Top.Mail.Ru

14 кастрычніка Лоеў адзначае 80 гадоў вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

У кожнага горада — свой характар, свой лёс. У гарадскога пасёлка Лоеў на Гомельшчыне ён вызначаны яшчэ і падзеямі 1943 года. Лоеўскі плацдарм стаў эпіцэнтрам адной з самых маштабных аперацый Вялікай Айчыннай вайны, якая ўвайшла ў сусветную гісторыю як этап бітвы за Дняпро. 14 кастрычніка раённы цэнтр адзначае 80 гадоў мірнага, свабоднага жыцця. З гэтых мясцін пачалося вызваленне Беларусі ад гітлераўскай акупацыі. Новы праект «Шляхамі вызвалення» да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прапануе аднавіць у памяці подзвіг савецкіх воінаў. Карэспандэнт «Звязды» пераканалася: памяць аб Вялікай Айчыннай вайне займае асаблівае месца ў сэрцах жыхароў Лоеўшчыны.


Вынікі акупацыі

У самыя радасныя і самыя ўрачыстыя дні свайго жыцця лаяўчане прыходзяць на цэнтральную плошчу. Гэта месца на беразе Дняпра — святое. Тут аддаюць пашану загінулым вызваліцелям гарпасёлка. Самую шчырую ўдзячнасць у сэрцы нясуць і госці Лоева, якія прыязджаюць сюды, каб дакрануцца да гераічнага савецкага мінулага.

Да вайны гэта тэрыторыя славілася развітой сельскай гаспадаркай: працавала шмат малочнатаварных ферм і прамкамбінат. На Лоеўшчыну нямецка-фашысцкія захопнікі прыйшлі ў жніўні 1941 года. Падчас акупацыі 24 вёскі раёна падзялілі лёс Хатыні, 27 населеных пунктаў былі часткова знішчаны захопнікамі. Ахвярамі трагедый населеных пунктаў сталі больш за 1500 жанчын, дзяцей і старых. Больш за 700 чалавек загінулі падчас акупацыі, 2500 мясцовых жыхароў былі сагнаны ў рабства. Па сабраных пасля вызвалення сведчаннях, фашысты ў Лоеве расстрэльвалі мірнае насельніцтва ў супрацьтанкавым рове і на тэрыторыі былога прамкамбіната. Дзейнічала яўрэйскае гета адкрытага тыпу і лагер прымусовага ўтрымання людзей. Вядома, што перад тым, як адыходзіць з гарпасёлка, акупанты перааралі тэрыторыю каля супрацьтанкавага рова з астанкамі людзей, каб не было магчымасці дакладна ўстанавіць, колькі чалавек тут расстраляны. Калі ў 1943 годзе пасля паражэння нямецкіх войскаў пад Сталінградам пачалося іх маштабнае адступленне, фашысты знішчалі любую інфраструктуру, пакідалі пасля сябе «выпаленую зямлю».

«Усходні вал»

Менавіта па тэрыторыі Лоеўскага раёна праходзіў стратэгічны абарончы рубеж гітлераўцаў — Усходні вал.

— Яго асноўныя ўмацаванні праходзілі па правым беразе Дняпра. Вораг улічыў асаблівасці ракі, правы бераг якой практычна на ўсім сваім шляху значна ўзвышаецца адносна нізкага і плоскага левага берага. Вядомы выраз Гітлера: «Хутчэй Дняпро пацячэ назад, чым рускія возьмуць «Усходні вал», — нагадвае дырэктар Музея бітвы за Дняпро ў гарпасёлку Лоеў Гомельскай вобласці Вікторыя Яшчанка. — Немцы былі перакананы, што гэта мяжа абароны стане непрыступным бар’ерам для Чырвонай Арміі. Вораг прадбачыў велізарнае значэнне і Лоеўскага плацдарма. На гэтым участку было створана некалькі ліній абароны.

Фарсіраванне ракі

Рух савецкіх войскаў да Дняпра, распачаты ў жніўні 1943-га, адбываўся паэтапна, быў абцяжараны моцным супраціўленнем ворага. Да сярэдзіны верасня Чырвоная Армія ў асноўным дасягнула пастаўленай мэты — была вызвалена значная частка Левабярэжнай Украіны, савецкія войскі падышлі да мяжы Беларусі. У верасні, падчас Чарнігаўска-Прыпяцкай наступальнай аперацыі, вызвалены першы беларускі населены пункт — гарпасёлак Камарын Брагінскага раёна. Асноўныя намаганні Цэнтральнага (Беларускага) фронту нацэлілі на гомельскі напрамак. Савецкім войскам трэба было прарваць умацаванне нямецкіх пазіцый «Усходняга вала» на ўчастку міжрэчча Дняпра і Сожа.

Камандуючы фронтам генерал войска Канстанцін Ракасоўскі ў сваіх успамінах так апісваў падзеі таго часу: «У паласе дзеянняў войскаў фронту, у межах Беларусі на асноўным і вельмі для нас важным напрамку знаходзіўся буйны абласны прамысловы цэнтр Гомель. Хуткае авалодванне гэтым горадам з’яўлялася важнай задачай па аператыўных і палітычных меркаваннях. Гэта ўлічваў і сапернік, які прыняў усе меры да ўтрымання за сабою горада і наваколля. Гомель быў размешчаны ў паласе асноўнай абароны немцаў. Шырока быў ужыты намі манеўр сіламі і сродкамі з перакідваннем нашых войск з аднаго ўчастка на другі. Гэта дазволіла добра і ўстойліва падрыхтаваць фарсіраванне ракі Дняпро ў раёне Лоева, якое бліскуча ажыццявілі часці 65-й арміі».

Яе падраздзяленні 28 верасня фарсіравалі Сож у раёне вёскі Карпаўка. Нямецкае камандаванне аператыўна перакінула з-пад Гомеля ў міжрэчча Дняпра і Сожа значныя сілы падмацавання. Тады камандуючы войскамі Беларускага фронту генералам Канстанцінам Ракасоўскім і было прынята рашэнне перагрупаваць асноўныя сілы 65-й арміі з гомельскага напрамку ў раён Лоева. У дняпроўска-сожскім міжрэччы ў гомельскім напрамку засталося некалькі падраздзяленняў, якія павінны былі стварыць бачнасць нарошчвання сіл савецкімі войскамі нібыта для ажыццяўлення прарыву да абласнога цэнтра.

Як нашы войскі рыхтаваліся да гэтай аперацыі, у сваёй кнізе «У паходах і баях» апісаў двойчы Герой Савецкага Саюза, камандуючы 65-й арміяй генерал Павел Іванавіч Батаў. У кастрычніку 1943 года менавіта 65-я армія Батава ва ўзаемадзеянні з 61-й арміяй генерала Бялова фарсіравала раку Днепр і захапіла плацдарм у раёне Лоева:

«У першыя дні толькі вузкае кола людзей — члены Ваеннага Савета войска, камандзіры карпусоў і дывізій — ведалі, куды і навошта перамяшчаецца войска... Былі прыняты ўсе меры, каб забяспечыць скрытнасць і дэзарыентаваць саперніка... Працавалі радыёстанцыі карпусоў, імітуючы сувязь з дывізіямі на плацдарме. У лясах на ўсходнім беразе дзень і ноч палілі шматлікія вогнішчы: няхай вораг лічыць, што нашы войскі не толькі нікуды не перакідваюцца, а, наадварот, усё больш падцягваюцца. Уначы часці ішлі па шашы Гомель — Чарнігаў у новы раён. Днём узмацняўся рух аўтамашын у зваротным напрамку — у бок сожскіх плацдармаў... У раёнах засяроджвання часці маскіраваліся ў лясах. Асноўныя сілы размяшчаліся за 5-6 кіламетраў ад Дняпра, другія эшалоны — за 6-8 кіламетраў... Перагрупоўкай у раён Лоеў — Радуль вырашалася асноўнае пытанне наступлення — стварэнне безумоўнай перавагі сіл на абраным напрамку галоўнага ўдару...»

Сапраўдным подзвігам падчас фарсіравання Дняпра стала ўзвядзенне моста: пад бомбавымі ўдарамі нямецкай авіяцыі чырвонаармейцы пры падтрымцы мясцовых жыхароў за адны суткі ўручную паставілі 400 метраў пераправы

Звышхрабрасць

Першымі на правы бераг Дняпра каля вёскі Крупейкі пад Лоевам высадзіліся разведчыкі 20-й асобнай разведроты 69-й стралковай дывізіі, услед за імі пераправіліся байцы 2-га дэсантнага батальёна 120-га стралковага палка.

«Разведвальныя даныя 61-й арміі, аэрафотаздымка і назіранні нашай разведкі паказалі, што на супрацьлеглым беразе немцы мелі каля 18 пяхотных батальёнаў, 96 станкавых і 250 ручных кулямётаў, 330 гармат і мінамётаў. Пры рацэ шырынёй 400 метраў і глыбінёй 7-8 метраў абарона праціўніка складалася з дзвюх ліній траншэй з хадамі паведамлення поўнага профілю. Першая суцэльная траншэя — каля ўрэзу вады, другая — па высокім старым беразе; там — акопы артылерыі для вядзення агню прамым навядзеннем. Населеныя пункты і асобныя пабудовы прыстасаваны да працяглай абароны, асабліва вёска Шытцы», — апісаў лініі абароны ворага ў кнізе «У паходах і баях» генерал Павел Іванавіч Батаў.

Чырвонаармейцы, сярод якіх былі і байцы штрафных рот, дзейнічалі бясстрашна. Уварваўшыся ў нямецкую траншэю, яны ў рукапашным баі авалодалі ўмацаваннем. Ужо праз гадзіну пасля пачатку прарыву на Лоеў чырвонаармейцамі была захоплена безназоўная вышыня вёскі Шытцы.

— Варта разумець, вышыня берага ракі на ўчастку Лоеўскага раёна дасягала 16 метраў, і ён быў амаль пад 90 градусаў, — дадае дырэктар музея «Бітва за Дняпро» Вікторыя Яшчанка. — Захоўваецца макет лодкі, якую салдаты выкарыстоўвалі падчас фарсіравання ракі. Лодкі былі разлічаны на 7-8 чалавек. Мяшкі, шчыльна набітыя саломай, прывязвалі да кармы, каб у выпадку перакульвання быў шанц пратрымацца на вадзе.

Сярод тых, хто паспяхова фарсіраваў Дняпро 15 кастрычніка, быў легендарны батальён пад камандаваннем маёра Уладзіміра Несцерава. Байцы бліскуча ажыццявілі дэсант паўночней вострава Хаўранкоў. За подзвігі пры фарсіраванні Дняпра і ўтрыманні плацдарма 22 воіны гэтага батальёна былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, некаторыя — пасмяротна. Прыкладам мужнасці для таварышаў стаў малодшы лейтэнант Пётр Акуцыёнак. У вырашальную хвіліну бою камандзір узвода малодшы лейтэнант Акуцыёнак з чырвоным сцягам у руках кінуўся на пазіцыі ворага. Натхнёныя смеласцю камандзіра, салдаты рушылі ўслед. Гітлераўцы не вытрымалі націску, пазіцыя была ўзятая. Акапаўшыся, батальён утрымліваў яе да падыходу падмацавання. За подзвіг пры фарсіраванні Дняпра на ўчастку ў раёне Лоева малодшаму лейтэнанту Акуцыёнку пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Між тым 16 кастрычніка баі на Дняпры каля Лоева працягнуліся. 

З самай раніцы падраздзяленні 65-й арміі пад шквалістым агнём саперніка працягвалі перапраўляцца праз раку. Ужо бліжэй да поўдня стралковыя карпусы занялі пазіцыі на правым беразе Дняпра і пры падтрымцы штурмавой авіяцыі перайшлі ў наступ. У выніку скаардынаваных дзеянняў падраздзяленняў удалося не толькі зламаць супраціўленне ворага, але і да 16 гадзін поўнасцю ачысціць ад фашыстаў гарпасёлак Лоеў. Цалкам тэрыторыю Лоеўскага раёна вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 22 лістапада. Менавіта з узяцця Лоеўскага плацдарма 10 лістапада 1943-га пачалася Гомельска-Рэчыцкая наступальная аперацыя. 26 лістапада быў вызвалены першы абласны цэнтр Беларусі — Гомель.

Плацдарм герояў

— За кожным гераічным эпізодам той бітвы — лёс канкрэтных людзей, жыццё, якое яны аддалі за родную зямлю. У той час пісалі, што толькі стальная сіла духу і звышхрабрасць савецкіх воінаў дазволілі парушыць нямецкі план непрыступнай абароны «Усходняга вала». Усяго за фарсіраванне Дняпра званні Герой Савецкага Союза атрымалі 2438 чалавек. За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры штурме «Усходняга вала» на тэрыторыі Лоеўскага раёна, узнагароды ўдастоіліся 365 чалавек! Гэта своеасаблівы рэкорд, — звяртае ўвагу Вікторыя Яшчанка.

Па яе словах, ужо ў 1944 годзе лаяўчане сталі вяртацца дадому, аднаўлялі свае вёскі. Лоеўскімі музейшчыкамі сабраны ўспаміны мясцовых жыхароў, як, напрыклад, аднаўлялася навучанне ў школе — будынку без вокнаў, калі катастрафічна не хапала паперы для заняткаў.

— Людзі знайшлі ў сабе сілы аднавіць раён, народную гаспадарку, выжывалі, дапамагалі адно аднаму. Натуральна, што некалькі сем’яў сяліліся ў лепшым выпадку ў хаце з адной печчу, але ўсё роўна былі шчаслівыя, што ўсё скончылася. Наогул, людзі, якія прайшлі вайну, перажылі ўвесь той жах, разумелі каштоўнасць кожнага мірнага дня, — дадае Вікторыя Аляксандраўна.

У пачатку 1944 года прынятая сумесная пастанова Лоеўскага райвыканкама і РК КП(б)Б аб аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі. У 1950 годзе пачынаецца ўзбуйненне калгасаў — замест 57 дробных гаспадарак створана 19. У 1962-м у Лоеве пабудаваны бальнічны гарадок і сярэдняя школа. У снежні 1962 года Лоеўскі раён рэарганізаваны, а яго тэрыторыя перададзена Брагінскаму і Рэчыцкаму раёнам. Праз год у гарпасёлку адкрылі педагагічнае вучылішча. 3 ліпеня 1966 года на цэнтральнай плошчы Лоева ў гонар воінаў 61-й, 65-й і 16-й паветранай армій, якія вызвалялі раён, устаноўлены 18-метровы «Манумент Славы». 1 жніўня 1966 года Лоеўскі раён адноўлены. У год 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Указам Прэзідэнта Беларусі гарпасёлак Лоеў узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Памяць жыве

Славутасць Лоева — Музей бітвы за Дняпро на постсавецкай прасторы — адзіная музейная ўстанова, экспазіцыя якой прысвечана гісторыі фарсіравання Дняпра і прарыву «Усходняга вала». Музей быў адкрыты 9 мая 1985 года. У яго фондах — звыш чатырох тысяч экспанатаў. Экспазіцыі прысвечаны падзеям фарсіравання Дняпра ў Гомельскай вобласці войскамі Цэнтральнага фронту, баявым дзеянням 61-й і 65-й армій на Лоеўскім плацдарме і вызваленню тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У экспазіцыі таксама — матэрыялы аб партызанскім руху на Лоеўшчыне, земляках — героях Вялікай Айчыннай вайны.

Вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікаюць сродкі пераправы першых паветрана-дэсантных войскаў, баявая амуніцыя, калекцыя зброі, баявыя ўзнагароды, франтавыя лісты і паштоўкі, фатаграфіі, асабістыя рэчы і дакументы ўдзельнікаў бітвы за Дняпро.

У 2015 годзе была праведзена рэканструкцыя цэнтральнай плошчы Лоева пад мемарыяльны комплекс «Бітва за Дняпро». Так экспазіцыя музея падоўжылася адкрытай пляцоўкай вайсковай тэхнікі, дзе размясціліся супрацьтанкавая і дывізіённая гарматы, гаўбіцы, цяжкая самаходная ўстаноўка, танк, легендарная баявая машына, вядомая народным прозвішчам «Кацюша».

На цэнтральнай плошчы Лоева на Алеі Герояў залатымі літарамі нанесены імёны воінаў, удастоеных звання Героя Савецкага Саюза за баі на лоеўскім плацдарме.

Імёны, якія нельга забываць

— Жыхары Лоева і раёна захоўваюць светлую памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны. На тэрыторыі Лоеўшчыны — 38 воінскіх пахаванняў Вялікай Айчыннай вайны, дзе пахавана звыш 12 тысяч воінаў, з іх 43 — Героі Савецкага Саюза, — адзначае дырэктар Музея бітвы за Дняпро Вікторыя Яшчанка.

Супрацоўнікі музея сумесна з гісторыкамі працягваюць работу па ўстанаўленні імён загінулых у гады вайны.

— Удакладняюцца новыя спісы беззваротных страт. Апошняе імя, якое ўдалося ўстанавіць сёлета, — Ангеліны Насовай. Яна была сапёрам і загінула пры размініраванні вёскі Астравы Лоеўскага раёна, — дадае дырэктар.

Вікторыя Аляксандраўна падкрэслівае, што сёння іх установа выконвае вялізную патрыятычную і педагагічную задачу.

— Падзеі ваенных гадоў — ужо гісторыя, гісторыя гераічная, якую мы не маем права забываць. 

Сучасным дзецям, здараецца, складана гэта асэнсаваць. Але дзеці і падлеткі шчыра, са слязамі на вачах рэагуюць і запамінаюць жыццёвыя гісторыі герояў, — тлумачыць Вікторыя Яшчанка. — Расказваем пра 18-гадовага разведчыка, Героя Савецкага Саюза Барыса Царыкава, пахаванага ў брацкай магіле ў Лоеве. У баях за пераправу на Дняпры ён разам з групай мінёраў самым першым фарсіраваў раку, пад ураганным агнём саперніка першым урываўся ў траншэі фашыстаў з аўтаматам і ручнымі гранатамі, знішчаў ворагаў, тым самым забяспечыў пераправу 1-га стралковага батальёна. 15 кастрычніка 1943-га пад шквалістым агнём Барыс Царыкаў пяць разоў пераправіўся праз Днепр, падабраў больш за 50 чырвонаармейцаў з розных часцей, арганізаваў іх у групы і звёў у баявыя парадкі батальёна. У наступных баях за пашырэнне плацдарма на правым беразе Дняпра 18-гадовы хлопец ішоў у атаку ў першых радах, натхняў асабістым прыкладам іншых байцоў на баявыя подзвігі. Просім моладзь прадставіць, што перажывалі героі, калі рызыкавалі жыццём за радзіму, выратоўвалі сваіх баявых таварышаў. Гэта вельмі важна, каб увогуле зразумець, хто такі сапраўдны патрыёт.

З гонарам землякі згадваюць гісторыю камандзіра ўзвода разведкі 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі Ірыны Паповай. Жанчына і яе байцы забяспечвалі вельмі важнымі данымі, рэкагнасцыроўкамі фашыстаў падраздзяленні 61-й і 65-й армій. Ірына Папова загінула на тэрыторыі Лоеўскага раёна і знайшла вечны спачын у вёсцы Дзеражычы. У гэтым населеным пункце знаходзіцца самае буйное воінскае пахаванне — 2032 салдаты і афіцэры, загінулыя пры фарсіраванні Дняпра і вызваленні Лоеўскага раёна, 12 з пахаваных воінаў — Героі Савецкага Саюза.

У гісторыю вызвалення малой радзімы сваё імя ўпісаў і просты вясковы жыхар. Фёдару Іванавічу Чучвагу падчас вайны было за 50 гадоў, ён разабраў свой дом, каб зрабіць лодкі для чырвонаармейцаў. Са жніўня 1941 года да кастрычніка 1943-га вясковец перавозіў праз Днепр лоеўскіх партызан атрада «За Радзіму», а часам і гомельскіх, з атрада «Бальшавік». Падчас вызвалення раёна дзясяткі разоў Фёдар Іванавіч пабываў на правым беразе Дняпра і перавёз на лодцы каля 400 байцоў і афіцэраў, а таксама вялікую колькасць боепрыпасаў.

Увогуле, сярод жыхароў Лоеўшчыны — пяць Герояў Савецкага Саюза. У гарпасёлку ў гонар аднаго з іх — Аляксея Васільевіча Казлова — названа школа. Гэтага ўраджэнца Лоева называюць беларускім Марэсьевым. Аляксей Васільевіч здзейсніў больш за 246 баявых вылетаў. У сакавіку 1944 года падчас задання быў збіты фашыстамі. Дзякуючы свайму майстэрству лётчык пасадзіў машыну за лініяй фронту, шэсць сутак цяжка паранены дабіраўся да сваёй часці. У шпіталі лётчыку ампутавалі абмарожаныя ногі. Працягнуў службу лётным інструктарам. Цікавы факт: у 1948 годзе Аляксей Васільевіч Казлоў вярнуўся ў родны Лоеў і адкрыў першую ў гарпасёлку дзіцячую бібліятэку.

— Дзеці бачаць, як у нашай краіне шануюць памяць аб загінулых героях Вялікай Айчыннай вайны, як мы даглядаем брацкія пахаванні, працягваем пошукавыя работы, каб устанавіць кожнае імя, — звяртае ўвагу дырэктар Музея бітвы за Дняпро Вікторыя Яшчанка. — Дзяцей і падлеткаў гэта вельмі кранае і натхняе вывучаць і захоўваць гераічную спадчыну нашага народа.

Фота аўтара і з архіва Музея бітвы за Дняпро

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю