Сёння, 14 кастрычніка, праваслаўная царква адзначае адно з вялікіх царкоўных святаў — Пакроў Прасвятой Багародзіцы.
Дарэчы, да яго прымеркаваны Дзень маці, які ў нашай краіне ўстаноўлены ўказам Прэзідэнта ў 1996 годзе.
Сёння, 14 кастрычніка, праваслаўная царква адзначае адно з вялікіх царкоўных святаў — Пакроў Прасвятой Багародзіцы.
Дарэчы, да яго прымеркаваны Дзень маці, які ў нашай краіне ўстаноўлены ўказам Прэзідэнта ў 1996 годзе.
Свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы — адна з найважнейшых праваслаўных урачыстасцяў, якія адзначаюцца восенню. Пакроў не ўваходзіць у лік 12 галоўных гадавых святаў царквы, паколькі прысвечаны падзеям, якія адбыліся пасля ўзнясення Божай Маці, аднак ён мае вялікае значэнне для вернікаў.
Гісторыя свята пераносіць вернікаў у пачатак X стагоддзя, у сталіцу Візантыі — Канстанцінопаль.
Да горада падступілі ворагі, і жыхары сабраліся для малітвы ва Улахернскім храме, дзе захоўваліся найвялікшыя святыні: рыза (адзенне) і амафор (галаўное покрыва) Багародзіцы.

Там здзяйсняў усяночную святы Андрэй Юродзівы са сваім вучнем Епіфаніем. А чацвёртай гадзіне ночы яны ўбачылі Прасвятую Дзеву, якая ішла па паветры, азораную нябесным святлом. Яе суправаджалі Іаан Прадцеча, апостал Іаан Багаслоў і мноства святых і анёлаў у белай вопратцы, якія спявалі святыя песні. Багародзіца зняла з галавы бліскучае покрыва (амафор) і распасцерла яго над народам, які стаяў у храме. Гэты цуд стаў знакам заступніцтва і суцяшэння для народа.
Неўзабаве пасля гэтага паднялася бура, якая раскідала варожы флот, і горад быў выратаваны.
Галоўнай падзеяй у дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы, як і ва ўсе астатнія царкоўныя святы, з’яўляецца служба. Яна пачынаецца напярэдадні: 13 кастрычніка здзяйсняецца ўсяночная, а раніцай — літургія.
У епархіях традыцыйна ладзяцца дабрачынныя акцыі: валанцёры перадаюць цёплыя рэчы і прадукты ў сацыяльныя цэнтры і дамы састарэлых, прымяркоўваючы гэту дапамогу да завяршэння сельскагаспадарчага цыкла і надыходу халадоў.
Свецкія віншаванні традыцыйна закранаюць тэмы сямейнага дабрабыту, душэўнага цяпла і абароны ад бед.
Малітва на Пакроў — гэта перш за ўсё прашэнне аб дапамозе і заступніцтве. Вернікі звяртаюцца да Божай Маці з просьбамі:
Аб абароне ад бед, бачных і нябачных ворагаў. Гэта галоўная просьба Пакрова: аб тым, каб Багародзіца атуліла ад небяспек, злых людзей і спакус.
Аб міры ў краіне і аб тых, хто яе абараняе.
Аб блізкіх і іх здароўі. Просяць аб выздараўленні хворых, аб дабрабыце бацькоў, дзяцей і ўсіх родных.
Аб сям’і і доме. Моляцца аб згодзе паміж мужам і жонкай, аб міры ў доме і аб тым, каб сям’я была пад абаронай Багародзіцы.
Аб дзецях. Маці просяць аб здароўі дзяцей, аб дапамозе ім у вучобе і жыцці.
Аб шчаслівым замужжы. Па народнай традыцыі з Пакрова пачыналася пара вяселляў, і дзяўчаты прасілі Багародзіцу аб добрым жаніху.

У царкве нагадваюць: жыццё хрысціяніна напоўнена цяжкасцямі, выпрабаваннямі, сітуацыямі, калі, здавалася б, не відаць выхаду. Але мы не адны, на нашым духоўным шляху ў нас ёсць Памочніца, чыё заступніцтва адчулі, без выключэння, усе пакаленні хрысціян. Божая Маці і сёння ўзносіць свой Пакроў над усімі, хто мае патрэбу ў яе дапамозе. Але як тады, у тую старажытную ноч, хрысціяне, якім пагражала небяспека, не бяздзейнічалі, а знаходзіліся ў руплівай малітве, так і мы сёння, калі просім пра нешта Бога, Яго Прачыстую Маці або святых, павінны і самі старацца зрабіць усё добрае, што ў нашых сілах.
У царкоўнага свята ёсць народныя назвы — Пакроў дзень (Першае зазім’е, Вясельнік, Засідкі, Пакроў-Бацюшка).
Нашы продкі лічылі, што ў гэты час восень з зімой сустракаюцца, і чакалі першы іней, які пакрывае зямлю. Пакроў у цэлым быў для сялян значным святам восені, нейкай мяжой: канчаткова завяршаўся збор ураджаю, хаты пачыналі ўцяпляць мохам, а жывёлу пераводзілі на зімовы корм.
На свята было прынята:
Уцяпляць хату. Да Пакрова канапацілі вокны і шчыліны, упершыню пасля лета грунтоўна тапілі печ. Існаваў звычай «прыпякаць куты»: гаспадыні пяклі бліны і частавалі імі хатняга духа, каб у хаце ўзімку было цёпла.
Пераводзіць жывёлу на зіму. З Пакрова жывёлу больш не выганялі на пашу і пераводзілі ў хлеў на зімовае ўтрыманне. Пастухі атрымлівалі плату за летнюю пашу.
Збірацца на вячоркі. З Пакрова пачыналіся доўгія асенне-зімовыя вечары. Моладзь збіралася на вячоркі, а жанчыны садзіліся за прадзенне, шыццё і рукадзелле.
Гатаваць святочны стол. На Пакроў пяклі пірагі і караваі, варылі кашу, частавалі родных і суседзяў. У вёсках ладзілі кірмашы, дзе прадавалі ўраджай і закуплялі ўсё неабходнае на зіму.
Пачынаць вясельную пару. Галоўнай народнай традыцыяй Пакрова быў пачатак вясельнага сезона. Лічылася, што сям’я, створаная ў гэты дзень, будзе пад асаблівым заступніцтвам Багародзіцы. Дзяўчаты на выданні з раніцы беглі ў храм паставіць свечку: існавала павер’е, што тая, хто зробіць гэта першай, раней за ўсіх выйдзе замуж.

З надвор’ем у гэты дзень звязвалі мноства прыкмет, па якіх меркавалі аб надыходзячай зіме:
Калі жураўлі паляцелі да Пакрова — зімой быць лютым халадам, калі пасля — зіма будзе мяккай.
Калі вецер дзьме з поўдня — зіма будзе цёплая, з поўначы — будзе шмат снегу, з захаду або ўсходу — суровая.
Калі на Пакроў выпаў снег, то і Дзмітрыеўская бацькоўская субота (7 лістапада) будзе снежная.
Калі дуб і бяроза да Пакрова не скінулі лісце — зіма будзе суровай.