Аб'яднаць і актуалізаваць ролю жанчын у навуцы, паказаць і папулярызаваць уклад навуковых прац жанчын у вырашэнне задач сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы, а таксама прыцягнуць моладзь у навуковую і навукова-педагагічную дзейнасць закліканы новы праект БСЖ — форум «Роля жанчыны ў навуцы і адукацыі».
Якія секцыі і іншыя цікавасці чакаюць яго ўдзельнікаў?
Як адзначыла старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», дырэктар Нацыянальнага філіяла Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Рэспубліцы Беларусь Вольга Шпілеўская, вельмі важна, каб дзяўчаты, якія прыйшлі ў навуку, разумелі: у іх ёсць перспектывы, іх заўважаюць і бачаць на дзяржаўным узроўні. Асобна старшыня БСЖ звярнула ўвагу на неабходнасць жывых кантактаў паміж навукоўцамі: «Нам бы вельмі хацелася, каб жанчыны навукі паглядзелі адна на адну, каб урэшце гэта супольнасць сабралася ў адным месцы абмеркаваць праблемныя моманты. Пагутарыць, зразумець, што ёсць кропкі судакранання, дзе можа быць наладжана сумесная праца».
Дарэчы, правядзенню форуму папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа. А своеасаблівым фундаментам для мерапрыемства стала правядзенне яшчэ ў 2016 годзе па ініцыятыве жанчын-навукоўцаў БДУ шэрагу міжнародных канферэнцый пад назвай «Роля жанчыны ў навуцы і адукацыі». Першая з іх сабрала 270 удзельнікаў з 14 краін свету.
Актуальнасць і запатрабаванасць такіх мерапрыемстваў пацвярджаецца і статыстыкай: сярод даследчыкаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі жанчыны займаюць каля 50 %. «З іх 50 % — кандыдаты навук і 22 % — дактары навук, — расказала намеснік акадэміка-сакратара аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Таццяна Гнядзько. — Жанчыны-даследчыкі складаюць 33 % з усіх даследчыкаў, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь».
Пры гэтым за апошнія 20 гадоў адзначаецца выразная тэндэнцыя росту долі жанчын-даследчыкаў у акадэмічнай навуцы. Сярод маладых навукоўцаў жанчыны складаюць 54 %, са ступенню кандыдата навук — 50 %. «Гэта цудоўны рэсурс для далейшага развіцця як навуковых школ, так і павышэння ролі жанчыны ў навуцы, адукацыі і жыцці нашай краіны», — падкрэсліла Таццяна Гнядзько.
Але прыцягненне моладзі ў навуку ўсё роўна застаецца адной з ключавых задач форуму, які адбудзецца, у першую чаргу — у розныя сферы навуковай і навукова-педагагічнай дзейнасці. Моладзі і іх будучыні будзе прысвечана цэлая секцыя — яе арганізуе Савет маладых навукоўцаў пры Міністэрстве адукацыі, расказала намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая: «У нас 46 такіх саветаў створана па ўсёй краіне, таму дзяўчаты літаральна з кожнага куточка Беларусі возьмуць удзел у гэтай секцыі. Раскажуць аб сваіх актуальных навуковых даследаваннях, перспектывах, падзеляцца сваімі знаходкамі, вынікамі навуковых даследаванняў і, вядома, абмяркуюць тыя праблемы, з якімі ім даводзіцца сутыкацца».
Пленарнае пасяджэнне форуму пройдзе 25 верасня на базе Акадэміі навук, але праграма гэтым не абмяжуецца. Запланаваны некалькі тэматычных секцый, якія ахопліваюць найбольш актуальныя кірункі сучаснай навукі: біямедыцыну і біятэхналогіі, лічбавы сусвет, сацыяльныя і гуманітарныя навукі, — плануецца і асобная пляцоўка для маладых навукоўцаў. Усё тое, што сёння хвалюе не толькі жанчын, — над чым задумваюцца навукоўцы ўсяго свету.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД