Увечары 31 студзеня на тэлеканале «Беларусь 1» гледачоў чакае прэм’ера трэцяга сезона ўжо любімага многімі музычнага шоу «Фактар.by 60+». А значыць, вакалісты элегантнага ўзросту зноў выйдуць на сцэну, каб у чарговы раз давесці, што сапраўдны талент і мары не маюць тэрміна даўнасці.
Праект дае магчымасць скарыць прафесійную сцэну артыстам паважанага ўзросту, многія з якіх упершыню выступяць перад шырокай аўдыторыяй. У гэтым сезоне да этапу тэлекастынгаў дайшлі 24 удзельнікі, а ўжо іх лёс на шоу будзе вызначаць кампетэнтнае журы. Па-ранейшаму туды ўваходзяць Аляксандр Саладуха, Віктар Бярэзін, Вікторыя Алешка і Аляксандра Гайдук. Менавіта яны будуць вырашаць, хто пройдзе далей. У сваю чаргу канкурсанты поўныя энергіі і энтузіязму, каб здзіўляць глядачоў і журы сваімі гісторыямі і яркімі выступленнямі.
На сцэне і за кулісамі на працягу шасці тыдняў праекта падтрымліваць удзельнікаў будуць вядучыя Павел Лазовік і Алена Спірыдовіч. Таму глядзіце новы сезон шоу па пятніцах на тэлеканале «Беларусь 1» у вячэрнім эфіры. Прэм’ерны першы выпуск сёння ў 20.50. Калі ж хочацца даведацца больш пра закуліссе праекта і бліжэй пазнаёміцца з яго ўдзельнікамі, то глядзіце дзённікі шоу.