Наша важкае слова ў харчовай бяспецы.
Наша важкае слова ў харчовай бяспецы.
У Мінскім міжнародным выставачным цэнтры ўрачыста стартаваў Беларускі аграпрамысловы тыдзень, які аб’яднаў адразу некалькі міжнародных спецыялізаваных выставак. Галоўнай падзеяй самага маштабнага сельскагаспадарчага форуму краіны, безумоўна, стала юбілейная «Белагра-2025». Карэспандэнты «Звязды» далучыліся да цырымоніі адкрыцця.
Менавіта выстаўка «Белагра» — адна з самых буйных і знакавых падзей у АПК нашай краіны. Яна з’яўляецца не толькі пляцоўкай для дэманстрацыі дасягненняў, але і ўнікальнай магчымасцю абмяняцца вопытам, наладзіць новыя дзелавыя кантакты і ўмацаваць існуючыя сувязі. Тут прадстаўлены найлепшы айчынны і міжнародны вопыт у галіне аграпрамысловага машынабудавання, харчовай і перапрацоўчай прамысловасці. Дарэчы, сёлета у выстаўцы бяруць удзел 545 кампаній з 14 дзяржаў. Расія, Кітай, Іран, В’етнам, Казахстан і не толькі — геаграфія краін, зацікаўленых у супрацоўніцтве з аграрным сектарам нашай краіны даволі шырокая.
Маштабы растуць, тэхніка ўдасканальваецца
Намеснік Прэм’ер-міністра Юрый ШУЛЕЙКА падчас старту Беларускага аграпрамысловага тыдня адзначыў, што «Белагра» з года ў год дынамічна развіваецца і становіцца ўсё больш вядомай у свеце: «Маштабы выстаўкі растуць, колькасць удзельнікаў павялічваецца кожны год! Сёння тут прадстаўлена звыш 550 павільёнаў і экспазіцый, сярод якіх экспанаты вядучых расійскіх рэгіёнаў, краін — удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Асабліва радуе пашырэнне геаграфіі нашых партнёраў: прадукцыя, прадстаўленая на выстаўцы, запатрабаваная больш чым у 100 дзяржавах планеты, уключаючы Афрыку і Азію».
Гаворачы аб развіцці сельскай гаспадаркі, Юрый Шулейка вылучыў ролю айчыннага машынабудавання, без якога немагчыма ўявіць увесь ланцужок вытворчасці, пачынаючы ад тэхнікі і заканчваючы канчатковым прадуктам на стале спажыўца: «Менавіта дзякуючы сумеснай рабоце розных галін эканомікі забяспечваецца харчовая незалежнасць рэспублікі і далейшы экспарт прадуктаў харчавання».
Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар КАРАНКЕВІЧ у размове з журналістамі адзначыў: «Напэўна, складана сёння ўявіць развіццё аграпрамысловага комплексу без выкарыстання эфектыўнай сучаснай тэхнікі, абсталявання, механізмаў. Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы сельгасмашынабудаванне і ў цэлым аграпрамысловы комплекс дынамічна развіваюцца. Гэта дае вынікі ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, яе рэалізацыі на ўнутраным рынку і павелічэнні аб’ёмаў яе пастаўкі на экспарт».
На выставе прадэманстраваны шырокі асартымент той тэхнікі, абсталявання, механізмаў, якія ўжо добра сябе і зарэкамендавалі, а таксама новыя ўзоры. «Тут ёсць і ўсім вядомыя збожжа- і кормаўборачныя камбайны вытворчасці «Гомсельмаш», гэта і тэхніка МТЗ, і прычапное, навясное абсталяванне вытворчасці «Бабруйскаграмаша», «Лідсельмаша» і іншых беларускіх вытворцаў. Гэта дае магчымасць паказваць, наколькі дынамічна развіваецца наша сельгасмашынабудаванне, «— расказаў віцэ-прэм’ер.
Сярод новых узораў тэхнікі — пяцісотсільны трактар МТЗ, які зараз праходзіць выпрабаванні і ў хуткім часе ўжо будзе працаваць на беларускіх палях.
Па словах Віктара Каранкевіча, вельмі шмат зроблена ў рамках імпартазамяшчэння — камплектуючыя, вузлы і агрэгаты ўжо беларускай вытворчасці. «У нас дастаткова высокі ўзровень сумеснай кааперацыі з расійскімі калегамі, — сказаў ён. — На пляцоўцы „Белагра“ можна таксама паказаць, наколькі павышаны наш тэхналагічны суверэнітэт і асвоены новыя кампетэнцыі ў беларускім сельгасмашынабудаванні».
Важная пляцоўка для прафесіяналаў
Намеснік генеральнага сакратара Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва Джанеш КЕЙН на звярнуў увагу, што свет сутыкаецца з комплекснымі праблемамі, адна з якіх — харчовая бяспека, у забеспячэнні якой Беларусь адыгрывае важную ролю. У нашай краіне займаюцца вытворчасцю ў тым ліку тэхнікі, угнаенняў. Краіны — члены Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў сваю чаргу з’яўляюцца аднымі з найбуйнейшых сусветных вытворцаў і спажыўцоў аграрнай прадукцыі. «Таму такі форум — вельмі своечасова, гэта пляцоўка для абмену меркаваннямі, вопытам, абагульнення работы», — дадаў Джанеш Кейн.
Сярод удзельнікаў «Белагра» шмат прадстаўнікоў расійскіх рэгіёнаў. Кіраўнік прадстаўніцтва Ніжагародскай вобласці ў Беларусі Андрэй ДУДКІН адзначыў, што галоўная задача ўдзельнікаў гэтага аграпрамысловага форуму — пашырэнне гандлёва-эканамічных узаемаадносін: «З улікам плённых шматгадовых сувязяў паміж прамысловасцю і эканомікай нашага рэгіёнуаі Беларусі, мы разлічваем на больш глыбокія ўзаемаадносіны — кааперацыйныя, інтэграцыйныя сувязі, выйсці на стварэнне сумесных прадпрыемстваў, прадуктаў».
Па словах Андрэя Дудкіна, ужо ўдалося дамовіцца аб шэрагу сустрэч: «Днямі ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры адбудуцца перагаворы з прадстаўнікамі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў, — дадаў Андрэй Дудкін. — Гэта вельмі важная пляцоўка для перагаворнага працэсу паміж прафесіяналамі».
Шматлікія кампаніі хочуць супрацоўнічаць з Беларуссю, адзначыла кіраўнік Цэнтра падтрымкі экспарту Ніжагародскай вобласці Аляксандра БЯССОНАВА: «Ніжагародская вобласць — прамысловы рэгіён. Для нас вельмі цікава ўсё, што адносіцца да прамысловасці, машынабудавання, хімічныя праекты. Вядома, цікавасць выклікаюць сумесныя з Беларуссю праекты для продажу за межы Саюзнай дзяржавы. Цікавасць да вашай краіны не згасае: сяброўскія адносіны з боку партнёраў, падобная мова, менталітэт — вельмі важныя складнікі для бізнесменаў».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА