Двухпалатны парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь — быў утвораны па выніках рэспубліканскага рэферэндуму, які адбыўся 24 лістапада 1996 года. Менавіта па ініцыятыве Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі быў праведзены гэты рэферэндум, на якім народ падтрымаў новую рэдакцыю Канстытуцыі. Гэта рашэнне стала адным з ключавых у станаўленні сучаснай палітычнай сістэмы краіны — дзякуючы правільнай палітыцы кіраўніка дзяржавы была створана двухпалатная сістэма, якая забяспечвае якаснае заканадаўства і надзейную абарону інтарэсаў грамадзян.
На брыфінгу ў прэс-цэнтры Дома прэсы абмеркавалі, як двухпалатны парламент стаў прававым фундаментам суверэннай Беларусі.
Па словах члена Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Анжалікі КУРЧАК, за 30 гадоў была праведзена вялікая работа па ўдасканаленні айчыннага заканадаўства. «Многія прынятыя законы не мелі аналагаў у беларускай прававой сістэме і замежным заканадаўстве, напрыклад, Закон „Аб нарматыўных прававых актах“, Кодэкс аб культуры і Выбарчы кодэкс. Работа парламента ацэньваецца не па колькасці актаў, а па сацыяльнай накіраванасці, і гэта адметная рыса нашага заканадаўства», — адзначыла дэпутат.
Член Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Віктар Азаронак звярнуў увагу: «Ажыццяўленне дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў сваіх паўнамоцтваў на прафесійнай аснове дазволіла перанесці асноўны аб’ём заканатворчай дзейнасці ў профільныя пастаянныя камісіі і павысіла эфектыўнасць работы над законапраектамі». Ён паведаміў, што заканатворчы працэс па ініцыятыве Прэзідэнта вядзецца на планавай аснове. І акцэнтаваў увагу, што ў аснове ўдасканалення заканадаўства ляжаць вывучэнне сітуацыі на месцах, грамадская думка і звароты грамадзян і юрыдычных асоб.
Як заўважыў член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Ігар ПАШКОЎ, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі і згоды ў грамадстве — безумоўны прыярытэт для беларускага парламента. «За апошнія гады прыняты шэраг законаў, накіраваных на абарону суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу, процідзеянне экстрэмізму і тэрарызму. Стратэгічнымі дакументамі з’яўляюцца Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына, зацверджаныя рашэннямі Усебеларускага народнага сходу. Важна ўзаемадзеянне парламентарыяў у рамках Парламенцкай Асамблеі АДКБ, каардынацыйная нарада якой прайшла ў Мінску ў кастрычніку гэтага года», — падкрэсліў ён.
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Ала СМАЛЯК падкрэсліла, што беларускія парламентарыі актыўна працуюць на міжнароднай арэне, праўдзіва расказваюць пра краіну і транслююць пазіцыю Беларусі як прыхільніка добрасуседства, раўнапраўнага ўзаемавыгаднага дыялогу і шматпалярнасці свету. «Беларусь з’яўляецца паўнапраўным членам дзясяткаў міжнародных арганізацый, і голас беларускіх парламентарыяў упэўнена гучыць на пляцоўках многіх міжнародных форумаў. Міжнародная дагаворная база пастаянна папаўняецца новымі дакументамі аб двухбаковым супрацоўніцтве з парламентарыямі іншых краін», — сказала яна.
Надзея ЗУЕВА