23 верасня а 03:05 па мінскім часе Сонца перасекла нябесны экватар і перайшло з Паўночнага паўшар’я ў Паўднёвае. У гэты момант працягласць дня і ночы практычна зраўнялася. Паведаміла Мінская праўда.
У гэты дзень Сонца ўзыходзіць строга на ўсходзе і заходзіць строга на захадзе. Слова «раўнадзенства» (equinox) паходзіць ад лацінскіх aequus (роўны) і nox (ноч).
Пасля раўнадзенства светлавы дзень у Паўночным паўшар’і пачне імкліва скарачацца, прыкладна на 4 хвіліны ў дзень, аж да зімовага сонцастаяння 21 снежня. Тады надыдзе самы кароткі ў годзе дзень.
Раўнадзенства бывае двойчы на год. Увесну — 20–21 сакавіка, і ўвосень — 22 або 23 верасня. У гэтыя дні сонечныя прамяні падаюць проста на экватар, таму абедзве паловы планеты атрымліваюць амаль аднолькавую колькасць святла.

Што раяць рабіць у гэты дзень
У народзе восеньскае раўнадзенства звязана з удзячнасцю за ўраджай, падрыхтоўкай да зімы.
Гэты дзень найлепш правесці спакойна, у коле сям’і, завяршыць старыя справы і падвесці вынікі. Навесці парадак у доме, схадзіць у лазню. Праявіць гасціннасць, дапамагчы тым, хто мае патрэбу, наведаць бацькоў.
Чаго лепш пазбягаць
Сварак і канфліктаў — лічылася, што негатыў вернецца ў павялічаным аб’ёме. Таксама не варта пачынаць новыя праекты і буйныя справы, здзяйсняць імпульсіўныя пакупкі, браць альбо даваць грошы ў доўг. Не варта выпраўляцца ў далёкія паездкі.
Паводле народных прыкмет, сонечны і цёплы дзень абяцае мяккую зіму, а дажджлівы — зацяжную восень. Калі да 23 верасня вішня яшчэ не скінула лісце, восень будзе цёплай і зацяжной. А калі з клёна лісце апала рана, хутка прыйдуць халады.