Top.Mail.Ru

5–6 чэрвеня ў Гродне адбудзецца XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур

Адзінства праз разнастайнасць


У нашай краіне прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў жывуць у міры і ўзаемаразуменні. Гэта прызваны прадэманстраваць і фестываль у Гродне, дарэчы, юбілейны. Хто ўжо бываў на ім, ведаюць: там заўсёды пануе шчырая атмасфера сяброўства. А ўвогуле, гэта датычыцца не толькі фестывальных дзён.

Захаванне гістарычнай спадчыны, паважлівае стаўленне да нацыянальных традыцый і згуртаванасць грамадства з’яўляюцца асновай стабільнасці і паступальнага развіцця дзяржавы. Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мікалай БУЗІН, менавіта на гэтых каштоўнасцях грунтуецца сучасная сістэма міжнацыянальных адносін у Беларусі.

— Сёння адзінства нацыі — гэта той краевугольны камень, які дазваляе дзяржаве ўпэўнена глядзець у будучыню, развівацца і будаваць сваю палітыку, — падкрэсліў парламентарый.

Па словах Мікалая Бузіна, Рэспубліка Беларусь здолела захаваць унікальную атмасферу міжнацыянальнага міру і ўзаемнай павагі. На параўнальна невялікай тэрыторыі краіны пражываюць прадстаўнікі больш як ста нацыянальнасцяў, і пры гэтым нацыянальнае пытанне ў Беларусі вырашана прынцыпова мірным шляхам.

Асаблівую ўвагу ён звярнуў на тое, што беларускае грамадства захоўвае ўнутранае адзінства нават ва ўмовах складаных міжнародных працэсаў. У якасці прыкладу Мікалай Бузін прывёў нядаўняе святкаванне Рамадана ў Мінску, дзе на тэрыторыі мячэці сабраліся прадстаўнікі розных канфесій — мусульмане, праваслаўныя, іудзеі, пратэстанты.

На думку дэпутата, нацыянальнае адзінства немагчыма разглядаць асобна ад пытанняў рэлігіі, грамадскіх інстытутаў і грамадзянскай адказнасці. Менавіта таму Беларусь на працягу многіх гадоў паслядоўна фарміруе заканадаўчую базу, накіраваную на захаванне міжнацыянальнай згоды.

Мікалай Бузін нагадаў, што права кожнага чалавека захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць і свабодна вызнаваць рэлігію замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Пры гэтым работа над удасканаленнем заканадаўства працягваецца. Па словах парламентарыя, сёння практычна ўсе нарматыўныя акты, якія датычацца канфесійных адносін, ужо прыведзены ў адпаведнасць з сучаснымі рэаліямі. У цэнтры ўвагі застаецца Закон «Аб нацыянальных меншасцях у Рэспубліцы Беларусь», прыняты яшчэ ў прошлым стагоддзі.

Аднак Беларусь не ідзе шляхам рэзкіх рашэнняў, канстатаваў Мікалай Бузін:

— Мы сем разоў адмераем — адзін раз адрэжам. Нас гісторыя навучыла таму, што не трэба рабіць паспешлівых крокаў. Любы крок павінен быць усебакова ацэнены.

Менавіта дапрацоўцы заканадаўчай базы будзе прысвечана абмеркаванне, якое Палата прадстаўнікоў плануе правесці ў рамках Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне. Форум, які даўно стаў адной з найбуйнейшых культурных пляцовак краіны, зноў збярэ прадстаўнікоў розных дыяспар, нацыянальных аб’яднанняў і грамадскіх арганізацый.

— Мы нічога не навязваем. Мы ідзём ад жыцця, вывучаем неабходнасць і мэтазгоднасць змяненняў, — падкрэсліў Мікалай Бузін. — А сам фестываль з’яўляецца жывым прыкладам беларускага грамадскага адзінства. Гэта дэманстрацыя таго, што ў нашым вялікім доме жывуць прадстаўнікі велізарнай колькасці нацыянальнасцяў, але ўсе мы працуем дзеля аднаго — дзеля будучыні роднай Беларусі.

Ён нагадаў і пра тое, што ў нашай краіне няма «асобных» народаў — ёсць беларускія татары, беларускія палякі, беларускія рускія і гэтак далей, аб’яднаныя агульным лёсам і агульнай адказнасцю за сваю дзяржаву.

Асобную ўвагу Мікалай Бузін удзяліў самому працэсу заканатворчасці. Па яго словах, у Беларусі заканадаўчыя рашэнні прымаюцца не фармальна, а пасля шырокага грамадскага абмеркавання і аналізу магчымых наступстваў. У якасці прыкладу ён прывёў работу над абноўленай Канстытуцыяй краіны, калі грамадзяне накіравалі больш за дзевяць тысяч прапаноў.

Сёння Беларусь працягвае развіваць уласную мадэль міжнацыянальнага міру, заснаваную на павазе, дыялогу і захаванні гістарычнай памяці. І менавіта гэта, на думку Мікалая Бузіна, застаецца адной з асноў беларускай дзяржаўнасці:

— Мы адзіны народ, які жыве на гэтай тэрыторыі і робіць усё, каб наша жыццё станавілася лепшым і каб нам было што перадаць нашым дзецям.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю