Штогод 22 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень водных рэсурсаў, які дапамагае прыцягнуць увагу да экалагічных праблем стану вады на Зямлі. Актуальныя пытанні эфектыўнага і комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў абмеркавалі напярэдадні свята на аднайменнай міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў.
Беларусь у параўнанні з іншымі краінамі добра забяспечана воднымі рэсурсамі: на нашай тэрыторыі знаходзіцца звыш 20 тыс. рэк і больш за 10 тыс. азёр. Усяго запасы (аб’ём) водных рэсурсаў складаюць каля 70 млрд м3, у тым ліку падземных вод — 2,3 млрд м3. Фактычна выкарыстоўваецца толькі 2 % ад усіх наяўных запасаў. Нездарма Па велічыні водных рэсурсаў мы займаем чацвёртае месца ў Еўропе — пасля Нарвегіі, Вялікабрытаніі і Польшчы.
Нягледзячы на такое прыроднае багацце, Беларусь працягвае праводзіць знешнюю і ўнутраную палітыку, накіраваную на ўдасканаленне сістэмы аховы і рацыянальнае (устойлівае) карыстанне воднымі рэсурсамі. Як адзначыла ва ўступнай прамове начальнік аддзела выкарыстання і аховы водных рэсурсаў Мінпрыроды Беларусі Вікторыя Воранава, дзяржаўная палітыка ў гэтай галіне фарміруецца Водным кодэксам, Нацыянальнай стратэгіяй кіравання воднымі рэсурсамі ва ўмовах змены клімату на перыяд да 2030 года. Яна грунтуецца на прынцыпах паляпшэння экалагічнага стану паверхневых вод, папярэджанні іх забруджвання, засмечвання, спусташэння.
Дарэчы, для барацьбы з зарастаннем водных аб’ектаў Мінпрыроды прымаюцца меры па ачыстцы вадаёмаў, набываецца спецыяльнае абсталяванне.— На працягу апошніх некалькіх дзесяцігоддзяў значнае ўдзеянне на водныя рэсурсы аказваюць кліматычныя змены. Назіраюцца сезонныя і гадавыя ваганні аб’ёму рачнога сцёку, узроўню вады. На стан рэк, азёр, вадаёмаў, падземных вод уплываюць колькасць, віды і працягласць выпадзення ападкаў. На працягу апошніх 10 гадоў аб’ём рачнога сцёку фіксуецца ніжэй за сярэднія шматгадовыя значэнні. Павышэнне тэмпературы вады ў рэках і вадаёмах таксама стварае ўмовы для змянення якасці вады, якая прыводзіць у тым ліку да зарастання водных аб’ектаў і, як вынік, змянення іх плошчы, таму ў Год добрапарадкавання значная ўвага будзе ўдзелена ўтрыманню паверхневых водных аб’ектаў у належным стане — расказала спецыяліст.
У цэлым дэфіцыт водных рэсурсаў, неабходных для прамысловасці, малаверагодны, аднак з ім могуць сутыкнуцца суб’екты гаспадарання, якія выкарыстоўваюць паверхневыя водныя аб’екты для патрэб сельскай гаспадаркі, воднага транспарту, малой гідраэнергетыкі. Паводле слоў Веранікі Воранавай, праблем з узроўнем грунтавых вод у цэлым па краіне пакуль не назіраецца дзякуючы зніжэнню аб’ёмаў здабычы вод, укараненню водазберагальных тэхналогій. Толькі ў некаторых асобных наглядальных свідравінах у паўднёвых рэгіёнах рэспублікі на працягу 20 апошніх гадоў адзначаецца зніжэнне ўзроўню грунтавых вод да 1 м.
Падчас канферэнцыі ўзнімаліся таксама такія пытанні, як уздзеянне рыбаводчых гаспадарак на водныя экасістэмы, выкарыстанне трансгранічных вадацёкаў, стан плацін на вадасховішчах Беларусі, арганізацыя маніторынгу падземных вод у некаторых рэгіёнах рэспублікі. Абмеркавалі і ўдасканаленне айчыннай комплекснай геаінфармацыйнай сістэмы гідратэхнічных збудаванняў і ўстройстваў, вопыт і перспектывы выкарыстання падводных робатаў, створаных на базе Санкт-Пецярбургскіага Федэральнага даследчага цэнтра Расійскай акадэміі навук, у індустрыяльнай аквакультуры.
— Такія мерапрыемствы, як III Міжнародная навукова-практычнай канферэнцыі «Актуальныя пытанні эфектыўнага і комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў», сёння вельмі важныя, паколькі пытанні аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў датычацца ўсіх сфер жыццядзейнасці чалавека, — адзначыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў Аляксандр Басарэўскі. — Правядзенне канферэнцыі дазваляе не толькі прэзентаваць актуальныя навуковыя даследаванні, але і абмеркаваць існуючыя праблемы, выпрацаваць магчымыя шляхі іх вырашэння, а таксама наладзіць кантакты для далейшага супрацоўніцтва.
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА