Дзіцячае піяніна, музычныя школы, канцэрты, міжнародныя конкурсы... Менавіта так выглядае творчы шлях 13-гадовага Івана Шапарава, юнага кампазітара, чые творы ўжо кранаюць дзясяткі сэрцаў. Хлопец прызнаецца, што песні піша тады, калі ёсць натхненне. І трагедыя «Шталага-352», лагера савецкіх ваеннапалонных каля Мінска, таксама кранула сэрца юнага Вані. Ён не толькі наведаў гэтае месца, але і стварыў моцную музычную кампазіцыю «Душа за калючым дротам», каб нагадаць пра гераізм нават у нечалавечых умовах.
Ваня толькі што скончыў 4 клас музычнай школы, і ў яго праграме ёсць прадмет «Кампазіцыя». Адной з самых запамінальных падзей для яго стаў маскоўскі фестываль «У імя жыцця», прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. У яго рамках праходзіў і конкурс кампазітараў «Спадчыннікі перамогі», у якім удзельнічаў і Ваня са сваёй сястрой Дзіянай. Юны кампазітар заваяваў Гран-пры сярод чатырох узроставых намінацый. Але, як сам прызнаецца, апроч кубка, быў і падарунак, які парадаваў значна больш: яго ваенную песню на верш Аляксандра Твардоўскага «Калі пройдзеш шляхам калон...» выканаў зводны хор у суправаджэнні эстрадна-сімфанічнага аркестра. «У мяне дрыжалі рукі ад эмоцый!» — успамінае хлопчык.
Калі звяртацца да працэсу стварэння песні, то Ваня расказвае: «Спачатку я спрабую знайсці тэкст, на які можна нешта наспяваць. Так, напрыклад, было з вершам Аляксандра Твардоўскага. Я доўга яго шукаў, перабіраючы кнігі паэтаў-франтавікоў, пакуль аднойчы ўвечары не наспяваў радкі: «Калі пройдзеш шляхам калон...»
Увогуле зацікаўленасць хлопчыка падзеямі ваеннага ліхалецця пачала праяўляцца даволі рана: «Ужо з 8-9 гадоў я стаў збіраць вялікую колькасць кніг пра вайну. Гэта і разнастайныя энцыклапедыі, падручнікі, кнігі... Апошняе, што мяне вельмі ўразіла, — «Успаміны дзяцей вайны Масквы і Мінска: шлях подзвігу». Менавіта дзякуючы такой любові да чытання, аднойчы бацька падарыў Ваню кнігу Мікалая Гаўрылава «І абатрэ Бог усякую слязу», з якой хлопчык даведаўся пра «Шталаг-352», што знаходзіцца ў Масюкоўшчыне. Івана настолькі ўразіла гісторыя маладога хлопца, які трапіў у палон, што ён захацеў наведацца ў гэтае месца, пасля з бацькам даведаўся пра Музей подзвігу савецкіх ваеннапалонных-вязняў «Шталага-352», які знаходзіцца на тэрыторыі храма Узвіжання Крыжа Гасподняга... А там і аб праекце храма, што ставіць на мэце распавесці пра подзвіг вязняў лагера маладому пакаленню.
Назвы для сваіх кампазіцый хлопчык заўсёды прыдумляе самастойна. І на гэты раз таксама ўклаў глыбокі сэнс:
«Мой твор расказвае пра чалавека, у якога ёсць душа, што спрабуе вызваліцца з палону. Яна шукае выйсця з такога становішча, калі вымушана цярпець катаванні, холад, голад...Толькі ўявіце:
хлеба вязням давалі менш, чым у блакадным Ленінградзе, людзей вымушалі на спінах цягаць камяні да Мінска. Некаторыя папросту не вытрымлівалі і насаджваліся грудзьмі на той самы дрот пад электранапружаннем, які іх стрымліваў. І я хачу паказаць, што нават у такіх абставінах душа застаецца душой».
Сама кампазіцыя падзелена на чатыры ўмоўныя часткі: у першай расказваецца пра мірнае жыццё, у другой — праз музыку кампазітар спрабаваў перадаць тое напружанне, якое адчуваецца, калі прыходзяць фашысты, трэцяя — пра катаванні і жахі ў «Шталагу-352», а чацвёртая частка сімвалізуе надзею на вызваленне: тут вера ў лепшае дасягае свайго піка... А гучанне звону — своеасаблівы апагей усёй кампазіцыі. «Я проста хачу, каб як мага больш дзяцей даведаліся пра тыя страшныя падзеі, зразумелі, як гэта балюча. І, магчыма, нешта для сябе вынеслі...»
Анжаліка СЦЕФАНОВІЧ