Новы сезон праекта «Зорны шлях», суарганізатарам якога выступае Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, працягвае шукаць таленты сярод тых, хто ніколі не атрымліваў профільнай музычнай адукацыі.
Канкурэнцыя сур’ёзная, жадаючых праявіць сябе нямала ў кожным горадзе. Разам з тым, сёлета шансы на перамогу павышаюцца. Прадзюсары — Андрэй Гузель, Яўген Алейнік, Валерый Шмат, Ірына Дарафеева і Тэа — адбіраюць у свае каманды па два ўдзельнікі з кожнага горада кастынгу. Дарэчы, да ўдзелу дапускаюцца не толькі індывідуальныя выканаўцы.
— У прафсаюзнай культуры — захоўваць і развіваць народную творчасць, падтрымліваць культурныя традыцыі на прадпрыемствах і ў арганізацыях, у працоўных калектывах. Менавіта таму Федэрацыя прафсаюзаў выступае ініцыятарам і падтрымлівае такія сацыяльна значныя культурныя праекты, у якіх найперш могуць удзельнічаць простыя работнікі, ветэраны працы, моладзь. Старшыні прафсаюзных камітэтаў шмат размаўляюць з людзьмі, бачаць у калектывах тых, у каго ёсць жаданне паспрабаваць сябе на вялікай сцэне, у каго ёсць імкненне рэалізаваць сябе ў творчасці. І мы запрашаем да ўдзелу ў праекце такіх людзей, падтрымліваем іх на ўсіх этапах,- расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай і сацыяльна-культурнай работы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Станіслаў Валюк. — Праект не проста так называюць народным. На пляцоўкі кастынгаў прыходзяць людзі абсалютна розных прафесій і ўзростаў. Галоўная задача вакальнага конкурсу — паказаць, што нашы людзі, няхай гэта будзе слесар, швачка, вадзіцель, інжынер або пенсіянер, таленавітыя ва ўсім, у кожным скрыты творчы патэнцыял. Гэтаму таленту толькі неабходна дапамагчы раскрыцца, што і робяць аўтары праекту.
Так, мінулыя кастынгі ў Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях паказалі — цікавасць да праекта велізарная. На праслухоўванне да прадзюсараў прыходзяць сем’ямі. У некаторых гарадах, каб падтрымаць блізкага чалавека, і не рэдкасць ужо — пасля праслухоўвання самі вырашаюцца прыняць удзел і ў той жа дзень рэгіструюцца на кастынг. Напрыклад, у Бабруйску муж з дзіцем прыйшоў падтрымаць жонку, а пасля і сам выступіў перад прадзюсарскай групай.
— Праехаўшы ўжо тры вобласці, мы былі ўражаныя падрыхтоўкай, артыстызмам і харызмай людзей. Практычна ў кожным горадзе ўдзельнікі выконвалі аўтарскія кампазіцыі, прысвечаныя малой Радзіме. Шмат гучала народных песень. Пры гэтым выступленне людзі прадумвалі да дробязяў — ад сцэнічных касцюмаў да руху па сцэне. Гэта практычна гатовыя артысты. Самыя народныя — якія спяваюць аб тым, што іх хвалюе, праз песню выказваюць сваю любоў да блізкіх і краіны ў цэлым, — дадаў Станіслаў Валюк.
Нагадаем, ужо сёння, 21 мая, кастынгі стартуюць у Гродзенскай вобласці. Ваўкавыск, Астравец, Ліда, Слонім, Гродна — прадзюсары гатовы да праслухоўвання. З 26 мая «Зорны шлях» сустракае Гомельшчына — кастынгі пройдуць у Жыткавічах, Рэчыцы, Мазыры, Гомелі і Жлобіне. Завяршае адборачны тур Мінская вобласць — з 3 чэрвеня ўдзельнікаў чакаюць у Мінску, Маладзечне, Салігорску, Барысаве і Дзяржынску.
Крытэрыяў для ўдзелу няшмат: дапускаюцца ўдзельнікі ва ўзросце ад 18 гадоў без прафесійнай музычнай адукацыі. Яшчэ адна абавязковая ўмова — удзельнік павінен быць членам прафсаюза.
Алена КРАВЕЦ