Да рэспубліканскай акцыі «Дай лесу новае жыццё!» далучыліся супрацоўнікі Брэсцкага аблвыканкама на чале са старшынёй Пятром Пархомчыкам. Дарэчы, у Брэсцкай вобласці пастаўлена задача падчас вясновай акцыі пасадзіць лес на плошчы 400 гектараў, на пачатак гэтага тыдня пасаджана ўжо 226 гектараў.
Губернатар і яго намеснікі прынялі ўдзел у працоўнай акцыі на тэрыторыі Кобрынскага доследнага лясгаса, садзілі саджанцы сасны. Пётр Пархомчык падзяліўся ўражаннямі ад добрай справы: «Сёння лесааднаўленне не толькі задача спецыялістаў, гэта грамадзянскі абавязак. Мы садзім дрэвы, якія будуць радаваць нашых дзяцей і ўнукаў... Памятаю, як у дзяцінстве пасадзіў вішню пад акном. Пяць гадоў яна не плоданасіла. Я ўжо злаваўся. А потым вырасла столькі вішань, што хапіла ўсім. Да гэтай пары расце дрэва і радуе. Вось што значыць пасадзіць дрэва — пакінуць часцінку сябе на гэтай зямлі».
Пазней кіраўнік вобласці адзначыў, што ўпор трэба рабіць на перапрацоўку драўніны. Важна выкарыстоўваць рацыянальна тое, што вырасцілі. «Лес — не проста зялёная зона. Гэта стратэгія», — падкрэсліў Пётр Пархомчык.
У працоўнай акцыі таксама прымаў удзел памочнік Прэзідэнта — інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык. «Я вырас на Палессі. Лес люблю з дзяцінства... Ведаеце, як людзі хварэюць морам? Дык вось я хварэю лесам. І вельмі паважаю тых, хто гэтай высакароднай справай займаецца», — прызнаўся Валерый Паўлавіч.
Да акцыі лесаводы Брэстчыны падрыхтавалі 1,3 мільёна сеянцаў і саджанцаў сасны, дуба, бярозы, вольхі, якія вырасцілі ў пітомніках. З часам яны зашумяць новымі лясамі.
Фота Брэсцкага аблвыканкама