Мацярдушка звычайная
Яна ж арэгана. Гэта шматгадовая травяністая расліна выкарыстоўваецца як араматычная і лекавая. Нарыхтоўваюць яе пры цвіценні. Ужываюць мацярдушку ў якасці адхарквальнага сродку пры захворваннях дыхальных шляхоў, дапаможа яна і пры некаторых захворваннях страўніка і кішэчніка, палепшыць страваванне і павысіць апетыт. Вонкава ўжываецца пры піядэрміі і атапічным дэрматыце. А ў кулінарыі расліна надасць смакавы акцэнт мясным стравам, соусам і падліўкам.
Шалфей лекавы
Адварамі і настоямі з лісця шалфею лекавага можна паласкаць рот і горла пры стаматытах, кроватачывасці дзёснаў, ангінах. Вонкава адвары і настоі шалфею прымяняюцца пры выпадзенні валасоў і запаленчых захворваннях скуры. Мае моцны рэзкі водар, таму ўваходзіць у склад шматлікіх прыпраў для агароднінных, мясных, рыбных страў.
Любіста
Валодаючы спецыфічным пахам, лісце гэтай шматгадовай расліны выкарыстоўваюць для араматызацыі кандытарскіх вырабаў, напояў, марынадаў, пры гатаванні салатаў і соусаў. Настоі і адвары каранёў любісты дапамогуць пры захворваннях нырак і мочавыводзячых шляхоў. Спрадвеку любісту выкарыстоўваюць у якасці адхарквальнага сродку і для паляпшэння сну.
Календула
Гэтыя аранжавыя кветкі ўпрыгожаць прысядзібны ўчастак і дапамогуць адпудзіць кузурак-шкоднікаў. За кошт ярка выяўленых антысептычных, супрацьзапаленчых, раназагойных уласцівасцяў настой з кветак ужываюць для лячэння запаленчых захворванняў поласці рота і горла. Жоўцегонныя і спазмалітычныя ўласцівасці календулы дапамогуць пры лячэнні халецыстыту, халангіту, дыскінезіі жоўцевыводзячых шляхоў. Дарэчы, пялёсткі календулы нададуць любым стравам адчувальны рэзкі водар.
Мята перачная
Асвяжальным водарам і смакам расліна абавязана ментолу. Настой лісця мае спазмалітычнае, заспакаяльнае, жоўцегоннае дзеянні. У кулінарыі — дадасць яркі і пазнавальны прахалодны водар любым стравам — ад салатаў і супоў да мяса і напояў.
Але памятайце: ужыванне настояў і адвараў траў з лячэбнай мэтай — справа адказная: абавязкова пракансультуйцеся з доктарам.