Роў матораў разарваў вясновую цішыню, і бясконцы картэж матацыклістаў урачыста праехаў па галоўным праспекце сталіцы — адбылося адкрыцце рэспубліканскага мотасезона
Стартавала калона ад Нацыянальнай бібліятэкі. У ёй знайшлі сваё пачэснае месца прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі і госці з Расіі. Фінальным пунктам парада стала вуліца Кастрычніцкая — традыцыйны цэнтр маладзёжнай вулічнай культуры сталіцы. Тут удзельнікаў чакала забаўляльная праграма, музыка і жывыя зносіны. Галоўным арганізатарам мерапрыемства традыцыйна выступіў мотаклуб IRON PRIDE MC BELARUS. Рэспубліканскае адкрыццё мотасезона-2026 адбылося ярка, маштабна, з сапраўдным байкерскім размахам.
Наперадзе ў матацыклістаў тысячы кіламетраў дарог, новыя маршруты і фестывалі. Крэатыўныя адкрыцці байкерскага сезона пройдуць і ў іншых гарадах Беларусі: 26 красавіка — у Пінску; 9 мая — у Оршы; яшчэ праз тыдзень — у Паставах.
Аляксандр ГРЫГОР’ЕЎ
Фота аўтара