Top.Mail.Ru

17 гадоў токар з Крыжоўкі запісваў гісторыю сваёй зямлі

У маленькай вёсцы Крыжоўка Астравецкага раёна захоўваецца незвычайны летапіс — нататнікі Стэфана Рамейкі, у якіх дзень за днём на працягу 17 гадоў фіксаваліся надвор’е, мясцовыя падзеі і дэталі вясковага жыцця. Гэтыя запісы — не проста лічбы і даты, а жывы голас часу, які сёння захоўваюць нашчадкі і работнікі культуры.



Стэфан Рамейка ўсё жыццё працаваў токарам, прывычка да дакладнасці і ўважлівасці адбілася і ў яго дзённіках. Штодзень ён акуратна заносіў свае назіранні: якая была тэмпература паветра, ці ішоў дождж, ці дуў вецер, а побач — радкі пра тое, што адбывалася ў сям’і і ў вёсцы: хто ажаніўся, калі сеялі жыта, які выдаўся ўраджай. Гэтыя запісы — сапраўдная этнаграфічная каштоўнасць: тут ёсць прыкметы, побытавыя дробязі, рытм вясковага жыцця другой паловы ХХ стагоддзя.

Сёння гэтыя нататнікі — маленькі, але такі важны архіў памяці. «Бацька гаварыў: пра надвор’е забудзеш праз тыдзень, а пра запісанае — ведаеш і праз 30 гадоў», — згадвае Ганна Вялічка, дачка Стэфана Міхайлавіча, у якой сёння захоўваюцца нататнікі. У гэтых сшытках само палатно вясковага жыцця і клопатаў: замаразкі, якія пабілі сад у маі; працяглыя засухі, калі даводзілася паіць скаціну з карыта; зімы, калі снегу не было да самага Раства. А побач — падзеі, якія не траплялі ў афіцыйныя хронікі: хто з’ехаў, хто вярнуўся, які ўраджай сабралі, што пабудавалі, колькі каштаваў хлеб у вясковай краме...


Калі гартаеш гэтыя нататнікі, быццам чуеш ціхі голас самога Стэфана Міхайлавіча. У іх столькі любові да роднай зямлі і павагі да працы. У Варонскім сельскім клубе плануецца цыкл сустрэч, дзе гэтыя дзённікі стануць асновай для краязнаўчых гутарак і творчых заняткаў з дзецьмі: па запісах Стэфана Рамейкі школьнікі змогуць параўнаць надвор’е мінулых гадоў з цяперашнім, прыдумаць кароткія апавяданні пра вясковы побыт і нават стварыць макет «аднаго дня з жыцця Крыжоўкі».

Такія асабістыя архівы нагадваюць: што гісторыя можа пісацца па-рознаму, пачынацца нават з намаганняў і клопатаў пра тое, каб нічога не забыць. І гэта справа Стэфана Рамейкі была не менш важнай як і яго майстэрства токара: ён вытачыў тонкую, трывалую дэталь памяці, якая звязвае пакаленні.

Анастасія СЯНЮЦЬ, загадчыца Варонскага сельскага клуба
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю