылу і фронту таго страшнага часу:
— З намі прыехала настаўніца пачатковых класаў, якая ўзяла крыху хлеба з сабой. Хоча паказаць дзецям, чым сілкаваліся людзі ў ваенныя гады, які жудасны голад яны перажылі. Гонар бярэ за беларускі народ, што здолеў перажыць і выстаяць, — гаворыць Віта Барадын, бібліятэкар Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.
Нават праз 80 гадоў боль вайны застаецца агульным. Але такія праекты, як «Кожны трэці», якія распавядаюць пра Вялікую Айчынную вайну без прыкрас, без замоўчванняў, з’яўляюцца падмуркам таго, што трагедыя не паўторыцца. Бо гэта не толькі аповед пра мінулае, але і наглядны ўрок на будучыню.