Top.Mail.Ru

24 верасня ў Беларусі пройдзе Адзіны дзень бяспекі

Адзіны дзень бяспекі праводзіцца Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь сумесна з іншымі зацікаўленымі ведамствамі (МУС, Міністэрствам аховы здароўя і Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) штогод з 2018 года па ініцыятыве Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі. Штуршком да яго правядзення паслужыла трагедыя ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў расійскім Кемерава, дзе ў 2018 годзе ў выніку пажару загінулі 60 чалавек, з іх 37 дзяцей, яшчэ 79 атрымалі траўмы.


Галоўная мэта мерапрыемстваў у рамках Адзінага дня бяспекі — нагадаць грамадзянам аб неабходнасці захавання правілаў бяспекі, расказаць аб правілах паводзін пры пажарах і іншых няштатных сітуацыях, навучыць алгарытмам аказання першай дапамогі. Арганізацыяй і правядзеннем такіх мерапрыемстваў зоймуцца кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый усіх форм уласнасці. У сваю чаргу, работнікі МНС наведаюць шэраг аб’ектаў: спецыялісты дапамогуць правесці вучэнні па эвакуацыі і дадуць кансультацыі па правільнай арганізацыі трэніровачных заняткаў.


Як адзначыў Дзяніс Жукоўскі, намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі нагляду і прафілактыкі галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, актуальнасць такіх мерапрыемстваў прадыктавана самім жыццём:

— Таму асноўная ўвага будзе надавацца навучанню насельніцтва правільным дзеянням у выпадку ўзнікнення пажараў і іншых няштатных сітуацый менавіта на аб’ектах грамадскага прызначэння: у гандлёва-забаўляльных цэнтрах, культурна-відовішчных установах, спартыўных аб’ектах, а таксама аб’ектах са знаходжаннем дзяцей. Па ўсёй краіне будзе арганізавана 139 тэматычных пляцовак, дзе кожны ахвочы зможа азнаёміцца з тэматыкай Адзінага дня бяспекі. Пералік такіх пляцовак можна знайсці на афіцыйным сайце МНС, — падкрэсліў прадстаўнік ведамства. 

Акрамя таго, для зручнасці кіраўнікоў і работнікаў арганізацый на сайце выратавальнага ведамства створаны спецыялізаваны раздзел, дзе сабраны аўдыё-, відэаматэрыялы і наглядна-выяўленчая прадукцыя па тэме.


Дзмітрый Лях, начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя, акцэнтаваў увагу на важнасці аказання дапамогі пацярпелым яшчэ да прыбыцця прафесіяналаў. Асновамі гэтай дапамогі валодае сёння амаль кожны, у тым ліку дзякуючы навучанню ім ў школе: 

— Мы бачым зацікаўленасць з боку маладога пакалення ва ўменні аказваць першую дапамогу. Таму правілы аказання першай дапамогі ўкараняюцца ў школьныя праграмы, праводзяцца розныя акцыі, такія як «Запусці сэрца», — адзначыў Дзмітрый Лях. — У рамках жа Адзінага дня бяспекі медыцынскія работнікі будуць прымаць удзел у рабоце тэматычных пляцовак у месцах масавага збору грамадзян, у тым ліку пры гандлёвых цэнтрах. Таксама будзе размешчана навучальная інфармацыя на стэндах.

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю