Top.Mail.Ru

14 юнакоў і дзяўчат з розных ВНУ Беларусі змагаліся за званне «Студэнт года»

Яркімі эмоцыямі расфарбаваў канец зімы фінал рэспубліканскага праекта «Студэнт года», які прайшоў у Мінскім гарадскім палацы культуры. На працягу ўсяго 2024-га каля 150 студэнтаў па ўсёй краіне ўдзельнічалі ў адборах спаборніцтва на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі. Гэта і конкурс прамоўніцкага майстэрства, і абарона праектаў, і творчы нумар. Да таго ж усе ўдзельнікі павінны былі мець высокі сярэдні бал — не менш за «8», а таксама займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, удзельнічаць у грамадскім жыцці ўніверсітэта і горада. У выніку ў фінал выйшлі 14 юнакоў і дзяўчат з Мінска, абласных цэнтраў, а таксама Баранавічаў і Наваполацка.


— Як вядома, час выбраў нас, а моладзь выбірае час. Менавіта пад гэтым слоганам праходзіць ужо 14-ы сезон праекта, упадабанага ўсімі без выключэння студэнтамі краіны. На працягу некалькіх месяцаў юнакі і дзяўчаты рыхтавалі свае творчыя нумары ў атмасферы адзінства, — адзначыў першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Аляксандр Лук’янаў.

Паводле яго слоў, «Студэнт года» — гэта праект, які дае магчымасць раскрыць творчыя таленты маладых людзей, і таму на працягу некалькіх гадоў пераможцы ўключаюцца ў фонд Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

— Сёлета мы ўкаранілі новыя формы. Падчас інтэрактыўнай гульні ўдзельнікі прапаноўвалі свае рашэнні для папулярызацыі рабочых спецыяльнасцяў і рэалізацыі ініцыятыў у галіне інфармацыйных тэхналогій і штучнага інтэлекту. Гэта ўнікальная магчымасць прадэманстраваць ідэі не толькі ВНУ, але і ўсёй краіне, — дадаў ён.

Аляксандр Лук’янаў адзначыў, што ў год 80-годдзя Перамогі важным крытэрыем ацэнкі з’яўляецца ўзровень патрыятызму ў нумарах маладых людзей.

— Вядома, журы будзе ацэньваць удзельнікаў па паспяховасці, развіцці талентаў і творчасці. Упэўнены, гэта свята канкурсантам запомніцца, мы ўбачым новых зорачак студэнцкай аўдыторыі, — адзначыў перад пачаткам мерапрыемства першы сакратар ЦК ГА «БРСМ».

Усяго фінал уключаў два асноўныя конкурсы: «Візітная картка» і творчы конкурс «Код поспеху». А ўпрыгожылі шоу дэфіле, падчас якіх гледачам прадэманстравалі калекцыю эксклюзіўных касцюмаў, створаных спецыяльна да мерапрыемства маладым дызайнерам і мадэльерам Мікітам Захарчуком. Да таго ж напярэдадні асноўнага конкурснага дня фіналісты прайшлі інтэлектуальнае выпрабаванне, падчас якога трэба было дакладна і аргументавана адказаць на пытанні экспертаў на працягу 30 секунд. Удзельнікі таксама абаранялі свае праекты на «Студэнцкім хакатоне».

Асноўнай тэматыкай конкурсу ў 2025 годзе стаў «Час магчымасцяў». Так, скрозь прызму поспехаў кожнага асобна ўзятага студэнта неабходна было паказаць усе перспектывы росту, якія сёння ёсць у кожнага маладога беларуса.

Гэта ідэя счытвалася ў нумарах многіх удзельнікаў, сярод якіх быў і студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай Уладзіслаў Прозараў. Ён нават напісаў верш для творчага конкурсу.

— У вершы я расказваю пра перспектывы Беларусі. Аднойчы ў мяне з’явілася думка парэфлексаваць на гэтую тэму. У сучасным свеце моладзь часам не задумваецца аб тым, што краіна робіць для нас. У сваім вершы я хацеў паказаць Беларусь такой, якой адчуваю яе сам, каб іншыя таксама ўбачылі яе ва ўсіх фарбах, — адзначыў малады чалавек.

Здзіўляла сваёй неверагоднай энергетыкай, харызмай, а таксама новымі падыходамі студэнтка БДЭУ Юлія Каваленка. Яе візітная картка была прадстаўлена ў фармаце спецвыпуску навін, а творчы нумар уразіў прафесіяналізмам і відовішчнасцю.

— Асноўная ідэя ў тым, што мая гераіня — жанчына з разбітым сэрцам. Сімвал яе эмоцый — ружа ў азоце, якую я разбіла ў пачатку нумара. У танцы мы бачым яе пакуты і пошукі. Але ўсё заканчваецца добра, і ў фінале яна сустракае сапраўднае каханне. Фінальная кропка нумара — пялёсткі руж, якія зверху ляцяць на артыстаў. Такі прыём з тэхнічнага пункту гледжання на «Студэнце года» раней не выкарыстоўвалі, — падзялілася дзяўчына.

Яшчэ да пачатку конкурсу ў фіналісткі быў добры настрой:

— Я прачнулася і зразумела, што сёння еду скараць сцэну і заваёўваць любоў гледача.

І ў яе ўсё атрымалася. Па выніках усіх конкурсных выпрабаванняў менавіта Юлія Каваленка стала «Студэнтам года». Другое месца дасталася студэнту Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Барысу Бараноўскаму. Трэцяе месца — студэнтцы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі Дар’і Васільевай. А намінацыю «Студэнт года ONLІNE» атрымаў Аляксандр Івашчанка з Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю