Top.Mail.Ru

2024-ы прызнаны самым цёплым годам

Пра тое, што 2024 год пабіў усе рэкорды і стаў самым цёплым у Беларусі за ўвесь перыяд назіранняў, распавяла начальнік аддзела вывучэння змяненняў клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду звестак Белгідрамета Вольга Бакланава.


Паводле яе слоў, у апошняе дзесяцігоддзе сярэдняя гадавая тэмпература паветра ўсё часцей перавышае адзнаку 8,5 градуса пры гадавой норме 7,2 градуса. Да 2015 года такіх высокіх тэмператур не адзначалася. Самым цёплым да апошняга часу быў 2020-ы з тэмпературай 9,1 градуса. Але папярэдні год пабіў гэты рэкорд і стаў самым цёплым за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў.

Начальнік аддзела адзначыла, што сярэдняя тэмпература паветра за мінулы год была вышэйшай за кліматычную норму на 2,3 градуса. Станоўчая анамалія тэмпературы паветра была адзначана на працягу адзінаццаці месяцаў, акрамя студзеня, калі тэмпература была ніжэйшай за кліматычную норму на адзін градус.

Неймаверна цёплым быў верасень, а халодным — студзень

Сапраўды, у леташнім студзені былі зафіксаваны самыя нізкія тэмпературы за год. Мінімум склаў мінус 28,7 градуса. Гэта адбылося 8 студзеня на станцыі Езярышча. А самым унікальным месяцам года аказаўся верасень, які стаў самым цёплым вераснем за ўвесь перыяд назіранняў. Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за першы восеньскі месяц была блізкая да летніх тэмператур і склала 17,5 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 4,8 градуса. У гэты сезон спецыялісты «прыпісалі» верасень чацвёртым месяцам лета. І было за што. Максімальныя тэмпературы паветра на большай частцы тэрыторыі краіны ў верасні дасягалі 27 градусаў, а на поўдні і паўднёвым усходзе — 28 або 30 градусаў і больш. У гэты перыяд зафіксаваны самыя працяглыя за год хвалі цяпла па ўсёй краіне.

У цэнтральнай, паўночнай і паўночна-ўсходняй частках краіны працягласць хваляў такога цяпла склала ад 9 да 27 дзён. У заходняй, паўднёва-заходняй і паўднёва-ўсходняй частках іх назіралася некалькі: з канца жніўня да 9 верасня і з 14 да 27 верасня працягласцю ад 7 да 14 дзён. Прычынай стаў магутны блакавальны антыцыклон над еўрапейскай тэрыторыяй Расіі. «Жыхары Беларусі змаглі атрымаць асалоду ад яшчэ амаль цэлага месяца лета», — дадала Вольга Бакланава.

Супервільготныя —юты і красавік, а сухія — сакавік і май

Найбольшае станоўчае адхіленне ад кліматычнай нормы летась адзначалася ў лютым — 5,2 градуса. Месяц быў і цёплы, і вільготны: у сярэднім выпала 171 % ападкаў ад нормы. Дажджлівым быў і красавік, калі выпала 218 % ападкаў ад нормы, а па асобных пунктах назіранняў перавышаны гістарычныя месячныя максімумы.

Таксама здзівіў і сакавік, які быў цёплы і сухі адначасова. Абноўлены значэнні абсалютнага максімуму па тэмпературы. Вельмі сухі выдаўся і май: у сярэднім выпала толькі 40 % ападкаў ад нормы. Адзначана да 15 дзён з адноснай вільготнасцю 30 % і менш пры норме ад 2 да 7 дзён.

У жніўні — трапічныя ночы, а днём — пад 40 градусаў

А лета 2024 года, як і ў 2021-м, стала адным з самых цёплых. Сярэдняя па краіне тэмпература склала 19,9 градуса, што на 1,9 градуса вышэй за кліматычную норму. Самым гарачым стала 13 ліпеня: на станцыі Жыткавічы слупок тэрмометра паказаў 37,9 градуса. У жніўні ў асобныя суткі месцамі па краіне зарэгістраваны трапічныя ночы, калі мінімальная тэмпература паветра складала 20 і больш градусаў. А з 15 да 31 жніўня назіралася хваля цяпла. Было суха, за месяц у сярэднім выпала 62 % кліматычнай нормы ападкаў.

Восеньскія месяцы, як і снежань, былі вельмі цёплыя. Снежнае покрыва неаднаразова ўсталёўвалася на непрацяглы час, затым знікала. Летась назіраўся амаль увесь спектр небяспечных з’яў: рэзкія замаразкі, моцныя ліўні, ураганныя парывы ветру, выпадзенне граду, анамальная спякота, працяглыя перыяды засухі.

Моцныя ліўні будуць назірацца ўсё часцей

Па словах Вольгі Бакланавай, у сувязі са зменамі клімату ў краіне ўсё часцей фіксуюцца небяспечныя метэаралагічныя з’явы. Летась імі сталі і моцныя ліўні. Калі раней абложныя, грандыёзныя дажджы былі па ўсёй тэрыторыі, то цяпер яны канцэнтруюцца лакальна. Такі анамальны характар выпадзення ападкаў будзе працягвацца ў летнія месяцы ўсё часцей, лічыць айчынны спецыяліст.

Чакаюць эксперты павелічэння колькасці і смерчаў, хоць здараюцца яны досыць рэдка. За ўвесь перыяд назіранняў адзначана каля 30 такіх з’яў. Іх вельмі складана выявіць — у асноўным пра такія выпадкі вядома са слоў відавочцаў, з відэа ў сацсетках, паколькі яны адбываюцца ў асноўным па-за пунктамі метэаназіранняў. Але ў цэлым кліматолагі канстатуюць, што ўраганных вятроў, якія выклікаюць бураломы, ветравалы, стала больш. Па даных Белгідрамета, штогод рэгіструецца да 20 небяспечных прыродных катаклізмаў, большасць носіць лакальны характар. Часта іх складана спрагназаваць, лічаць спецыялісты. Таксама сіноптыкі мяркуюць, што павялічыцца колькасць моцных шквалаў. Тлумачэннем гэтаму служыць анамальнае павышэнне тэмпературы паветра.

Летась таксама фіксаваліся парывы ветру, якія дасягалі крытэрыю небяспечнай з’явы. Назіраліся выпадкі абрыву ліній электраперадач, пашкоджання дахаў жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў, падзення дрэў. Максімальная хуткасць ветру склала 29 м/с і была зарэгістравана 14 ліпеня на станцыі Гомель, а 18 ліпеня — на станцыі Касцюковічы.

Таксама ў ліпені адзначаліся выпадзенні граду, які дасягнуў крытэрыю небяспечнай з’явы (20 мм і больш). У ліпені і жніўні па паўднёвай палове краіны рэгістравалася моцная спякота, калі максімальная тэмпература паветра была 35 градусаў і вышэй. Перыяды з анамальна гарачым надвор’ем у спалучэнні з дэфіцытам ападкаў у жніўні і верасні прывялі да ўзнікнення атмасферных і глебавых засух. Працяглыя перыяды з засушлівымі ўмовамі прывялі ў асобных раёнах краіны да зніжэння ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур і гібелі пасеваў. У гэты перыяд на большай частцы тэрыторыі краіны назіралася таксама і надзвычайная пажарная небяспека (5 клас).

Як адзначыла Вольга Бакланава, мінулы год быў няпросты з пункту гледжання кліматычных асаблівасцяў. Ён пацвердзіў, што змяненне клімату — не далёкая перспектыва, а рэальнасць.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю