Top.Mail.Ru

40 маладых людзей атрымалі пашпарты ад Пяткевіч і Лук'янава

Урачыстае мерапрыемства адбылося ў Зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе 40 маладых людзей атрымалі свой галоўны дакумент. У рамках усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі» пашпарты маладым людзям уручылі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч і член Савета Рэспублікі, першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў.


— Моладзь павінна ўвабраць дух пакалення пераможцаў, усвядоміць унёсак Беларусі ў Вялікую Перамогу і яе значнасць на міжнароднай арэне. Сама ідэя правядзення такой цырымоніі абсалютна правільная, бо атрыманне пашпарта — гэта значная падзея, — адзначыла Наталля Пяткевіч.

Паводле яе слоў, сёлета акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!» набывае асаблівы сэнс, паколькі праходзіць у год 80-годдзя Вялікай Перамогі.

Акрамя таго, Наталля Пяткевіч дадала, што важна з самага пачатку закладваць асновы, каб маладыя ўсведамлялі тое, што яны становяцца паўнацэннымі грамадзянамі, атрымліваюць правы і, самае галоўнае, пачынаюць несці адказнасць за лёс сваёй краіны.

Аляксандр Лук’янаў, звяртаючыся да юных грамадзян, падкрэсліў, што юнакі і дзяўчаты атрымалі асаблівы дакумент, які з гэтага часу будзе абараняць іх як унутры краіны, так і за яе межамі.

— Гэты дакумент як кніга, у якую вы будзеце ўпісваць самыя яркія старонкі вашага жыцця, — адзначыў ён.

Атмасфера на мерапрыемстве была па-сапраўднаму святочная. Добры настрой забяспечылі падарункі ад музычных калектываў і добрыя словы ад спікераў. Гэта ўрачыстая падзея надоўга застанецца ў памяці юных грамадзян і іх бацькоў.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю