Top.Mail.Ru

13 кастрычніка ў Мінску стартуе V Рэспубліканскі конкурс прыгажосці сярод шматдзетных жанчын «Краса Беларусі — 2025»

На працягу Тыдня бацькоўскай любові (да 19 кастрычніка) 15 прэтэндэнтак на званне «Краса Беларусі — 2025» чакаюць майстар-класы па тэхніцы маўлення і зносін, сцэнічным майстэрстве, дэфіле, фота і відэапластыцы.


Конкурс «Краса Беларусі» ўпершыню прайшоў у 2021-м. Яго ідэйны натхняльнік — дырэктар і заснавальнік Сацыяльна-культурнага цэнтра «Планета кахання», маці пяцярых дзяцей, прадстаўнік Беларусі на конкурсе «Місіс Сусвет — 2019», уладальніца ордэна Маці Аляксандра Нікіфарава.

— Галоўная мэта конкурсу «Краса Беларусі» — паказаць: быць шматдзетнай мамай натуральна, прыгожа і ганарова, — падкрэслівае Аляксандра Нікіфарава. — Жанчыны не толькі даюць жыццё, яны адказваюць за тое, якімі вырастуць іх сыны і дочкі, а значыць, якім будзе наша агульнае заўтра. Выхоўваюць нашчадкаў не словы, а найперш уласны прыклад. Таму мы выбіралі шматдзетных мам з насычанай жыццёвай гісторыяй, якія паспяхова спалучаюць мацярынства з адукацыяй, прафесійнымі дасягненнямі, актыўнай жыццёвай пазіцыяй. 

Сёлета з 70 пададзеных анлайн-заявак фіналісткамі мінулых гадоў былі адабраны 15 шматдзетных мам, якія знаходзяцца ў шлюбе. Самай маладой Анастасіі Мазурэнка з Гомеля — 27 гадоў, самай старэйшай Вераніцы Піванковай са Смалявіцкага раёна — 47. 

7 дзён падрыхтоўкі да шоу — гэта 7 дзён творчасці, свята, асаблівай атмасферы, якую глядач здолее адчуць падчас фіналу конкурсу 19 кастрычніка. Тады і назавуць імя пераможцы.

14 кастрычніка шматдзетныя маці Аляксандра Нікіфарава і Ганна Гарбакова адкрыюць матч хакейнага клуба «Дынама-Мінск» на «Мінск-Арэне», зрабіўшы сімвалічнае ўкідванне шайбы гульцам.

Тысячная аўдыторыя на трыбуне ўбачыць пераможцаў конкурсаў мінулых гадоў і фіналістак гэтага года, якіх запрасілі на «Мінск-Арэну» і якіх пакажуць на экранах. У сераду ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны 15 фіналістак запішуць відэадэкларацыю — зварот шматдзетных маці да жанчын Беларусі. Сёлета зварот прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі. Таксама запланаваны ўдзел у круглых сталах з зацікаўленымі асобамі па актуальных для шматдзетных праблемах. Хто ведае іх лепш, чым гэтыя жанчыны?

— Многія ўдзельніцы мінулых гадоў прызнаюцца, што конкурс «Краса Беларусі» раскрыў у іх той жаночы і творчы патэнцыял, пра які яны нават не падазравалі, — адзначае Аляксандра Нікіфарава. — Кагосьці гэты праект заахвоціў атрымаць яшчэ адну адукацыю, кагосьці — паспрабаваць сябе на іншай прафесійнай ніве, а кагосьці — нарадзіць яшчэ адно дзіця. Усе разам мы ўздымаем прэстыж шматдзетнага мацярынства. Мне хочацца, каб конкурс стаў месцам, дзе гледачы (а сярод іх шмат маладых юнакоў і дзяўчат) знаёміліся і завязвалі сур’ёзныя адносіны. А яшчэ мая мара — у перспектыве арганізаваць падобны міжнародны конкурс. Наша Беларусь можа стаць заканадаўцай моды на шматдзетнае мацярынства.

Даведачна: 

Арганізатары Рэспубліканскага конкурсу прыгажосці сярод шматдзетных жанчын «Краса Беларусі — 2025»: ДУ «Мінскканцэрт», Сацыяльна-культурны цэнтр «Планета кахання» ў асобах шматдзетных маці А. М. Нікіфаравай і Г. Ф. Гарбаковай, ГА «Беларуская асацыяцыя ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння войскаў МУС «Гонар».

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіва Аляксандры НІКІФАРАВАЙ

Чытайце таксама: Сямейны праваслаўны форум «Дом шчасця» — для тых, хто цэніць традыцыйныя каштоўнасці

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю