У мерапрыемстве ўдзельнічаў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Тэма камандна-штабных вучэнняў (КШВ) — кіраванне сіламі дзяржаўнай сістэмы рэагавання пры спыненні масавых беспарадкаў ва ўмовах рэзкага абвастрэння аператыўнай абстаноўкі і ўвядзення надзвычайнага становішча.
Па словах Аляксандра Вальфовіча, гэтыя камандна-штабныя вучэнні пакажуць, наколькі органы кіравання сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі гатовыя да рэалізацыі практычных мерапрыемстваў у рамках дзяржаўнай сістэмы рэагавання на акты тэрарызму, дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, незаконных узброеных фарміраванняў:
«Нягледзячы на тое, што вучэнне праходзіць у рамках і пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных спраў, задзейнічаны аператыўныя групы ўсіх структур сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі, — адзначыў Аляксандр Вальфовіч. — Толькі цеснае ўзаемадзеянне ўсіх структур у рамках дзяржаўнай сістэмы рэагавання дазваляе рэалізаваць задачы з належнай якасцю і забяспечыць бяспеку на тэрыторыі нашай краіны».
Кіраўнік дзяржавы, падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч, на сістэмнай аснове ўдзяляе ўвагу ўдасканаленню структур сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі. А раптоўныя праверкі дазваляюць выявіць праблемныя пытанні і павысіць якасць падрыхтоўкі органаў кіравання і воінскіх часцей.
Адкрываючы КШВ, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў адзначыў: «Галоўнае, дзеля чаго мы сабраліся, застаецца нязменным: ад нашага ўмення аператыўна і дакладна адказваць на любыя пагрозы залежаць мір і парадак на вуліцах гарадоў, бяспека грамадзян. Упэўнены, што пастаўленыя мэты і задачы будуць паспяхова выкананы».

Па словах міністра, з улікам актуальных выклікаў і пагроз у гэтым годзе ва ўсіх абласцях і Мінску праведзена баявое зладжванне спецпадраздзяленняў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС, арганізаваны камандна-штабныя трэніроўкі. Аператыўна-сітуацыйныя штабы розных узроўняў паслядоўна ўдасканальвалі метады кіравання задзейнічанымі сіламі.
Асноўны ўпор рабіўся на практыку, адмову ад шаблонаў, развіццё самастойнасці і гнуткасці пры прыняцці рашэнняў, а таксама на стварэнне нестандартных умоў, максімальна набліжаных да баявых, адзначыў Іван Кубракоў. Пасля кожнага занятку праводзіўся падрабязны разбор з аналізам як поспехаў, так і недахопаў. З улікам атрыманага вопыту ўжо прыняты і рэалізаваны комплекс кіраўніцкіх рашэнняў.
Акрамя таго, для падрыхтоўкі да работы пры ўскладненні абстаноўкі прапрацаваны шырокае кола пытанняў, якія датычацца парадку дзеянняў усіх звёнаў сістэмы рэагавання, а таксама дзяржорганаў, асобных прадпрыемстваў і арганізацый. У іх ліку — медыцынская дапамога, пагранічны кантроль, аператыўнае інфармацыйнае рэагаванне на фэйкі ў інтэрнэце, а таксама аснашчэнне спецыяльнымі сродкамі работнікаў МНС, функцыянаванне Мінскага метрапалітэна, карэкціроўка графіка руху пасажырскіх цягнікоў, работа службаў таксі і іншыя кірункі. Іх удасканаленне будзе прадоўжана.
Да вучэнняў, якія працягнуцца да 27 лістапада і аб’яднаюць тэарэтычны і практычны этапы, прыцягнуты супрацоўнікі і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў МУС, прадстаўнікі іншых сілавых структур, органаў улады.
Акрамя таго, як расказаў міністр унутраных спраў, для праверкі зладжанасці ўсіх задзейнічаных службаў упершыню ў ходзе вучэнняў будзе ўведзены рэжым надзвычайнага становішча на тэрыторыі Лунінецкага і Жыткавіцкага раёнаў.
Аміна НАЗАРАВА
Фота МУС Беларусі