Прафсаюзныя юрысты працягваюць рэгулярную практыку правядзення ва ўсіх рэгіёнах выязных прававых прыёмаў. Такая форма работы дазваляе работнікам, практычна не адрываючыся ад работы, атрымаць адказы на пытанні, якія датычацца заканадаўства аб працы. Час і месца можна даведацца на афіцыйным Інтэрнэт-партале ФПБ.
Дарэчы, летась па кансультацыю ў рамках выязных прыёмаў звярнуліся больш за 500 чалавек. Часцей за ўсё грамадзян цікавілі пытанні, звязаныя з аплатай працы, прадастаўленнем і разлікам адпускных, бальнічных. Гучалі і пытанні, якія звязаны з прадастаўленнем гарантый па калектыўных дагаворах.
Трэба адзначыць, што паралельна з індывідуальнымі кансультацыямі прафсаюзныя юрысты ў гэты дзень сустракаюцца з працоўнымі калектывамі і праводзяць так званыя дні прававой асветы. Толькі ў мінулым месяцы ўдзел у такіх мерапрыемствах прынялі каля 4 тысяч чалавек. На іх прававыя інспектары працы абмяркоўваюць з работнікамі пытанні прымянення працоўнага заканадаўства, расказваюць аб тыповых сітуацыях з практыкі, даюць рэкамендацыі па абароне працоўных правоў. Тэмы прававой асветы фарміруюцца на аснове найбольш частых запытаў, якія паступаюць у прафсаюзныя арганізацыі.
Як адзначылі ў прэс-службе ФПБ, выязныя прававыя прыёмы — гэта яшчэ адна магчымасць адказаць на запыты і пытанні людзей. Грамадзяне атрымліваюць аператыўную юрыдычную дапамогу, а прафсаюзы ў сваю чаргу — зваротную сувязь аб тым, што сёння найбольш актуальна для працоўных.
Нагадаем, звярнуцца па дапамогу да прафсаюзных юрыстаў можна не толькі падчас правядзення прававога прыёму. Гэта можна зрабіць па тэлефоне, прыйсці на асабісты прыём, пакінуць пісьмовы зварот ці звярнуцца праз спецыяльны сэрвіс на Інтэрнэт-партале ФПБ. Акрамя таго, працягвае работу Міжгаліновы маніторынгавы цэнтр ФПБ — пракансультавацца са спецыялістамі або паведаміць аб працоўнай спрэчцы можна штодня па нумары — 8 801 100 1111 (з 8.00 да 20.00).
Алена КРАВЕЦ