Top.Mail.Ru

17 сакавіка пачынае работу ХХХІІІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш

Дзеля таго, каб як мага больш людзей наведалі ХХХІІІ Мінскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш, што запрацуе з 17 сакавіка, арганізаваны спецыяльны аўтобусны маршрут — ад станцыі метро «Няміга» да выставачнага цэнтра, што на праспекце Пераможцаў у сталіцы. Ды яшчэ два дні будзе курсіраваць паэтычны аўтобус: вясна ў горадзе з усімі атрыбутамі, адным з якіх ужо традыцыйна стала кніжная выстаўка. Сёлета гэта шэсць паўнавартасных дзён, якія можна правесці з цікавасцю і карысцю, запэўніваюць арганізатары.


— Адной з цэнтральных тэм выстаўкі-кірмашу стане 35-годдзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў — да гэтай даты падрыхтаваны шэраг выдавецкіх праектаў. Кожны дзень будзе прысвечаны асобнай дзяржаве СНД, можна пазнаёміцца з яе традыцыямі і навінкамі літаратуры. Пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў будзе наладжана работа «Міжнароднага квартала». Яшчэ адна важная тэма ўзнікла ў сувязі з тым, што ў нас абвешчаны Год беларускай жанчыны. Рэгіянальныя стэнды прадставяць выдавецтвы з усіх абласцей краіны. Акрамя таго, сёлета на выстаўцы цудоўная, маляўнічая «Дзіцячая пляцоўка», раю звярнуць на яе ўвагу, — падкрэсліла начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Алеся Ігнатава.

Кнігавыдаўцы, якія сёння працуюць у краіне, гатовыя прадэманстраваць вынікі сваёй працы за год. У некаторых яны вельмі адметныя з улікам галоўных тэм. Напрыклад, «Мастацкая літаратура» прадставіць кнігу «Казачны свет». Гэта зборнік казак народаў краін СНД — такіх кніг не выходзіць (звычайна выдаюць казкі нейкай адной краіны). Павінна зацікавіць падарункавае выданне паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» ў афармленні народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.


— Упершыню гэтая паэма цалкам перакладзена на рускую мову (выданні, якія выходзілі за савецкім часам, былі няпоўныя). Андрэй Цяўлоўскі сёння адзін з найлепшых нашых перакладчыкаў, ажыццявіў гэтую справу, — адзначае дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак.

З адметнага — кніга Кандрата Крапівы, якая выйшла да 130-годдзя класіка. На прэзентацыі будзе прысутнічаць яго ўнучка Алена Атраховіч. Тыраж 1000 асобнікаў, але ў выдавецтве сведчаць, што цікавасць ёсць. Байкі Крапівы пачытае вядомы артыст Алег Вінярскі. Цікава паслухаць маладую пісьменніцу Вікторыю Кляўко, якая стала пераможцай конкурсу LіtUP, арганізаванага Міністэрствам інфармацыі Беларусі дзеля падтрымкі маладых талентаў. Першы тыраж яе рамана «Вырай» разышоўся за месяц, яго час ад часу даводзіцца дадрукоўваць. А яшчэ на пачатку гэтага года быў праведзены конкурс «Маладзік» для маладых паэтаў і празаікаў. Вынік: з кнігамі трох празаікаў і трох паэтаў зможа пазнаёміцца айчынны чытач.

Але адна з найбольш значных серый — «Нацыянальная літаратурная прэмія». У яе ўвайшлі творы аўтараў, якія навідавоку з 2015 года, калі прэмія ўручалася ўпершыню. Паводле ініцыятывы Міністэрства інфармацыі, каб паказаць, што сабой уяўляе сучасная беларуская літаратура, кнігі гэтай серыі выходзяць у свет дзякуючы выдавецтвам «Мастацкая літаратура», «Беларусь» і «Звязда».

— З гэтай серыі на нашым стэндзе будуць прадстаўлены кнігі трох аўтараў: Віктара Шніпа, Улады Альхоўскай і Уладзіміра Мазго, — распавядае Святлана Ганцарэвіч, намеснік дырэктара «Выдавецкага дома «Звязда». — З мінулага года вядомы шэраг адметных праектаў, адзін з якіх «Час выбраў», укладальнікам якога з’яўляюцца Вольга Ануфрыева і Максім Осіпаў. Гэты доўгатэрміновы праект, дзе сабрана перыёдыка з 1994 да 2025 года, паказвае, як Беларусь за некалькі дзесяцігоддзяў ператварылася ў развітую высокатэхналагічную дзяржаву. У серыі «Ведаем, ганарымся!» прадстаўлена другая кніга «Вядомыя людзі Беларусі ў партрэтах і нарысах» Ірыны Аўсяп’ян. Яна прадставіць на выстаўцы і сваю паэтычную кнігу. Сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі мы выдалі сёмы том народнага пісьменніка Беларусі, ганаровага старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, сёлета павінны выйсці яшчэ восьмы і дзявяты тамы. Але паколькі наша выдавецтва прыкладна на 80 % выпускае дзіцячую літаратуру, то асноўны акцэнт падчас выстаўкі мы робім на дзіцячую пляцоўку. Шмат яркіх, маляўнічых кніг, можна прыйсці і пазнаёміцца з нашымі аўтарамі. Некаторых мы адкрылі для сябе сёлета. Будзе шмат майстар-класаў, інтэрактыву, можна сустрэцца і паразмаўляць з аўтарамі, купіць кнігу з аўтографам. Ніводны пакупнік не застанецца без сувеніра ад «Выдавецкага дома «Звязда».


Сустрэчы з сучаснымі пісьменнікамі нашай краіны і не толькі абяцае і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Удзельнікамі міжнароднага сімпозіума «Пісьменнік і час» сёлета сталі творцы не толькі з краін СНД, а нават В’етнама, з імі можна будзе сустрэцца падчас шматлікіх мерапрыемстваў у межах выстаўкі. Адно з іх прысвечана прэзентацыі літаратурна-мастацкага выдання «Паэзія подзвігу», створанага сумесна з Музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і выдадзена пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны. Кожны дзень абяцаюць сустрэчы з прадстаўнікамі абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі, у першы дзень гасцямі стануць літаратары Гродзеншчыны. У межах выстаўкі таксама будуць падведзены вынікі конкурсу, які праводзіць Грамадскі савет па маральнасці пры падтрымцы Беларускай праваслаўнай царквы і Саюза пісьменнікаў Беларусі «У Гармоніі з сабой і светам».

Найперш у Беларусі думаюць пра беларускае. Напрыклад, шэраг патрыятычных выданняў прадставіць выдавецтва «Беларусь». Але нават да гадавіны СНД тут зрабілі акцэнт на айчыннай класіцы: новае выданне прадставіць вершы Купалы, Коласа і Багдановіча, якія прадстаўнікі розных народаў змогуць прачытаць на сваёй мове і адчуць магію слоў. Гэтую кнігу прэзентуюць на галоўнай сцэне ў дзень адкрыцця выстаўкі-кірмашу. І гэта толькі пачатак...

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю