13 манахаў з Сіцзанскага аўтаномнага раёна і правінцыі Юньнань (Паўднёва-Заходні Кітай) атрымалі вышэйшую вучоную ступень у традыцыі Гелуг тыбецкага будызму — Гешэ Лхарамба, раўназначную ступені доктара навук у вышэйшай адукацыі, перадае «Сіньхуа».
Цырымонія прысваення звання «Гешэ Лхарамба» адбылася днямі ў Джакангу, самым ушанаваным манастыры ў Лхасе (адміністрацыйны цэнтр Сіцзанскага аўтаномнага раёна), пасля завяршэння афіцыйных дэбатаў, у якіх прынялі ўдзел прэтэндэнты — манахі з манастыроў Лхасы, Шыгацзэ і іншых раёнаў Сіцзана, а таксама з суседняй правінцыі Юньнань. Іх сярэдні ўзрост — 45 гадоў.
У тыбецкай мове «гешы» азначае «інтэлектуальны». Тытул «Лхарамба» з’яўляецца самым высокім з чатырох узроўняў у сістэме прысваення вучоных ступеняў школы Гелуг, таксама вядомай як школа «жоўтая секта» тыбецкага будызму. Традыцыя атрымання вучонай ступені Гешэ налічвае каля 900 гадоў, а званне «Лхарамба» было ўведзена каля 400 гадоў таму.
Для многіх манахаў ступень Гешэ — гэта святы гонар і пажыццёвае імкненне. Яе прысваенне, як і рэінкарнацыя жывых будаў, разглядаецца як ключавы кірунак працы па захаванні і развіццю тыбецкага будызму.
Па выніках дэбатаў першае месца заняў 42-гадовы Чанпа-Ёнар з Камдо. «Атрыманне Гешэ Лхарамба перад манастыром Джаканг пасля 29 гадоў вучобы было для мяне выключна значным момантам», — падзяліўся ўражаннямі манах. Паводле яго слоў, працягваючы вывучаць будызм, ён гатовы надаваць увагу грамадству і служыць інтарэсам людзей.
Па даных сіцзанскага аддзялення Будыйскай асацыяцыі Кітая, за перыяд з 2004 года 202 тыбецкіх манаха атрымалі вучоную ступень Гешэ Лхарамба.