Новая пара года — новыя правілы догляду скуры. Вясна — гэта калі раніцай і познім вечарам яшчэ халаднавата і сыра, а днём — цеплыня ці нават горача. І шчыльны зімовы крэм ужо становіцца «цяжкім», што адчуваецца кожнай клетачкай.
Якасны догляд скуры вясной у хатніх умовах — рэч цалкам рэальная. Гэтак жа, як мы чысцім зубы двойчы на дзень, двойчы на дзень мы даглядаем і твар.
Вясна дыктуе свае правілы ў доглядзе.
Правіла № 1: мяняем формулы
Калі зімой мы выкарыстоўвалі шчыльныя пажыўныя тэкстуры, якія абараняюць скуру ад нізкіх тэмператур, то цяпер яны могуць нашкодзіць. Пры плюсавай тэмпературы тоўсты пласт крэму ляжыць на паверхні скуры мёртвым грузам, утвараючы тлустую камедагенную плёнку.
Пераходзьце да лёгкіх формаў, якія актыўна ўвільгатняюць, хутка ўсмоктваюцца і дазваляюць скуры дыхаць. Што павінна быць у саставе? Гіялуронавая кіслата — каб насыціць тканкі вільгаццю, кераміды — каб аднавіць ахоўны бар’ер, гліцэрына і муцын смаўжа — каб вырашыць праблему абязводжанасці, сквален і раслінныя алеі — каб дапамагчы сухой скуры.
Не забывайце, што тлустай скуры таксама неабходна ўвільгатненне: няхай гэта будуць лёгкія флюіды і гель-крэмы. А пры змешаным тыпе скуры ёсць сэнс выкарыстоўваць розныя прадукты для розных участкаў твару. Флюід або гель — на Т-зону, больш насычаны крэм — на шчокі, як больш схільныя да перасыхання.
Правіла № 2: вяртаем ззянне
Першы крок да таго, каб пазбавіцца ад «сумнага» адцення твару — падключыць стараннае (але асцярожнае!) штодзённае ачышчэнне. Наша скура, як і любая іншая паверхня, дрэнна адлюстроўвае святло, калі на яе паверхні збіраюцца забруджванні. Не прапускайце ранішняе і вячэрняе мыццё з далікатным сродкам, не кажучы ўжо пра добрасумленнае выдаленне макіяжу пры яго наяўнасці.
Важна чысціць не толькі твар. Для многіх з нас вясна — час расхламлення, а значыць, пара выкінуць з касметычкі «старую» дэкаратыўку, у якой ужо назапасіліся бактэрыі, і як след памыць усе макіяжныя пэндзлі.

Другі крок да зіхатлівай скуры — антыаксідантны догляд. Надышоў час мякка асвятляльных сродкаў з антыўзроставым эфектам.
Пасля таго, як вы пераканаліся, што рэсурсы скуры адноўлены — ваша скура не рэагуе адчуваннем пякоты і пачырваненнем на кантакт з вадой, вы не адчуваеце дыскамфорт пасля нанясення крэму — тады вы можаце пачынаць уводзіць актывы.
Дадавайце антыаксіданты! Класічны антыаксідант — вітамін С у стабільных формах, карыснымі будуць транексамавая кіслата, рэсвератрол. Усе гэтыя кампаненты нададуць яркасць адценню вашай скуры.
Правіла № 3: выдаляем лішняе
Канец зімы — ідэальны час, каб выдаліць адмерлыя клеткі, якія назбіраліся на паверхні скуры. Але лепш аддаць перавагу не цвёрдым скрабам (іх пакіньце для цела), а мяккім гель-скаткам, тонер-пэдам, пілінг-сывараткам і энзімнай пудры.
Дарэчы, шмат каго цікавіць: ці можна ўвесну рабіць пілінг? Звычайна гэта працэдура праводзіцца да красавіка, калі сонца яшчэ не выйшла на пік актыўнасці. Аднак спецыялісты рэкамендуюць зараз спыніцца на ферментатыўных (энзімных) пілінгах, якія таксама называюць усесезоннымі: малочным, азелаінавым, міндальным, саліцылавым. Таксама дазволены некаторыя віды апаратных пілінгаў, якія падбіраюцца спецыялістам індывідуальна.
Калі вы толькі плануеце ўвесці ў свой догляд кіслоты, не пачынайце адразу з высокіх канцэнтрацый і агрэсіўных саставаў. Звярніце ўвагу на глюканалактонавую кіслату. Яна мякка адлушчвае скуру, выраўнуе адценне, але не выкліча адчування сухасці і сцягнутасці.
Правіла № 4: санскрын абавязковы
Ужо з лютага сонца становіцца больш актыўным. А з пачаткам вясны пачынае «дарыць» нам небяспечныя дозы ўльтрафіялету. Вядома, сонцаахоўны крэм разумна выкарыстоўваць круглы год, але ў цёплую і ясную пару года індэкс аховы павінен складаць не менш за 30.

І калі вас напаткала заканамернае жаданне пагуляць на вуліцы ўдзень, ловячы вітамін D, лепш максімальна засцерагчы скуру. Дапоўніце SPF-сродак сонечнымі акулярамі і шыракаполым галаўным уборам (кепка таксама падыдзе).
Дарэчы, лепш не выкарыстоўваць сонцаахоўны крэм, які застаўся ў мінулым годзе. Хімічныя фільтры пасля адкрыцця ўпакоўкі маюць уласцівасць акісляцца. У фізічных — часціцы з часам пачынаюць зліпацца. У абодвух выпадках ахова становіцца ўжо не такой эфектыўнай, так што «заляжалы» санкрын лепш абнавіць.