Top.Mail.Ru
271

30 кастрычніка ва ўсіх рэгіёнах пройдуць прафсаюзныя прававыя прыёмы

У апошні чацвер месяца па традыцыі прафсаюзныя юрысты правядуць прыём грамадзян ва ўсіх рэгіёнах краіны. Кожны ахвотны зможа задаць спецыялістам пытанні, звязаныя з працоўнымі адносінамі, пенсіённым заканадаўствам, і атрымаць кваліфікаваную дапамогу ў вырашэнні працоўных спрэчак з наймальнікамі. Як паказвае практыка, такая форма работы запатрабавана ў працоўных: толькі на вераснёўскім прававым прыёме прафсаюзным юрыстам паступіла звыш 570 зваротаў.


— Асаблівая каштоўнасць такіх прыёмаў — у даступнасці і аператыўнасці. Чалавек можа звярнуцца па кансультацыю або дапамогу непасрэдна ў раёне пражывання. Пры гэтым у большасці выпадкаў сітуацыі, з якімі звяртаюцца людзі, вырашаюцца ў гэты ж дзень, — адзначылі ў прэс-службе ФПБ. — Так, напрыклад, падчас мінулага прыёму звярнулася жанчына, якой да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту заставалася паўтара года, а кантракт наймальнік з ёй заключыў толькі на год. Асцерагаючыся быць звольненай за паўгода да пенсіі, яна прасіла дапамогі ў падаўжэнні працоўных адносін. Прафсаюзны юрыст аператыўна звязаўся з наймальнікам, растлумачыў, што работнікі перадпенсіённага ўзросту маюць асаблівыя гарантыі ў частцы захавання працоўных адносін, выдаў рэкамендацыі па прывядзенні ўмоў кантракта ў адпаведнасць з заканадаўствам. 

У шэрагу іншых выпадкаў аператыўна разгледжаны пытанні па выплаце работніку незаконна ўтрыманых грашовых сродкаў, вырашэнні канфлікту работніка з наймальнікам, дадзены кансультацыі, дзякуючы якім работнікі змаглі правільна вырашыць тыя ці іншыя сітуацыі, звязаныя з адыходам у водпуск, жаданнем перавесціся на няпоўны працоўны дзень, атрымаць дапамогу ў аздараўленні і інш.

Разам з тым паступаюць на прафсаюзныя прыёмы і звароты, якія патрабуюць дэталёвай прапрацоўкі, а часам — і звароты ў суд. Адзін з апошніх прыкладаў — просьба работніка, які ў хуткім часе збіраецца на пенсію, дапамагчы аднавіць дакументы, што пацвярджаюць стаж у асаблівых умовах працы за некалькі гадоў. 

— У прафсаюзаў ужо ёсць напрацаваная практыка вырашэння такіх сітуацый. І ў гэтым выпадку па дамоўленасці з работнікам прафсаюзны юрыст акажа ўсю неабходную дапамогу і падтрымку для вырашэння пытання ў судзе, — адзначылі ў прэс-службе ФПБ.

Канкрэтны час і месца прафсаюзнага прыёму ў кожным раёне ці горадзе можна даведацца ў абласных (Мінскім гарадскім) аб’яднаннях прафсаюзаў.

Алена КРАВЕЦ

Чытайце таксама: ФПБ далучылася да дабрачыннага праекта па падтрымцы людзей з абмежаванымі магчымасцямі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю