З 27 па 29 сакавіка ў Мінску на «Мінск-арэне» пройдзе 27-я галіновая выстаўка, якая прэзентуе як турыстычны патэнцыял нашай краіны, так і магчымасці іншых экспанентаў. Пра адметнасці сёлетняга мерапрыемства пагаварылі з намеснікам міністра спорту і турызму Алегам Андрэйчыкам.
Як распавёў суразмоўца, сёння гэта самая буйная нацыянальная падзея ў сферы турызму: збяруцца больш за 500 экспанентаў. Акрамя Беларусі, свой патэнцыял прадставяць яшчэ восем краін: Расія (Масква, Санкт-Пецярбург, розныя рэгіёны), таксама ўдзельнічаюць асобныя экспазіцыі Турцыі, Тайланда, Узбекістана, Кубы, Кыргызстана, Палесціны. Упершыню ў выстаўцы прыме ўдзел Султанат Аман.
Намеснік міністра падкрэсліў, што сёлета выстаўка стане самай масавай па колькасці экспанентаў за ўсю гісторыю правядзення. Напрыклад, у 2024-м удзельнічалі 311 экспанентаў.
Адказваючы на пытанне, чым выстаўка будзе адрознівацца ад папярэдніх, Алег Андрэйчык патлумачыў:
— Па-першае, гэта не толькі выставачна-паказальнае мерапрыемства. Яно будзе цікава ў першую чаргу простым наведвальнікам. Летась налічвалася больш за сем тысяч наведвальнікаў, акрамя ўдзельнікаў экспазіцыі і арганізатараў. Сёння кожны ахвотны можа пабываць на выстаўцы. Праўда, ёсць невялікая ўмова: трэба зарэгістравацца на афіцыйным сайце або на тэрміналах, якія ўстаноўлены на ўваходзе непасрэдна ў выставачную залу.
Што датычыцца прафесіяналаў, то арганізатары цалкам перафарматавалі і зрабілі па-новаму дзелавую праграму:
— Акрамя залаў, дзе будзе працаваць кантактна-кааперацыйная біржа B2B, на працягу трох дзён выстаўкі пройдзе ІІІ Міжнародны турыстычны форум. Тэмамі абмеркаванняў панэльнай сесіі стануць «Перспектывы развіцця міжнароднага турызму з Рэспублікай Беларусь», «Новыя напрамкі супрацоўніцтва па развіцці паміж рэгіёнамі Беларусі, Расіі і краін СНД». Пройдзе кейс-сесія «Турыстычныя інфармацыйныя цэнтры. Міжнародны вопыт. Рэалізацыя ў Рэспубліцы Беларусь».
На думку суразмоўцы, будзе цікавай панэльная дыскусія «Прэзентацыя магчымасцяў дзелавога турызму: айчынны і замежны вопыт» і панэль-сесія «Практыка-арыентаваная падрыхтоўка спецыялістаў у турызме: студэнцкія праекты».
— Акрамя айчынных, будуць прадстаўнікі расійскіх вядучых ВНУ. Удзельнікамі стануць не толькі прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэтаў, якія займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў па турызме, але і студэнты. І яны прадставяць свае праекты адносна таго, якой яны бачаць будучыню беларускага турызму, — адзначыў намеснік міністра.
Таксама ён звярнуў увагу на традыцыйную прэзентацыю новых цікавых маршрутаў турыстычных падарожжаў, якія стануць навінкамі ў летнім сезоне 2025 года:
— У нас з’явілася новае паняцце — «тытульны маршрут». У выстаўцы ўжо другі год запар будуць удзельнічаць усе 118 гарадоў і раёнаў Рэспублікі Беларусь акрамя абласных цэнтраў, і кожны прадставіць свае ўнікальныя прадукты, у тым ліку тытульныя маршруты турыстычнага падарожжа. Тытульны маршрут — гэта маршрут, які аб’ядноўвае самыя цікавыя і перспектыўныя аб’екты для першага знаёмства з рэгіёнам. А значыць, фактычна гэта першы маршрут. Як правіла, аднадзённы, працягласцю 5-6 гадзін. Ён можа быць пешы, аўтамабільны, веласіпедны або камбінаваны. Наша задача — адпрацаваць яго так, каб быў даступны і цікавы любому падарожніку. Другое — па гэтых напрамках мы плануем сёлета атэставаць прафесійных экскурсаводаў, гідаў-перакладчыкаў. Такім чынам, падыдзем да фарміравання сур’ёзнага турыстычнага прадукту, які ў комплексе можа прадавацца. Плюс — аб’екты з сэрвісам на маршруце, брэндавыя падзеі ў рамках маршруту.
Алег Андрэйчык акцэнтаваў увагу, што ў ліку задач — пазнавальнасць маршруту, яго навігацыйны складнік:
— З 1 студзеня 2026 года ўваходзіць у дзеянне пастанова Мінспорту аб адзінай арыентавальнай навігацыйнай інфармацыі ў сферы турызму. Мы ўжо да гэтага рыхтуемся, таму сёння ўсе маршруты павінны быць настолькі даступныя, каб было ўсё ясна. Тут і каардынаты, і метраж, і размяшчэнне паміж аб’ектамі, і багацце карт, схем, паказальнікаў.
Другі сегмент, прадстаўлены на выстаўцы, — новыя аб’екты: гатэлі, абноўленыя існуючыя санаторна-курортныя ўстановы, новыя лячэбныя карпусы і паслугі.
— Традыцыйна мы праводзім прэзентацыю рэгіёнаў. Гэта значыць, у дадзеным выпадку разглядаем як рэгіянальную лакацыю з наборам розных паслуг па розных відах турызму, як месца для адпачынку і падарожжаў. Таму такі тэрытарыяльны прынцып захаваўся, — адзначыў суразмоўца.
Для звычайных наведвальнікаў (не толькі прафесіяналаў) арганізатары традыцыйна прапануюць цікавыя разыначкі.
— Першая — анімацыйны складнік. Можна паўдзельнічаць у розных конкурсах, гульнях, пакаштаваць стравы гастранамічнага турызму, атрымаць бонусы, скідкі для таго, каб скарыстацца імі падчас летняга турыстычнага сезона. Натуральна, будзе вельмі шмат цікавага і карыснага, — анансуе Алег Андрэйчык.
Ён дадаў, галоўнае — паказаць сваю краіну.
— Напрыклад, упершыню на выстаўку да нас прыязджаюць міністр турызму і гасціннасці Зімбабвэ, іншыя кіраўнікі дастаткова высокага ўзроўню. Таму будзе цікава і карысна, — запэўніў намеснік міністра.
Маргарыта ЗАРОЎКІНА