Top.Mail.Ru

17 мільёнаў чалавек магло б жыць у Беларусі сёння, калі б не вайна

Беларусаў знішчалі як народ

1100 дзён ішла акупацыя нямецка-фашысцкімі захопнікамі Рэспублікі Беларусь. Мы гублялі больш за 3200 чалавек у дзень — такія даныя былі агучаны падчас круглага стала на тэму генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якая прыйшла да нас 85 гадоў таму. І дагэтуль даследчыкі выяўляюць яе наступствы і сцвярджаюць: «генацыд» — вызначэнне невыпадковае.

Ахвяры і тыя, хто не нарадзіўся

З 2021 года расследуецца крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа, якую распачала Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь. Каб выявіць новыя факты і абставіны, да гэтай справы падключыліся акрамя юрыстаў спецыялісты розных галін — гісторыі, эканомікі і г. д. Комплексныя даследаванні праводзяцца, каб выявіць новыя факты і абставіны гэтых трагічных старонак гісторыі і даказаць, якія рэальныя страты перажыў беларускі народ.

— Нападзенне нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз было часткай плана генацыду савецкага, у тым ліку беларускага народа, — адзначыў супрацоўнік Навукова-практычнана цэнтра праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Ігар Мароз. — Адзін з самых значных вынікаў у кантэксце расследавання — змяненне падыходу ў ацэнцы наступстваў Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Раней мы апелявалі толькі лічбамі адносна тых, хто загінуў. Але трэба звярнуць увагу на тое, што значная частка ахвяр — гэта дзеці, юнакі, маладыя людзі, якія павінны былі стварыць сем’і, нарадзіць і выхаваць наступныя пакаленні. Гэтага не адбылося, таму што яны загінулі. Згодна з дэмаграфічнымі ацэнкамі ў нас з’явілася абгрунтаваная пазіцыя: калі б не было вайны, то на тэрыторыі Беларусі да 2020 года пражывала б амаль 17 мільёнаў чалавек. Калі ўлічваць ненароджаных дзяцей, то мы маем палову насельніцтва — гэта непасрэдны вынік генацыду беларускага народа. Ён мае і эканамічны эквівалент пры тым, што жыццё чалавека не вымяраецца грашыма. Гэта маглі быць працоўныя рэсурсы, якія б рабілі свой унёсак у эканоміку, ва ўнутраны валавы прадукт.

Не спантанная жорсткасць, а спланаваная сістэмная палітыка

Новыя факты знаходзяць адлюстраванне ў выданнях, такіх як «Генацыд беларускага народа». Гэтыя матэрыялы размешчаны на сайце Генеральнай пракуратуры. Акрамя таго, калектывам аўтараў падрыхтаваны Праект навукова-папулярнага выдання «Спаленыя вёскі». У ім зроблены акцэнт на фактах, якія найбольш дазваляюць уявіць сабе маштаб трагедыі: вынішчаныя з жыхарамі вёскі — Хатынь, Боркі, Ала, Дальва і іншыя. Размешчаны і поўныя тэксты архіўных матэрыялаў з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій. Змест накіраваны не толькі на публікацыю жудасных фактаў таго часу, але мае на мэце ўцягненне чытача ў працэс устанаўлення новых даных аб генацыдзе беларускага народа. Андрэй Васілеўскі, галоўны спецыяліст аддзела Навукова-практычнага цэнтра Генеральнай пракуратуры, падкрэсліў:


— Кніга даводзіць, што масавае знішчэнне вёсак не было спантаннай жорсткасцю, а з’яўляецца спланаванай сістэмнай палітыкай ворага. У даступнай форме разбіраюцца сутнасныя палажэнні нацысцкіх праграмных дакументаў — плана «Барбароса», генеральнага плана «Ост», «План голаду», таксама прававыя акты нямецка-фашысцкага камандавання, якія вызвалялі салдат Вермахта ад адказнасці: указ аб ваеннай падсуднасці, загад аб камісарах, дырэктыва «Змрок і туман» і іншыя. Такім чынам, чытач павінен зразумець, як ідэалогія расавай перавагі ператваралася ў канкрэтныя загады па знішчэнні мірнага насельніцтва. Выданне заклікана вырашыць дзве задачы: інфармаваць людзей і фарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю цяперашняга і наступных пакаленняў.

Не было такіх злачынстваў, якія б не здзейснілі акупанты на нашай зямлі, падкрэслівае член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Шпакоўскі:

— Раней, абапіраючыся на савецкую гістарыяграфію, мы лічылі, што на тэрыторыі Беларусі часткова ці поўнасцю былі знішчаны 9200 населеных пунктаў, з іх 186 не аднавіліся да жыцця. Цяпер, па выніках праведзенага расследавання, дадаткова ўстаноўлены 3148 населеных пунктаў, якія былі поўнасцю ці часткова спалены акупантамі, лёс Хатыні паўтарылі амаль 300 вёсак.


На тэрыторыі Беларусі была створана шчыльная сетка лагераў, турмаў, гета, якія дзейнічалі як канвеер катаванняў і забойстваў. За гады акупацыі такіх месцаў было больш за 580, дзе прымусова ўтрымлівалася насельніцтва, — удакладняе намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Павел Трубчык.

У Мінску на наступным тыдні пройдзе ІV Міжнародны антыфашысцкі кангрэс, арганізаваны Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь. Дзяніс Фёдараў, намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік аналітычнага аддзела ўпраўлення інфармацыяй галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы ведамства адзначае: «Мерапрыемства праводзіцца таму, што для нас сёння важна захаваць мірнае неба». Старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй КрывашэЕў удакладняе: «Антыфашысцкі кангрэс — гэта не толькі пра гісторыю, гэта — пра будучыню...»

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю