Што з гэтай нагоды 80 гадоў таму пісала «Звязда».
За 80 гадоў свайго існавання Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, створаная адразу пасля самай крывавай у гісторыі чалавецтва вайны, прайшла розныя этапы. Сёння яна ўжо не з’яўляецца той самай аўтарытэтнай пляцоўкай, дзе знаходзілі вырашэнне глабальныя найважнейшыя пытанні, дзе слухалі і чулі ўсіх. Аднак гэта пляцоўка, хоць у нейкім сэнсе і фармальна, існуе. І Рэспубліка Беларусь (пераемніца БССР) — адна з яе заснавальнікаў. Разам з прадстаўніком СССР (беларусам Андрэем Грамыкам) Статут ААН падпісалі асобна прадстаўнікі савецкіх рэспублік, якія найбольш пацярпелі ў вайну, — БССР і УССР.
Як гэта адбывалася 80 гадоў таму — не цягам аднаго дня, а некалькіх месяцаў, бо падпісваўся Статут у канцы чэрвеня 1945-га, можна прасачыць, пагартаўшы старонкі тагачаснай «Звязды», якая публікавала як матэрыялы з Сан-Францыска, так і поўны тэкст Статута ААН на беларускай мове.
«У зал уваходзіць беларуская дэлегацыя, — паведамляў Міхась Лынькоў (вядомы пісьменнік, які быў у складзе дэлегацыі, а таксама ў ролі карэспандэнта на месцы падзей). — Трашчаць шматлікія апараты фота- і кінарэпарцёраў, успыхваюць сотні фотаўспышак. Час — без чвэрці адна гадзіна дня. Глава дэлегацыі таварыш Кісялёў падпісвае статут і пагадненне...» Пасля адабрэння Статута і другіх дакументаў усе дэлегаты і публіка падняліся і апладзіравалі на працягу некалькіх хвілін.
Але з падпісаннем Статута Арганізацыя Аб’яднаных Нацый яшчэ не пачала існаваць. У многіх краінах Статут павінен быў яшчэ адобраны кангрэсам або парламентам. Таму было прадугледжана, што дакумент уступіць у сілу, калі ўрады Кітая, Францыі, Вялікабрытаніі, Савецкага Саюза, Злучаных Штатаў і большасці іншых краін, якія падпісалі Статут, ратыфікуюць яго і дашлюць аб тым паведамленні Дзяржаўнаму дэпартаменту Злучаных Штатаў.
Нарэшце, 24 кастрычніка 1945 года дакумент уступіў у сілу — гэты дзень адзначаецца як Дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У № 206 за 1945 год у нашай газеце з’явілася нататка: «Сёння ў 1 г. 45 м. па Грынвічу дзяржаўны сакратар ЗША Бірнс падпісаў пратакол, у якім гаворыцца, што Статут Аб’еднаных нацый уступіў у сілу».
У публікацыі змешчаны і пераказ заявы, якую зачытаў дзяржсакратар ЗША на цырымоніі: «Падтрыманне міру залежыць не ад якога-небудзь дакумента, а ад мысляў і пачуццяў людзей. Народы зямнога шара, жадаючыя міру, павінны арганізавацца для таго, каб падтрымліваць гэты мір. Гэты статут прадугледжвае арганізацыю. У цяперашнія дні мы зробім усё магчымае ў супрацоўніцтве з другімі аб’еднанымі нацыямі для таго, каб захаваць мір і садзейнічаць добрабыту ўсіх народаў».
Яна ВАЛАСАЧ