Упершыню ў гісторыі
Па запрашэнні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 23-26 мая 2026 года ўпершыню ў гісторыі беларуска-алжырскіх адносін адбудзецца афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь парламенцкай дэлегацыі на чале са Старшынёй Нацыянальнага народнага сходу Парламента Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Ібрагімам Бугалі.
У ходзе візіту запланаваны сустрэчы з кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, наведванне прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, а таксама культурна-гістарычных аб’ектаў нашай краіны.
Мяркуецца абмеркаванне шырокага спектру пытанняў міжпарламенцкага ўзаемадзеяння, а таксама двухбаковага супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах.
Вынікам візіту стане падпісанне Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным народным сходам Парламента Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі.
Беларуска-алжырскае міжпарламенцкае супрацоўніцтва развіваецца па двухбаковай лініі і ў рамках узаемадзеяння ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях. У парламентах Беларусі і Алжыра дзейнічаюць групы дружбы, якія праводзяць абмен візітамі і пасяджэнні ў фармаце відэаканферэнцсувязі, абмяркоўваючы пытанні гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, рэалізацыі дамоўленасцей на вышэйшым узроўні. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь падключыліся да працы Сумеснай Беларуска-Алжырскай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Палаты прадстаўнікоў