Top.Mail.Ru

25 верасня ў Мінску стартуе першы форум жанчын-навукоўцаў

Аб’яднаць і актуалізаваць ролю жанчын у навуцы, паказаць і папулярызаваць уклад навуковых прац жанчын у вырашэнне задач сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы, а таксама прыцягнуць моладзь у навуковую і навукова-педагагічную дзейнасць прызваны новы праект БСЖ — форум «Роля жанчыны ў навуцы і адукацыі». 


Як адзначыла старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», дырэктар Нацыянальнага філіялу Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Рэспубліцы Беларусь Вольга Шпілеўская, Год беларускай жанчыны накладае асаблівы адбітак на ўсю работу арганізацыі.

— Шмат з таго, што праходзіць сёлета і ініцыявана Беларускім саюзам жанчын, праходзіць з прыстаўкай «упершыню» або «першы», — падкрэсліла яна. — Сабраць жанчын-навукоўцаў, папулярызаваць навуку і працу ў навуцы сярод жанчын — гэта асноўныя мэта і задача, што пераследуе наш форум. 

Паводле слоў Вольгі Шпілеўскай, вельмі важна, каб дзяўчаты, якія прыйшлі ў навуку, разумелі: у іх ёсць перспектывы, іх заўважаюць і бачаць на дзяржаўным узроўні. Асобна старшыня БСЖ звярнула ўвагу на неабходнасць жывых кантактаў паміж навукоўцамі: «Нам бы вельмі хацелася, каб жанчыны навукі паглядзелі адна на адну, каб урэшце гэта супольнасць сабралася ў адным месцы абмеркаваць праблемныя моманты. Пагутарыць, зразумець, што ёсць кропкі судакранання, дзе можа быць наладжана сумесная праца».


Пленарнае пасяджэнне форуму пройдзе 25 верасня на базе Акадэміі навук, але праграма гэтым не абмяжуецца. Запланаваны некалькі тэматычных секцый, якія ахопліваюць найбольш актуальныя напрамкі сучаснай навукі: біямедыцыну і біятэхналогіі, лічбавы сусвет, сацыяльныя і гуманітарныя навукі, плануецца і асобная пляцоўка для маладых навукоўцаў. Усё тое, што сёння хвалюе не толькі жанчын, — над чым працуюць навукоўцы ўсяго свету.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю