Векапомнае
Шэраг значных творчых праектаў і падзей былі прысвечаны 80-годдзю Перамогі. Тут перш за ўсё варта згадаць канцэрт-рэквіем «Кожны трэці», які мелі магчымасць паглядзець людзі з усіх рэгіёнаў. Пранізлівы летапіс нашага народа, які перажыў тую страшную вайну і выйшаў пераможцам, нікога не пакінуў раўнадушным.
Галоўны выставачны праект года — «Дарога да Перамогі», што прайшоў у Міжнародным выставачным цэнтры Belexpo з выкарыстаннем тэхналогій мультымедыя і дапоўненай рэальнасці — дзеля большага паглыблення ў мінулае. І зразумела: гісторыя — гэта не тое, што здарылася некалі, а тое, што сягае ў сённяшні дзень, моцна кранае і ўплывае на свядомасць сучасных людзей. Дзеля гэтага ў Палацы Незалежнасці і ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі была выстаўка «Вялікая Перамога», якая нагадала пра творцаў — удзельнікаў тых падзей праз экспазіцыю «Мастак на вайне. Мастак пра вайну. Мастак пасля вайны». Аматары тэатра наведалі асобны фестываль «Перамога» і адметныя прэм’еры. Некаторыя з іх былі адзначаны сёлета «Нацыянальнай тэатральнай прэміяй» у розных намінацыях (спектакль-рэквіем «Вера» Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы" і «Бах-бах-бах» Магілёўскага абласнога тэатра лялек). І ў кніжнай справе быў шэраг адметных выданняў, прысвечаных генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падзеі больш чым 80-гадовай даўніны цікавяць і сучасных аўтараў (нездарма сёлета адзін з пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў публіцыстыцы — Мікалай Барысенка з кнігай «Буйніцкае поле. Застацца і памерці»). Паказальна, што нават на «Трыенале маладых мастакоў», якое скіравана на пошук новых імёнаў, тэм і форм, у секцыі жывапісу перамагла Ганна Раманенка з творам «Наш абавязак — памятаць»...
Духоўнае
Але патрыятызм — не толькі памяць пра апошнюю вайну, але і веды ды гонар за нашых продкаў, якія ўмелі ствараць і напаўняць жыццё сэнсам. Прыклад вялікага служэння людзям на стагоддзі — наш першадрукар Францыск Скарына. А ў 2025-м адзначалася 500-годдзе выдання «Апостала», пра што нагадалі падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Лідзе.
Наогул, культурныя вандроўкі года былі багатыя і прайшлі па адметных гістарычных духоўных цэнтрах. Напрыклад, у маі адзначалася 1020-годдзе Тураўскай епархіі і
555-годдзе з’яўлення іконы Божай Маці Жыровіцкай — цуд у камяні, які і цяпер дорыць надзею людзям. А па цуды нам ёсць куды паехаць, бо яшчэ адной значнай духоўнай датай у гісторыі Беларусі стала святкаванне 900-годдзя Спаса-Ефрасіннеўскага Полацкага жаночага манастыра. Зразумела, са згадкамі і размовамі пра яго заснавальніцу, якой прысвечаны шэраг цікавых культурных праектаў, у тым ліку дакументальны фільм Уладзіміра Луцкага «Прыстанак святой Ефрасінні», створаны на «Беларусьфільме». Яшчэ духоўны натхняльнік — калісьці буйны духоўны цэнтр Беларусі — Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр на Навагрудчыне, які сёлета адзначыў
800-годдзе, вядзе маштабнае аднаўленне.
Маладзёжнае
Нашы маладыя творцы цяпер усё больш імкнуцца глядзець у будучыню, і дзяржава іх у гэтым падтрымлівае. Напрыклад, Кірыл Халецкі прысвяціў фільм «Класная» маладой настаўніцы, якая па размеркаванні апынулася ў школе аднаго аграгарадка, але, вытрымаўшы супрацьстанне з сучаснымі падлеткамі (а яны што ў горадзе, што ў вёсцы цяпер аднолькава прасунутыя), вырашыла застацца працаваць. У той час Дзмітрый Сарока ў драме «Пераломны момант» паказаў падлеткаў, якія шукаюць сябе, аб’ядноўваюцца ў каманду і ўражваюць сілай характару. Гэта пераломны момант для беларускага кіно і таксама сведчанне айчыннага характару, які скіраваны на тое, каб не апускаць рукі і працаваць на перамогу.
Вось як гэта атрымалася ў маленькай спявачкі Амаліі Сухан, якая сёлета здабыла Гран-пры дзіцячага конкурсу «Славянскі базар у Віцебску». Ва ўдзельніцы Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2025» Валерыі Бернатовіч была сур’ёзная канкурэнцыя, таму яе 1-я прэмія вартая ўвагі і падзякі. Можа быць, на міжнародных фестывалях неўзабаве пабачым і ўладальніцу Гран-пры конкурсу Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі ў Маладзечне Ганну Варанко.
Міжнароднае
Адметнасць беларускай культуры — у яе спадчыне і традыцыях. Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА сёлета папоўніла Неглюбская тэкстыльная традыцыя — сёмая па ліку з Беларусі. «Гэта найскладанейшае мастацтва, — адзначыў міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі. — Тое, што мастацтва — бясспрэчна: прыгажосць. А для таго, каб яе стварыць, трэба шмат сіл, часу і майстэрства. Менавіта з такіх матэрыялаў, менавіта такія малюнкі...». Сертыфікат аб уключэнні традыцыі ў Спіс ЮНЕСКА быў урачыста ўручаны ў Мінску дырэктару Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Наталлі Сафрановіч.
У Веткаўскім раёне Гомельскай вобласці яшчэ жывуць майстрыхі, якія ўмеюць рабіць сапраўднае хараство, распавяла майстар Неглюбскага цэнтра ткацтва Людміла Кавалёва. Сама яна прыехала ў вёску за мужам, але настолькі паглыбілася ў мясцовыя традыцыі, што асвоіла і пачала ствараць цудоўныя рэчы з дзіўнымі ўзорамі, якія ідуць ад прыроды. Мясціны і людзі натхняюць, прызнаецца майстрыха. Але іх мала, патрэбны працяг — адсюль і асаблівы статус «спадчына, якой патрабуецца тэрміновая ахова».
Радасць (у нас такое ёсць!) мяжуе з трывогай (каб жыло далей). Гэта перамога — у тым ліку жыхароў Веткаўскага раёна, якія з пакалення ў пакалення перадавалі трыдыцыю з рук у рукі, спецыялістаў Міністэрства культуры і Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, якія працавалі над дасье і на пасяджэнні ў Нью-Дэлі змаглі даказаць неабходнасць увагі да каштоўнасці беларускага народа. У звароце старшыні Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, міністра замежных спраў Беларусі Максіма
Рыжанкова адзначана, што «толькі праз павагу да суверэннага культурнага выбару кожнай нацыі можна захаваць бясцэнны набытак мінулага для будучых пакаленняў, даючы такім чынам магчымасць нашым нашчадкам, як марыў Багдановіч, «шанаваць роднае, а шануючы роднае, шанаваць і ўсеагульнае чалавечае».
Ларыса ЦІМОШЫК.